Да Ўсебеларускага фэсту памяці паўстанцаў 1863-1864 грамадская кампанія “Будзьма!” зладзіла шэраг мерапрыемстваў у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Фэст традыцыйна ладзіцца на Дзяды. Сёлета 2 ліcтапада ў вёсцы Якушоўка на месцы былога маёнтка Каліноўскіх старшыня “Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антон Астаповіч выступіў па тэме “Памятныя мясціны, звязаныя з паўстаннем 1863-1864 гадоў у Беларусі”.
“Асабліва закрануў прысутных (каля 200 чалавек) прыведзены спадаром Астаповічам факт, што да сённяшняга дня ніводная вядомая магіла паўстанцаў не ўключаная ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і, адпаведна, не знаходзіцца пад аховай дзяржавы, — зазначыў каардынатар кампаніі “Будзьма!” па сувязях з грамадскацю Ігар Лялькоў. — Усе пагадзіліся, што гэтае становішча трэба тэрмінова змяняць, і Таварыства аховы помнікаў гатовае рабіць для гэтага адпаведныя высілкі”. Напрыканцы выступу, Антон Астаповіч адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў фэсту і журналістаў.
У горадзе Свіслач Ігар Лялькоў правёў прэзентацыю кампаніі для ўдзельнікаў фэсту і журналістаў. Былі таксама прэзентаваныя паштоўкі, візітоўкі, значкі з лагатыпам кампаніі “Будзьма!”, а таксама дыск “Будзьма свабоднымі”.