Лекцыя, прысвечаная гістарычнай і культурнай спадчыне вёскі Дварэц Дзятлаўскага раёну, адбылася ў суботу 22 лістапада ў мясцовай сярэдняй школе. У сустрэчы прымалі ўдзел старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, загадчык аддзелу Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Зміцер Яцкевіч і каардынатар кампаніі “Будзьма!” Ігар Лялькоў.
Асноўная частка дакладаў была прысвечаная тром мясцовым архітэктурным помнікам: неабарочнаму касцёлу, царкве ХІХ стагоддзя, а таксама руінам вадзянога млына, гісторыі іх пабудавання і функцыянавання. Як зазначыў Антон Астаповіч, не зважаючы на гістарычную каштоўнасць помнікаў, ніводны з іх не ўнесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Падчас сустрэчы адбыўся невялікі канцэрт з удзелам мясцовага гісторыка-патрыятычнага клубу “Спадчына”, у які ўваходзяць дзеці 10-12 год.
Напрыканцы сустрэчы адбылося ўрачыстае ўшанаванне памяці паўстанцаў 1830-1831 гадоў у вёсцы Парэчча, на радзіме Міхала Валовіча. Тут, у 2003 годзе мясцовымі слонімскімі актывістамі быў узведзены сімвалічны помнік легендарнаму беларускаму змагару. Дакладнае месца пахавання Валовіча невядомае, паколькі ягонае імя доўгі час замоўчвалася за савецкім часам і працягвае ігнаравацца і зараз.
Па словах Антона Астаповіча, лекцыя планавалася яшчэ на вясну, калі захаванне мясцовых архітэктурных пабудоваў апынулася пад пагрозай. Так, згодна з афіцыйнымі планамі па рэканструкцыі месца, мураваная агароджа вакол царквы мусіла быць знесеная. Пасля таго, як кіраўніца дварэцкага клубу “Спадчына” Наталля Ляўкевіч звярнулася да Антона Астаповіча, былі праведзеныя перамовы з мясцовымі ўладамі, у выніку чаго агароджа засталася незакранутай.