Беларуска Лілія Яноўская падняла беларускі сцяг на Эверэст, піша «Еўрарадыё». Разам з дачкой Дар’яй у складзе каманды альпіністаў яна паднялася на самую высокую вяршыню свету 14 мая.
Нацыянальны беларускі сцяг на Эверэсце / facebook.com/liliya.ianovskaia
«Мы неслі беларускі нацыянальны, украінскі і канадскі сцягі ўсю дарогу», — напісала яна пазней у сацсетках. Гэтыя сцягі яны і разгарнулі на вяршыні. Паводле слоў Ліліі, яна верыць «у любоў, спачуванне і разуменне паміж людзьмі ў гэтым свеце. Любоў, праўда і свабода перамогуць».
Гэта ўжо не першая спроба беларускі скарыць Эверэст. Год таму яна была гатовая падняцца на вяршыню, але захварэла на каранавірус.
«Мне шкада, што БЧБ-сцяг так і не быў узняты сёлета над Эверэстам. Але вяршыня нікуды не дзенецца. Гэта абавязкова адбудзецца», — гаварыла яна тады.
Лілія Яноўская нарадзілася ў Івянцы, жыла ў Мінску. У 1990-я сям’я Яноўскай эмігравала ў Канаду. У яе два пашпарты, канадскі і беларускі. Пасля нараджэння трэцяй унучкі Лілія захапілася альпінізмам — ёй тады было 50. Сярод заваяваных вяршыняў — Аканкагуа (6962 м, найвышэйшы пік у Паўднёвай Амерыцы), гара Матэрхорн ў Швейцарыі (4478 м), Рэйнір ў ЗША, стратавулканы ў Перу, Мексіцы і Эквадоры.
Лілія Яноўская (у центры) / .facebook.com/liliya.ianovskaia