Падзеі апошніх гадоў раскідалі беларусаў па ўсім свеце. Аднак вымушаная неабходнасць перамяшчацца па іншых краінах дапамагае яшчэ і сустрэцца. Такім чынам, знаёмцеся — Ігар Жукоўскі, прэзідэнт беларускага творчага аб’яднання «Рок-Ліга». Месца сустрэчы — Тбілісі, жнівень 2022 года.
Скарыстаўшыся магчымасцю, пагаварылі з Ігарам пра тое, як у свой час паўстала «Рок-Ліга» і чаму яна спыніла сваё існаванне, ягоны няпросты шлях у Грузію і планы на будучыню.
Ігар Жукоўскі. Тбілісі, 2022
«Рок-Ліга». Як і пра аграмадную колькасць крэатыўных беларускіх праектаў, пра дзейнасць «Рок-Лігі» можна гаварыць, зразумела, толькі ў мінулым часе. Усё пачыналася ў 2000 годзе ў Мінску, на базе «Рок-Кафэ», у вялізных сутарэннях Палаца культуры МТЗ. Ігар Жукоўскі распрацаваў тады цікавы праект пад назвай «Рок-Манёўры».
«Рок-Манёўры» былі серыяй дастаткова вялікіх зборных канцэртаў, па сутнасці такіх сабе міні-фестываляў, якія праходзілі рэгулярна, прыкладна штомесяц, і мелі паміж сабой жанравыя адрозненні: «Метал-Манёўры», «Панк-Манёўры», «Фолк-Манёўры», «Блюз-Манёўры» і г. д. У іх удзельнічала шмат музыкантаў і гуртоў з усёй краіны. На кожным такім мерапрыемстве публіка шляхам галасавання выбірала пераможцу.
Усе гэтыя міні-фестывалі, якія ладзіліся цягам года, павінны былі выліцца ў фінальны рок-фестываль «Вялікія манёўры». Фэст з вялікім поспехам прайшоў напрыканцы чэрвеня 2001 года. Трыццаць пяць рок-гуртоў выступілі за два фестывальныя дні на дзвюх сцэнах.
Акрамя вышэйзгаданага арганізоўваліся і проста канцэрты — тэматычныя зборныя і сольныя.
«Рок-ліга» таксама прадастаўляла сваю пляцоўку іншым нефармальным аб’яднанням. Напрыклад, Уладзімір Зайчанка, які з 1988 года ўзначальваў Мінскі рок-клуб, ладзіў сумесна з Ігарам Жукоўскім свае традыцыйныя штогадовыяя фестывалі — прысвячэнне Рычы Блэкмару і памяці Джымі Хендрыкса.
Ігар Жукоўскі ў прэс-цэнтры фестывалю «Вялікія Манёўры», 2001
— Мы не бачыліся каля пятнаццаці год у Беларусі, выпадкова сустрэліся ў Тбілісі. Упэўнены, што няпроста ўсё складалася на Радзіме, і першае пытанне пра твой шлях у Грузію.
— Я тут не арыгінальны. Усе, хто прыехаў з пачатку года, прыехалі сюды не на адпачынак. Пасля вядомых падзей 2020 года, пасля ўдзелу ў акцыях і шэсцях — не адразу, праз пэўны час, — пачаліся нейкія званкі, выклікі ў міліцыю, і я не стаў больш чакаць. Напрыканцы 2021 года я паехаў ва Украіну да сваіх добрых сяброў.
— А як сустрэў вайну?
— Мне даводзілася вельмі шмат працаваць. Большасць працы я рабіў на камп’ютары. Часам даводзілася сядзець па начах. 24 лютага я працаваў да раніцы і выйшаў на балкон папаліць. І тут пачалося — выбух за выбухам. Я адразу ўсё зразумеў. У мяне не было ніякіх сумневаў. Праз самы кароткі час мае здагадкі пацвердзіліся. Выехаў на Малдову, потым праз Румынію — на Грузію. Такі шлях.
— Чым займаўся апошнія гады? Пра што сам хацеў бы распавесці?
— Маркетынгам. Раскручваннем пэўных гандлёвых праектаў, прасоўваннем асобных тавараў за мяжой, арганізацыяй рынку збыту. Ну, і яшчэ набыў сабе бас-пяціструннік. Вырашыў аднавіць стасункі з маім асноўным інструментам.
— Значыць, на музыку не забываўся?
— Пасля актыўнага дзвіжу з «Рок-Лігай» — на такое немагчыма забыцца. Музыка ўвогуле па ўсіх прыкметах павінна была стаць справай жыцця. Але вось складаецца так, як складаецца.
«Рок-Ліга» ў свой час выдавала сапраўдныя дыпломы і прафесійна адзначала ўдзельнікаў
— Тут самы час спытацца пра перадгістрыю. У якіх умовах ішло станаўленне Ігара Жукоўскага як аматара музыкі, як музыканта?
— Усё сваё юнацтва, пачынаючы з восьмага класа, я граў у розных вакальна-інструментальных ансамблях ды гуртах.
Я нарадзіўся ў Мінску, сюды ж і вярнуўся, калі вырас. Але паміж гэтым у сталіцы доўгі час не жыў. У дзяцінстве, па спецыфіцы бацькавай працы, мы пераязджалі па ўсёй рэспубліцы: жылі ў Бераставіцы, школу я скончыў у Наваградку, амаль адразу пайшоў у войска, служыў у Германіі, пасля працаваў у Жодзіна, там жа граў з выдатнымі музыкантамі, якія мяне і «камандзіравалі» ў музычную вучэльню імя Глінкі. Там я вучыўся па класе бас-гітары напрыканцы 1980-х, па ўзросце абганяючы асноўную масу маіх сакурснікаў гадоў на пяць-шэсць.
