На выходных у Брэсце і Мінску адбылася сустрэча з бургамістрам польскага горада Злаценец Кшыштафам Захаржэўскім. Чыноўнік з НДАшным бэкграўндам за адзін тэрмін непазнавальна памяняў жыццё і атмасферу ў польскай правінцыі. Пра гэта ён распавёў на майстар-класе па эфектыўным мясцовым самакіраванні, які арганізавалі Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “SYMPA” і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”. А яшчэ аказалася, што Кшыштаф Захаржэўскі ўжо пяць гадоў ездзіць да нас у адпачынак: на роварах і з намётамі.
Злаценец – гэта ўвогуле дзе?
Гарадок Злаценец знаходзіцца ў паўночна-заходняй Польшчы. У ім жыве каля 13 200 чалавек (у нашых Мастах, Лепелі ці Пружанах болей).
Злаценец адносіцца да Заходнепаморскага ваяводства (сталіца якога, напэўна, у вас на слыху – Шчэцін) і Драўскага павета з цэнтрам у горадзе Драўска-Паморскае.
Хто такі бургамістр?
Вельмі-вельмі аддалена гэтую пасаду можна параўнаць з нашым старшынёй райвыканкама альбо галавой гарадскога пасёлка. Адно што ў Польшчы бургамістраў абіраюць мясцовыя жыхары на 4-гадовы тэрмін, а не прызначаюць зверху.
Чым вылучаецца Кшыштаф Захаржэўскі?
“Жыхары Злаценца, праўдападобна, маюць самага сучаснага бургамістра ў Польшчы”, – пісаў сайт ngo.pl у 2012 годзе, калі Кшыштафа Захаржэўскага абралі кіраваць гмінай і горадам. У тым жа інтэрв’ю ён казаў, што ягоны папярэднік (дарэчы, той кіраваў гмінай 20 гадоў) шмат зрабіў для інфраструктуры, аднак чалавечы чыннік быў цалкам занядбаны. Кшыштаф Захаржэўскі кажа, што ў Польшчы многія чыноўнікі настроеныя перадусім на прыцягненне інвестыцый, а не на развіццё чалавечага капіталу. Праз гэта людзі не адчуваюць сябе творцамі таго, што адбываецца ў мясцовым урадзе. Ад самага пачатку свайго тэрміну Кшыштаф Захаржэўскі расставіў прыярытэты на карысць дыялогу, grass roots і звычайных чалавечых адносін. І вось што ў яго атрымалася.
Заангажаваць каманду
Першая цяжкая справа, з якой пачала кар’ера бургамістра, – супраца з радай горада. Гэта 15 чалавек: палова з палітычных партый, палова з выбарчых камітэтаў. А ў камандзе, з якой Кшыштаф Захаржэўскі перамог на выбарах, было ўсяго 5 чалавек.
– Я запрасіў да сябе ўсіх сказаў: “Падумайце не пра грошы, якія будзеце атрымліваць, а пра час, які можаце прысвяціць гораду. Наколькі вы ў стане аддаць сябе грамадскай справе? Размяркуйце свае функцыі так, каб вы маглі сябе максімальна рэалізаваць”. Гэта заняло 20 хвілін. Найцяжэй было знайсці ахвотнага кіраваць камісіяй па бюджэце, бо гэта адказнасць, – кажа Кшыштаф Захаржэўскі.
Жыхары ведаюць пра бюджэт і ўладу ўсё
Наступнае, што зрабіў новы бургамістр, – апублікаваў інфармацыю пра бюджэтныя выдаткі на афіцыйнай старонцы горада. “Праўда, мала хто з жыхароў туды заходзіць, але ў мяне чыстае сумленне”, – кажа Кшыштаф Захаржэўскі.
Раз на год разам з налічэннем падаткаў кожны жыхар атрымлівае кніжачку з бюджэтам, крыніцамі сродкаў і яго прызначэннем.
Для людзей, якія не хочуць ці не могуць карыстацца інтэрнэтам, гарадская рада выдае газету. У ёй публікуецца інфармацыя ад парафіі, войска, школ, бібліятэк, а навіны палітыкі і меркаванні ў газеце не публікуюцца. Праўда, калонка бургамістра ўсё ж ёсць.
Паседжанне рады горада адбываецца пасля абеду. Прыйсці на яго можа кожны і выступіць па цікавым ці важным для сябе пытанні. Раней была яшчэ грамадзянская трыбуна, але ёй карысталіся ў палітычных мэтах, таму яе прыбралі. Паседжанне рады горада таксама здымаецца ад пачатку да канца: “Для таго каб кожны мог паглядзець тое, што яму цікава, а не тое, што мы яму хочам паказаць”, – патлумачыў бургамістр.
