25 лютага 2016 г. у вёсках Ветка і Іўкіна Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыліся выступы сталічнага фолк-блюз ансамбля “Балцкі Субстрат”.
Канцэрт у Веткаўскім сельскім доме культуры сабраў блізу шасці дзясяткаў чалавек самага рознага ўзросту і быў прысвечаны юбілею народнага артыста Беларусі, легендарнага стваральніка ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна. Падчас імпрэзы гучалі кампазіцыі з уласнага рэпертуару “Балцкага Субстрату” і класічнага рэпертуару мулявінскіх “Песняроў”, а ў перапынках паміж песнямі музыкамі ладзілася віктарына па творчасці юбіляра на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Пры канцы гэтага сонечнага канцэрта, які прайшоў у вельмі цёплай і сяброўскай атмасферы, на шэрым дагэтуль лютаўскім небе нечакана з’явілася і сапраўднае, нібыта ўжо вясновае, сонейка.
Але нястомныя вандроўныя музыкі з “Балцкага Субстрату” на гэтым не спыніліся. Пасля выступу ў Веткаўскім доме культуры яны накіраваліся ў суседнюю вёску Іўкіна, дзе зладзілі канцэрт для мясцовых жыхароў на прыватнай сядзібе сужонкаў Лявенчыкаў.
Ізноў гучалі для ўсіх песні на словы беларускіх паэтаў (Казіміра Сваяка, Петруся Броўкі, Максіма Танка), ладзілася віктарына, уручаліся падарункі. Вядома ж, памятае Іўкіна на сваім вяку і больш шумныя кампаніі, і свой сельскі клуб, і мясцовы фальклорны калектыў пры ім, ды толькі засталося ўсё гэта няхай і не ў такой ужо далёкай, але гісторыі. Хаця?..