20 кастрычніка ў горадзе Масты Гродзенскай вобласці ў межах кампаніі “Будзьма” адбылася лекцыя старшыні Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча. Лекцыя была прысвечаная помнікам гісторыі і культуры Мастоўшчыны.
Спадар Астаповіч звярнуў увагу прысутных на агульныя праблемы аховы помнікаў у Беларусі, заканадаўчую базу і магчымасці ўдзелу грамадcкасці ў дзейнасці па ахове нацыянальных каштоўнасцяў краіны. Лекцыя праходзіла ў інтэрактыўным рэжыме. Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма!” – кашулькі, дыскі, плакаты.
Па словах каардынатара кампаніі “Будзьма” Ігара Лялькова, лекцыя атрымалася цікавай і пазнавальнай. “Слухачы (а збольшага там былі маладыя людзі) вельмі зацікаўлена паставіліся да інфармацыі пра тое, як яны асабіста могуць удзельнічаць у справе выяўлення і аховы гістарычных помнікаў,” – паведаміў спадар Лялькоў.
Увага прысутных была таксама звернутая на той факт, што большасць помнікаў Мастоўшчыны не ўваходзіць ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а значыць і не знаходзяцца пад аховай дзяржавы. “Сітуацыю трэба тэрмінова выпраўляць. І радуе тое, што мастоўская грамадскасць гатовая браць у гэтым актыўны ўдзел,” – адзначыў Ігар Лялькоў.
Да ўвагі наведвальнікаў сайта “Будзьма”: лекцыя Таварыства аховы помнікаў, якая мусіла адбыцца 18 кастрычніка ў Лідзе, па тэхнічных прычынах перанесеная на 31 кастрычніка.