Набліжаюцца калядныя і навагоднія святы, многія з гэтай нагоды ўпрыгожваюць свае працоўныя месцы, кватэры і хаты. Самай простай, распаўсюджанай, але ў той жа час шыкоўнай іх аздобай з’яўляецца выцінанка. 17 снежня Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы прапанаваў наведвальнікам пазнавальна-музычнае мерапрыемства «Выцінанка: мастацтва філігранных узораў з паперы».
Супрацоўнікі музея распавялі гасцям, што традыцыя выразання з паперы прыйшла да нас з Кітая, паказалі ўсім прыклад сучаснай кітайскай выцінанкі “цынь-нань” з фондаў установы. Асаблівую ўвагу арганізатары мерапрыемства звярнулі на адметнасці беларускай выцінанкі. Так, для многіх было адкрыццём, што першыя выцінанкі былі зробленыя чыноўнікамі ў перапынках паміж працай яшчэ ў XVI ст., а актыўнае развіццё яна атрымала ў ХІХ ст. Адраджэнне гэтага віда мастацтва ў Беларусі прыпадае на 1980-я гады, калі яно стала шырока ўводзіцца ў жыццё прафесійнымі мастакамі і народнымі майстрамі.
Вядучыя прадставілі прысутным самабытныя формы, вобразы і сімвалы ў выцінанцы, распавялі аб унікальнай тэхніцы выцінанкі-выбіванкі, распрацаванай на Навагрудчыне. Наведвальнікі зацікавіліся сучасным станам выцінанкі і былі здзіўленыя, што цяпер яе можна ўбачыць не толькі ў якасці дэкаратыўнага элемента інтэр’еру, але і на завушніцах, адзенні, магнітах, нават можна пагартаць Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека ў выцінанцы, якую стварыла Вольга Бабурына. У пазнавальна-інфармацыйны блок мерапрыемства ўвайшлі мультфільмы, створаныя з выцінанак. Пасля тэарэтычнай часткі кожны мог выразаць сваю выцінанку з дапамогай мастачкі музея.
Музычная частка мерапрыемства складалася з выступу эксперыментальнага фолкавага праекта «Балцкі Субстрат», які ўпершыню завітаў у музей у межах грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!». У выкананні калектыва прагучалі беларускія народныя песні і аўтарскія кампазіцыі, прысвечаныя Калядам, блюзавыя мелодыі, а таксама песня, запісаная ад маці Максіма Гарэцкага “Дубровушка”. Меладычнасць, душэўнасць, цеплыня, непаўторнаць, шчырасць спеваў зачаравалі публіку, а самі музыкі адчулі святочную, цёплую атмасферу вечара.
Напрыканцы імпрэзы супрацоўнікі музея разам з гуртом «Балцкі Субстрат» разыгралі прызы ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» на віктарыне.
Анастасія Весялуха-Волкава
Фота Яўгена Волкава