Красавік – гэта святочны месяц. У красавіку святкаваўся і Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясцін. Сёлета сябрам Таварыства аховы помнікаў не ўдалося адсвяткаваць гэты дзень ударнай працай – традыцыйную талаку перанеслі на май, калі канчаткова падсохне. Аднак проста да Міжнароднага дня пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” выйшаў мультымедыйны дыск з навукова-праектнымі працамі Архітэктурнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Гэта вынік працы невялікага, але апантанага калектыву. Антон Вантух, Іван Вантух, Андрэй Лары, Арцём Караткоў, Юрый Мацяш, Уладзімір Папруга, Павел Растоўцаў, Зміцер Яцкевіч, Сяргей Бяспанскі і іншыя – вось тыя людзі, дзякуючы якім вядзецца пошукавая, даследчая, аналітычная, навукова-праектная праца грамадскага аб’яднання. Прэзентацыі ўжо адбыліся ў Магілёве і ў Маладзечна. Акрамя працы з дыскам і дзвюх краязнаўчых вандровак прыйшлося зноўку ладзіць кансультацыйныя сустрэчы, круглыя сталы, экспедыцыі па розных рэгіёнах, але з адной мэтай – зберажэнне нашай спадчыны.Вось пэўны летапіс:
5 красавіка. Адбыўся выезд у Ляхавіцкі раён, дзе ў сядзібе Грушаўка абмеркавалі захады з боку грамадскасці па ўдзелу ў захаванні і папулярызацыі радавога гнязда Тадэвуша Рэйтана – нацыянальнага героя для ўсіх народаў, якія жылі ў Рэчы Паспалітай, таксама наведалі і аб’екты, якія не ўваходзяць у склад Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў, з мэтай іх фіксацыі для далейшай распрацоўкі прапаноў.
9 красавіка. Адбылася вялікая сумесная нарада спачатку ў Ленінскім сельсавеце, потым у Жыткавіцкім райвыканкаме, на якой канчаткова былі ўзгодненыя ўсе нюансы мерапрыемства па адкрыцці і асвячэнні мамарыяльнага знака ў памяць ахвяр нацысцкага тэрору ў мястэчку Ленін, у памяць аб 1200 беларусках і паляках, замардаваных нацыстамі ў 1943 г. Мерапрыемства ладзіцца Таварыствам аховы помнікаў, Жыткавіцкім райвыканкамам, Ленінскім сельсаветам і польскім прадпрымальнікам, жыхаром Шчэціна Анджэем Аскальдовічам.
13 красавіка. Працоўная група аб’яднання выязджала на самую мяжу з Латвіяй, у Друю, дзе з ксяндзамі Сяргеем Сурыновічам і Данілам Сваяком былі абмеркаваныя перспектыўныя крокі па рэстаўрацыі ансамблю бернардынскага касцёла і кляштара – адного са старэйшых і знакавых помнікаў эпохі барока, муроў, дзе ў 20-я гг. ХХ ст. размясціўся кляштар айцоў-марыянаў, з асяродку якіх выйшлі святары, што працавалі на ніве беларусізацыі касцёла на нашых землях. Пасля нарады група зафіксавала гістарычныя пабудовы, вартыя складання прапаноў на статус помнікаў, як у самой Друі, так і ў ваколіцах.
Бернардынскі кляштар у Друі
20 красавіка. Адбылася працоўная паездка ў Багданаў – паселішча, звязанае з жыццём і дзейнасцю славутага мастака Фердынанда Рушчыца, спадчына якога належыць тром народам – беларусам, палякам і летувісам. У Багданаве адбылася сустрэча з ксяндзом-пробашчам Ігарам Лашуком, які перадаў Таварыству чарговыя здабыткі – метрычныя кнігі Ішкальдскага касцёла ХІХ ст. і шэраг іншых дакументаў, якія патрабуюць фіксацыі і апрацоўкі. Метрычныя кнігі пасля прывядзення ў лічбавы варыянт будуць перададзеныя ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, дзе ўжо закладзены фонд Святатроіцкага касцёла ў Ішкалдзі.
Метрычная кніга Ішкальдскага касцёла
І нарэшце, чарговы крок наперад па стварэнні музея Алеся Адамовіча ў Глушы. Сумесная нарада (з удзелам прадстаўнікоў Таварыства, сям’і пісьменніка, кіраўніцтва і супрацоўнікаў упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкаму, кіраўніцтвам Бабруйскага райвыканкаму, раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і Глушанскага пасялковага савету) адбылася 23 красавіка ў Глушанскім пасялковым савеце. Па выніках нарады грамадскаму аб’яднанню было даручана правесці шэраг мерапрыемстваў і выпрацаваць рэкамендацыі па далейшых працах па будынку, дзе намаганнямі ўладных органаў і дзяржавы плануецца стварыць музей “Вайна пад стрэхамі”.
Глуша. Агляд будынку будучага музея ўдзельнікамі нарады
З якога боку не паглядзіш, але суворыя працоўныя будні ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” даюць плён і рэальны вынік.
Будзьма працягваць!