Не забыць, як завуць суседа: Андрэй Хадановіч пра беларускія двары восені 2020

Гэтым летам і восеньню часта кажуць, што пра падзеі ў Беларусі абавязкова здымуць блокбастэр ці пасьпяховы сэрыял. Скажу больш: як на мяне, пра сёлетнюю Беларусь ужо зьнялі як мінімум адно вялікае кіно, і тое, што гэта адбылося далёка і задоўга да 2020 году, не перашкаджае мне ні як гледачу, ні як беларусу.


Screenshot_2.jpg

Прыгадайце самі. У вялікім горадзе жыве самотны мужчына, высокааплатны прафэсіянал. Жыве, ня маючы сэнсу існаваньня, апроч сумленнага выкананьня сваёй працы. Але ў нейкі дзень да сям’і ў суседняй кватэры ўломваюцца сілавікі. Людзі са зброяй паводзяцца не як абаронцы закону, а як крывавыя пагромшчыкі, ад якіх варта ратавацца любой цаной. І дзяўчынка-падлетак, якая адна цудам засталася ў жывых, чапляецца за апошнюю надзею і грукаецца ў дзьверы суседа. Калі ён яе ўпусьціць, яна ўратаваная. Ён доўга вагаецца, але ўрэшце ўпускае. Атрымліваючы купу праблемаў (усё скончыцца для яго трагічна), але і адказ на пытаньне пра сэнс свайго жыцьця; урэшце, адкрываючы ў самім сабе новыя вымярэньні чалавечнасьці.

Вядома ж, вы пазналі Леона і Матыльду ў выкананьні Жана Рэно і Наталі Портман. Але пазнаецца таксама і сёньняшні Менск, са зьверствамі сілавікоў, але й салідарнасьцю грамадзянаў, якія пакідаюць адчыненымі пад’езды сваіх дамоў для ўдзельнікаў пратэстаў, калі іх перасьледуюць амапаўцы; якія часам проста ратуюць людзей у сваіх кватэрах.

Screenshot_3.jpg
Кадр з фільма «Леон», рэж. Люк Бэсон, 1994. Фота: Vision Film Distribution

Ці мяняе нешта ў гэтай паралелі экзатычная прафэсія Леона — кілер? На першы позірк, яна зьбівае з тропу і вядзе памылковай дарогай. Скажам, вось ужо 26 гадоў у нас можна было пачуць ці то песьню, ці то стогн: «Беларусь уратуе толькі кілер». (Зразумела, на што і на каго намякалася.) У 2020 годзе для мяне відавочна: краіну ўратуе неабыякавы сусед, здольны адчыніць свае дзьверы насустрач праблемам, рызыкуючы сабой і ратуючы іншага.

У кагосьці прамільгнула асацыяцыя з краінамі-суседкамі — і хай сабе будзе. Але я меў на думцы зусім іншае — нашу ўнутраную салідарнасьць суседзяў па шматкватэрных дамах, у дварах якіх ужо каторы месяц адбываюцца нечуваныя рэчы. Напрыклад, проста пазаўчора можна было пачуць беларускі кавэр знакамітае песьні Стынга — саўндтрэку да згаданага вышэй фільма «Леон» Люка Бэсона.


Што праўда, для канкрэтных музыкаў, удзельнікаў праекту «Радыё Карантын (RadioQuarantine)», той вулічны канцэрт скончыўся не найлепшым чынам. Івана Арцімовіча, Філіпа Петчанку, Андрэя Аляксеенку (як і іх калегаў, перакладчыка Сяржа Мядзьведзева й Аляксандра Беліка) заўчора ўвечары затрымалі амапаўцы, калі музыкі гралі ў раёне ўнівэрсаму «Рыга». Як раней затрымлівалі і саджалі на суткі Аляксандра Памідорава, Уладзіслава Наважылава і шматлікіх іншых артыстаў. Бо музыка пратэсту й салідарнасьці ў нас — гэта найперш рызыка. Бо музыкі таксама адчынілі дзьверы зоны свайго камфорту насустрач новым выклікам, якія ў іх пагрукалі.

Але як было не адгукнуцца, калі пратэсты і грамадзкая салідарнасьць набываюць такія адметныя формы? Калі незнаёмыя раней суседзі па шматпавярховых дамах аб’ядноўваюцца, каардынуюць свае дзеяньні праз дваровыя чаты, выходзяць у двары, знаёмяцца — і вось ужо займаюцца агульнай справай. Пачынаючы з найпрасьцейшага: разам п’ючы гарбату і каву зь печывам. Эстэтычна аздабляючы, упрыгожваючы прастору свайго двара, робячы яе больш прыкметнай і больш беларускай (бел-чырвона-белыя стужачкі, рознакаляровыя лямпачкі-гірлянды, сьвечкі і г.д.). У выніку, навокал робіцца больш сьвяточна, а на ўзроўні камунікацыі — больш душэўна. Я сам, рэгулярна выступаючы ў дварах, адчуваю сябе амаль казачным пэрсанажам у атачэньні каляднага антуражу. Толькі замест меху з прэзэнтамі прыношу гітару ў чахле і апошнюю кнігу ўласных вершаў «Школа травы».

Screenshot_1.jpg
Андрэй Хадановіч. Фота прадастаўлена аўтарам.

Так, нібы пачынаюць спраўджвацца самыя аптымістычныя мары беларускіх паэтаў і празаікаў 60-х, якія спадзяваліся, што найлепшае ў беларусах ня зьнікне зь іх масавым пераездам зь вёскі ў горад, што ўдасца «тое і другое ў чалавечай душы прымірыць», як у апавяданьні Міхася Стральцова, дзе фізычна адчуваецца пах скошанай травы, што сохне і робіцца сенам на гарадзкім асфальце. Як у славутым вершы Рыгора Барадуліна з парадаксальным пачаткам «Трэба дома бываць часьцей, / Трэба дома бываць ня госьцем...» і амаль праграмным заклікам — «Не забыць, як завуць суседа». У нашых сёньняшніх умовах дафармулюю: дазнацца, як завуць суседа — таго, з найбліжэйшай кватэры, і ўсіх іншых таксама, нарэшце пазнаёміцца зь імі ўсімі. Прыдумаць герб і сьцяг свайго мікрараёну, што практыкуецца ў нас усё часьцей. А там — далей болей — ужо можна пачынаць адукацыйныя праекты. Калі проста ў твой двор прыходзяць інтэлектуалы зь Лятучага ўнівэрсытэту, каб прачытаць лекцыю. Прыходзяць паэты зь вершамі. І зразумела, музыкі — паасобку ці цэлымі бандамі.

Вялікі цуд можа пачацца з драбніцаў. Матыльда ведала свайго суседа, памятала, якія ён мае звычкі: ня п’е алькаголю і купляе сабе малако. Ня памятала б — хто ведае, ці адчыніліся б ёй дзьверы. А я згадаў пра яго падчас апошняга «дваровага» выступу, калі граў для свайго маленькага хрэсьніка Лявона і ўсіх іншых добрых людзей песьню іншага Лявона — Вольскага, чые «Тры чарапахі» ды іншыя творы гучаць у гэтыя дні амаль у кожным нашым двары. Гучаць і ўдзельнічаюць у цудзе — у знаёмстве і ператварэньні ў сяброў і паплечнікаў яшчэ нядаўна зусім чужых адно аднаму людзей. У вяртаньні беларусаў дадому.

Андрэй Хадановіч, СULTURE.PL