З залы слухачка задала пытанне пра крыніцы бюджэту гміны ці мясцовыя падаткі ў Злаценцы. Бюджэт гарадка фармуецца са сродкаў, якія ён атрымлівае ад урада на рэалізацыю гарадской палітыкі. Аднак гэтых датацый не хапае: толькі 25% агульнага бюджэту ідзе на адукацыю і сацыяльнае забеспячэнне. “А ў людзей прэтэнзіі пасля не да ўрада, а да бургамістра. Таму я з пачатку тэрміну зрабіў рэформу адукацыі, каб сродкі размяркоўваліся больш рацыянальна. Цяпер чакаецца яшчэ і рэформа сацыяльнага забеспячэння”, – расказаў Кшыштаф Захаржэўскі.
Заканчэнне адказу на пытанне пра мясцовыя падаткі прымусіла ўсміхнуцца ўсіх удзельнікаў сустрэчы: “Мясцовыя падаткі ідуць у бюджэт. А калі людзі цікавяцца… Калі б пані была бы нашым жыхаром, я ахвотна запрасіў бы пані на каву і запытаўся, якія ў вас ёсць ідэі на рэалізацыю гэтых сродкаў”.
Праект, каб моладзь не з’язджала
Каб маладыя не з’язджалі з горада і гміны, новая рада ўсталявала правіла, якім можа скарыстацца любы жыхар ва ўзросце да 35 гадоў. За 20% ад поўнага кошту можна купіць 12 сотак (гэта прыкладна 2-3 тысячы злотых) пад будоўлю дома. Праўда, калі за 5 гадоў будаўніцтва не будзе скончанае, у маладога чалавека запатрабуюць альбо вярнуць зямлю, альбо сплаціць яе поўны кошт. Пакуль што такім чынам у Злаценцы прадалі 2 участкі, але, па словах Кшыштафа Захаржэўскага, плануецца стварыць цэлы мікрараён, дзе можна будзе купляць нерухомасць на такіх умовах.
Нягледзячы на пост бургамістра, Кшыштаф Захаржэўскі не спыніў грамадскай дзейнасці
Нават пасля абрання на пасаду бургамістра Кшыштаф Захаржэўскі не пакінуў пазіцыі старшыні Таварыства лакальнай групы актывістаў “Партнёрства Дравы”. Драва – адна з нешматлікіх рэк, якая цячэ ад мора праз гміну, таму яе і ўзялі ў назву арганізацыі.
Чым яны займаюцца? Кірункі дзейнасці даволі шырокія, аднак усе яны пакліканыя зрабіць жыццё мясцовых людзей у гміне больш якасным і цікавым. “Мы ведаем, што гэта немагчыма, але кірунак вельмі добры”, – сам з сябе пажартаваў бургамістр.
“Партнёрства Дравы” падтрымала 145 ініцыятываў з 11 гмін на агульную суму ў 331 тысячу злотых.
Напрыклад, свята рыбы. На той зямлі шмат азёр і, адпаведна, рыбы, аднак аказалася, што 90% рыбы, якую спажываюць мясцовыя, – марская. “Гэта дзіўна, бо ў нас столькі азёрнай рыбы”, – кажа бургамістр. Каб паправіць гэту сітуацыю, актывісты прыдумалі штогадовае свята рыбы. Ранкам ловяць рыбу, а пасля абеду – застолле. Людзі самі яе чысцяць, гатуюць і прадаюць. Каб навучыць гатаваць рыбу, Кшыштаф Захаржэўскі запрасіў даць майстар-класы вядомага прафесійнага кухара.
“Калі малады чалавек ідзе вуліцай і кідае паперку, то, напэўна, ёсць прычына, з якой ён гэта робіць. Што трэба зрабіць? Навучыць паважаць яго месца, дзе ён жыве”, – кажа бургамістр. Гэта нялёгкая справа, таму арганізацыя зрабіла цэлы шэраг паступовых захадаў. Напрыклад, зладзіла гарадскую гульню, дзе трэба было адказваць на пытанні пра гісторыю, турызм і самакіраванне ў Злаценцы. “Вельмі хочацца, каб дзеці на пытанне, якая рака цячэ праз гміну, не адказвалі “Вісла”, – гаворыць бургамістр.
Яшчэ у Злаценцы арганізуюць роварныя экскурсіі. Пагуляць у экскурсавода могуць нават дзеці, склаўшы ўласны маршрут.
“Я часам езджу роварам і заязджаю пад краму. Аказалася, што крама – найлепшы цэнтр інфармацыі. Трэба зрабіць сетку вясковай турыстычнай інфармацыі. Калі турыст прыйдзе ў краму і атрымае вычарпальны адказ, то з прыемнасцю штосьці там купіць. Трэба толькі забяспечыць краму адпаведнымі матэрыяламі і троху падвучыць прадаўца. Цяпер у нас 50 такіх цэнтраў”, – расказаў Кшыштаф Захаржэўскі.
Кшыштаф Захаржэўскі пракаментаваў беларускія праекты
Сустрэча з бургамістрам не была суцэльна ягоным маналогам. Пра свае поспехі і праблемы расказалі і беларускія ўдзельнікі. Аліна Нагорная з ініцыятывы “Дзея” зрабіла прэзентацыю пра сваю мару ўсталяваць належны помнік героям Слуцкага збройнага чыну. Актывісты сабралі 1900 подпісаў, аб’явілі конкурс эскізаў помніка, запрасілі імпазантных персон у камітэт ушанавання памяці, паказвалі перформанс на 1 верасня, аднак справа пакуль амаль не прасунулася.
