Беларуская асацыяцыя журналістаў названа лаўрэатам сусветнай прэміі ЮНЭСКА / Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы. Такое рашэнне 27 красавіка агучыла журы прэміі.
«Ад самага дня заснавання ў 1995 годзе і да сёння галоўная місія нашай арганізацыі — абарона правоў журналістаў і медыя, — адзначае прэс-служба БАЖ. — На жаль, апошнія гады беларускі медыясектар вымушаны працаваць пад ударам небывалых рэпрэсій з боку ўладаў».
На дадзены момант арганізацыя зафіксавала больш за тысячу выпадкаў парушэння правоў журналістаў: сотні арыштаў, ператрусаў, прымянення гвалту супраць прадстаўнікоў медыя. Разгромленыя рэдакцыі, вымушаны выезд з краіны альбо доўгія гады турэмных тэрмінаў. 24 прадстаўніка медыя за кратамі — у такіх умовах сёння прыходзіцца працаваць беларускім журналістам.
«Увесь гэты час наша арганізацыя працягвала працу для падтрымкі і абароны журналістаў. І будзе рабіць гэта далей. БАЖ расцэньвае высокую ўзнагароду ЮНЭСКА як падтрымку ўсёй незалежнай журналісцкай супольнасці Беларусі. І спадзяецца, што рашэнне аб прысуджэнні прэміі зможа прыцягнуць увагу да пагаршэння сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі», — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы .
Ад ліпеня 2021 года офіс БАЖ у Мінску застаецца заблакаваным пасля нападу сілавікоў, а 27 жніўня 2021 года арганізацыя была пазбаўлена юрыдычнай рэгістрацыі.