— Ці можна дапусціць, што ты задумваўся пра бязладдзе музычнага жыцця ў тыя часы і ўжо накідваў нейкія планы, як удасканаліць і арганізаваць належным чынам дзейнасць рок-музыкантаў?
— Не ведаю. Хутчэй проста займаўся сваёй справай. Выкладчыкі нам раілі як мага больш граць у розных стылях, працаваць і ў аркестрах, і ў акадэмічных калектывах, але ж таксама і ў джаз- і рок-гуртах. Мы гэтым актыўна займаліся. У мяне былі вельмі цікавыя сакурснікі — клавішнік Сяргей Раінчык, барабаншчык Антон Гаявы (сын Валянціны Гаявой), гітарыст Аляксей Севярынец — адразу па заканчэнні з’ехаў у Нарвегію і граў там у аркестры, саксафаніст Саша Новікаў, які даўно жыве і працуе ў Польшчы, гітарыст Сяргей Слуцкі.
— І вось «Рок-Ліга». З чаго ўсё ж такі пачыналася? Як гэта адбывалася?
— Каб падштурхнуць рух, у якім я браў непасрэдны ўдзел, трэба было знайсці ідэю, якая б спадабалася ўсім рокерам. Як высветлілася, у музыкантаў розных стыляў і ў розных гарадах адны і тыя ж праблемы: няма дзе выступаць, няма рэпетыцыйных кропак, няма сістэмы ў развіцці і прасоўванні сваёй творчасці.
Па-першае, трэба было арганізаваць аўтарытэтную пляцоўку для выступаў. Неабходна было, каб матэрыялізаваўся такі «кацёл, дзе б усё кіпела». Такой пляцоўкай стала «Рок-Кафэ». Было куды запрасіць сталічных музыкантаў і было куды прыехаць з іншых гарадоў і мястэчак.
Далей я пачаў ажыццяўляць такую дзейнасць, як прамоўшн асобных артыстаў і гуртоў у кантэксце супрацоўніцтва з «Рок-Лігай». Пасля выступаў у «Рок-Кафэ», я цягнуў удзельнікаў на інтэрв’ю для музычных папяровых выданняў, на радыёстанцыі.
Удзельнікі рок-фестывалю «Вялікія манёўры»
— Як адгукаліся журналісты?
— З вялікай цікавасцю і павагай. Болей за ўсіх запомнілася Шастакова Воля, журналістка «Камсамольскай праўды», пазней яна з’ехала працаваць ва Украіну. Вельмі ўдзячны Лене Міронавай, рэдактарцы «Ва-Банкъ», якая моцна падтрымлівала нас. Зразумела, «Музычная газета» і Алег Клімаў — бяссменны рэдактар. Выдатная музычная журналістка Таццяна Заміроўская.
Вельмі часта мяне запрашалі на тэлебачанне, напрыклад, у праекце «5×5» удзельнічаў разоў сем. Вядоўцам быў будучая зорка «Еўрабачання», ды ўвогуле расійскага і ўкраінскага тэлебачання — тэлежурналіст Дзмітрый Шэпелеў, які пазней ажаніўся з Жанай Фрыске.
Любым журналістам, якія звярталіся да мяне, я ніколі не адмаўляў. Адзінае, я прасіў, каб яны болей рабілі акцэнт на музыку, больш увагі звярталі на нашых артыстаў, на атмасферу канцэртаў.
— Так разумею, што ты сам дастаткова крытычна ставіўся да музыкі, якую гралі ў «Рок-Кафэ»?
— У мяне не было нейкіх такіх любімчыкаў. У першую чаргу я глядзеў, каб была музыка добрая. Калі мне дасылалі дэма, я папярэджваў — мне не трэба студыйныя запісы, лепей запішыце сваю рэпетыцыю, калі няма канцэртных.
— Як атрымалася, што «Рок-Ліга» пасля столькіх удалых праектаў, пасля наймацнейшай раскруткі ў СМІ, раптам спыніла сваё існаванне?
— Ведаеш, я б не хацеў зараз адказваць на гэтае пытанне. У мяне ў Беларусі яшчэ шмат хто застаўся.
— Шмат хто застаецца на Радзіме, многія з’ехалі, а іншых ужо няма з намі. Пра каго хацеў бы ўзгадаць?
— Пра Сашу Кулінковіча, які быў адзін з галоўных выступоўцаў у «Рок-Кафэ», з якім неаднойчы мы ўдзельнічалі ў радыё- і тэле-перадачах. Яго сыход проста агаломшыў мяне. Таксама сыход Юрыя Навумава быў шокам. Андрэй Плясанаў. Сяргей Раінчык. Валодзя Зайчанка. Усе гэтыя музыканты вельмі дарагія для мяне. Вельмі шкада, што іхны зямны шлях абарваўся дастаткова рана. Выдатныя творцы, сапраўдныя рокеры.
Але вяртаючыся ўсё ж да жыцця, з вялікай павагай і ўдзячнасцю хачу ўзгадаць нашу каманду, якая працавала ў «Рок-Лізе».
— Ці ёсць планы аднавіць на новым узроўні дзейнасць «Рок-Лігі»?
— Толькі ў Новай Беларусі. Ёсць вельмі цікавыя задумкі, хоць і дастаткова складаныя. Спадзяюся, што іхны час хутка прыйдзе.
Ігар Жукоўскі на акцыі салідарнасці з палітвязнямі ў Тбілісі
Ю. Н., budzma.org