У Польшчы завяршаецца галасаванне, якім абіраюць асобу года. Сярод намінантаў на гэтае званне ў намінацыі «Культура» ёсць і беларуска — Вольга Пашковіч, піша belsat.eu.
Вольга Пашковіч. Фота: polskanews.pl
Беларуска намінаваная за самую вялікую калекцыю этнічных лялек (больш як 100 беларускіх, польскіх, украінскіх і расейскіх лялек) уласнага аўтарства, а таксама за правядзенне майстар-класаў арт-тэрапіі і этнаграфіі як для эмігрантаў, гэтак і для палякаў.
«Яшчэ ў Беларусі я захапілася лялькамі-мотанкамі. У працэсе напісання дысертацыі пра турызм у Беларусі вывучала беларускія традыцыі і рамёствы. Я сабрала велізарную колькасць матэрыялу на гэтую тэму. Прыехаўшы ў Польшчу тры гады таму, пастанавіла візуалізаваць усе сабраныя раней матэрыялы пра лялькі. Так з’явілася мая калекцыя, што налічвае ўжо амаль 100 экзэмпляраў. Гэтая калекцыя была выстаўленая летась. За год калекцыя павялічылася на чвэрць. Я планую арганізаваць выставу з больш глабальным ахопам. У маёй калекцыі таксама рэпрэзентаваныя сучасныя лялькі-мотанкі, створаныя на аснове сучасных матываў і патрэбаў», — кажа Вольга Пашковіч.
Лялькі-мотанкі Вольгі Пашковіч. Фота: polskanews.pl
На майстар-класах, што ладзіць Вольга для дзяцей і дарослых, людзі вывучаюць таксама культуру, традыцыі і абрады, звязаныя з гэтымі лялькамі.
«Лялькі — гэта не проста гульня, гэта гісторыя нацыі, ейны твар. На прыкладзе лялек я паказваю, чым яны адрозніваюцца і што абʼядноўвае славянскія народы. Я лічу гэта вельмі важным для захавання нацыянальнае культуры», — адзначае намінантка.
Прагаласаваць за беларуску можна праз спасылку.