“Усё, што можна было зрабіць, ужо зроблена. Адно што можна было займацца адукацыяй і інфармацыяй і завязаць кантакты з універсітэтам. Важна паказваць і людзям, і ўладам, што ўжо штосьці ёсць, бо гэта дае падставы да кроку далей. Калі цяпер немагчымы помнік, то, магчыма, варта ўсталяваць хаця б камень з таблічкай”, – выказаўся Кшыштаф Захаржэўскі.
“Ведаеце, адзін з конкурсных эскізаў так і выглядае: валун з таблічкай. Мы знайшлі нашчадка ўдзельніка Слуцкага збройнага чыну. Мы дамовіліся, што на ягонай магіле паставім помнік, гэта і будзе часовым вырашэннем пытання”, – адказала Аліна, якая, як аказалася, паходзіць са Слуцка.
Міхась Мацкевіч з Таварыства беларускай мовы распавёў пра шматгадовы вопыт актывізацыі жыцця ў Стоўбцах. Там актывісты падышлі да справы грунтоўна і зрабілі апытанне сярод моладзі: з чым у іх асацыююцца родныя Стоўбцы? Першае месца заняў адказ “тут ціха”, астатнія не вельмі адрозніваліся ад яго па сэнсе. Міхась пачаў з досыць празаічных справаў: прыборка могілак, экскурсія, а пасля і грамадская дыскусія і доўгі працэс перамоваў і тлумачэнняў з мясцовай уладай.
“Усё зроблена вельмі прафесійна. Засталося трымаць кулакі за вас”, – тут бургамістр аказаўся вельмі лаканічным.
А яшчэ Кшыштаф Захаржэўскі 5 гадоў запар адпачывае ў Беларусі!
“Kocham Białoruś. Nie wiem dlaczego”, – так называлася апошняя прэзентацыя госця з Польшчы, і яна была самай нечаканай. Пяць гадоў запар Кшыштаф Захаржэўскі прыязджае да нас у адпачынак: з сябрамі і роварамі. Кампанія едзе да Беларусі на цягніках, а пасля сядае на ровары і наперад. Такім чынам яны аб’ездзілі ўжо абшар паміж Брэстам і Лідай.
“У вас цудоўная тэрыторыя для роварнага турызму і вялізны патэнцыял для развіцця. Для нас гэта падарожжы па дзікім краі: у нас няма месцаў, дзе можна ехаць увесь дзень і не сустрэць цывілізацыі”, – кажа бургамістр.
Яна спыняюцца на прыродзе ў намётах. Хоць часам не адмаўляюць гасцінным беларускім бабулечкам і разбіваюць лагер у чыімсьці двары. Аднойчы кампанія адпачывала ў бярозавым гаі, аднекуль з’явілася мясцовая жанчына і запрасіла да сябе на суп, балазе збіралася на дождж. Дождж сапраўды пачаўся, ды яшчэ і з маланкамі, а адна бліскавіца трапіла проста ў дрэва, пад якім некалькі хвілін таму сядзеў адзін з турыстаў. З таго часу вандроўнікі кожны раз заязджаюць “do babci Wali”.
Спынялася кампанія таксама каля музея Чэслава Немена ў Васілішках. Гэтае месца вельмі натхніла гасцей з суседняй краіны: начаваць у краявідах, дзе вырасла будучая культавая зорка польскага року!
Кшыштаф Захаржэўскі кажа, што за 5 гадоў іх вандровак адчувальна эвалюцыянавалі вясковыя крамы: усюды можна плаціць карткамі, вяндліна запакаваная ў вакуум, і адзінае, па чым можна зразумець, што гэта сельпо, – ровары “АИСТ”, якія прадаюцца побач з ежай і спажывецкімі таварамі.
У 2014 годзе бургамістр з сябрамі прыехалі без візы: тады, калі вы памятаеце, у Беларусь можна было трапіць толькі па квітку на Чэмпіянат па хакеі. Гэта аказалася танней за візу. Так што ў той раз кампанія яшчэ і хакей у Мінску паглядзела.
Дарэчы, польскія раварысты не купляюць ні глянцавых пуцяводнікаў-талмудаў, ні складанкі кшталту “in your pocket”, ні спампоўваюць maps.me. Для перасоўванняў па Беларусі ў іх ёсць старая вайсковая карта. “Для нас тут дарагі інтэрнэт, а на карце абазначаныя ўсе дарогі. Нам вельмі зручна”, – патлумачыў Кшыштаф Захаржэўскі.
Агульнае ўражанне пра нашую краіну бургамістр апісаў трыма словамі – ёміста і даволі прадказальна: “bezpiecznie, czysto i z pomysłem”.
Хрысціна Марчук, фота – Аляксандр Кісялёў
Глядзіце таксама: