У суботу, 31 сакавіка, у Браславе грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы раённага музейнага аб’яднання правяла ток-шоў “Актывізм і бізнес: ці магчымы агульны інтарэс?”, дзе ў фармаце адкрытай дыскусіі мясцовыя жыхары сумесна з запрошанымі спікерамі паспрабавалі адказаць на пытанні супрацы бізнесу, уладаў і грамадсказначных праектаў, абмеркавалі праблемы камунікацыі гарадскіх актывістаў, пазнаёміліся з механізмамі распрацоўкі і падачы ідэй інвестарам.
Гэтая тэма для Браслаўшчыны была абраная невыпадкова, бо рэгіён пазіцыянуецца як турыстычны курорт, улетку тут праводзяцца маштабныя фестывалі (чаго варты адзін толькі оўпэн-эйр Viva Braslav), і колькасць насельніцтва вырастае амаль ўтрая. А вось не ў сезон перад мястэчкам паўстаюць пытанні пра тое, якія актыўнасці ладзіць для мясцовых жыхароў, якім чынам прывабіць насельніцтва не пакідаць родны горад, як зарабляць на сваіх ідэях.
З пытаннем, ці магчымае аб’яднанне агульных кампетэнцый, рэсурсаў і досведу для прадуктыўнай працы на карысць рэгіёна, паспрабавалі разабрацца запрошаныя на мерапрыемства эксперты – Аляксандр Скрабоўскі (прадстаўнік найбуйнейшага ў Беларусі конкурсу сацыяльных праектаў “Social Weekend”), Яўген Лабуць (адзін з арганізатараў Viva Braslav), Юлія Герцава (старшыня грамадскага аб’яднання “Еўрарэгіён “Азёрны край”, якое ўжо 7 гадоў займаецца трансгранічным супрацоўніцтвам) і Галляш Сялява (мясцовы актывіст, рэдактар партала braslaw.by).

Уладзь Булаўскі
Уладзь Булаўскі, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Віцебскім рэгіёне, які мадэраваў ток-шоу, па чарзе задаваў актуальныя пытанні спікерам. Напрыклад, Яўген Лабуць падзяліўся вопытам арганізацыі фестывалю, закрануў падводныя камяні, якія даводзілася абмінаць за 5 гадоў карпатлівай працы. Было вельмі цікава даведацца, што першая “Віва”, якая праводзілася ў межах трансгранічнага праекту “Бэла Двіна”, атрымалася цалкам спантаннай, і хлопцы, калі ладзілі начную дыскатэку, нават уявіць сабе не маглі, што будзе ажыятаж і ўсё перарасце ў фестываль на беразе возера, які цяпер збірае больш за 20000 чалавек. Яўген распавёў, што істотна рабіць першыя крокі, і ведаць, што якімі б прадуманымі яны ні былі, заўжды будуць нейкія перашкоды. Але не варта сумаваць, бо штогод з’яўляюцца новыя партнёры, хтосьці дапамагае на пэўных умовах фінансава, хтосьці – інфармацыйна. Каманда “Вівы”, якая ўжо налічвае некалькі дзясяткаў чалавек, падыходзіць да справы звышадказна, увесь час імкнецца ўдасканальваць сваю бізнес-мадэль, шукае новыя фарматы пляцовак на фестывалі і заўжды адкрытая да супрацоўніцтва. Оўпэн-эйр да таго ж робіць вялізны ўплыў на рэгіён, бо дапамагае мясцовым жыхарам зарабіць, і пазітыўна ўплывае на раскручванне брэнда “Браслаўскія азёры”.

Яўген Лабуць
Колькі слоў сказаў Яўген і на тэму валанцёрскага руху, які ў Беларусі пакуль успрымаецца не зусім так, як хацелася б. Дарэчы, у гэты ж дзень ягоны брат Алег сустракаўся ў Браславе з мясцовай камандай валанцёраў.
Аляксандр Скрабоўскі падзяліўся асаблівасцямі працы з інвестарамі і вопытам арганізацыі конкурсу “Social Weekend”, які сёлета ўжо праходзіць адзінаццаты раз. А найбольш цікава было даведацца пра канкрэтныя механізмы ўзаемадзеяння актыўнасцяў з бізнесам, пра тое, як прасоўваць сваю ідэю так, каб гэты было і сацыяльна значна, і спонсар пры гэтым разумеў, у што ён укладваецца і ці будзе гэта ўстойлівым. “Праектыроўшчыку” варта ўмець сцісла данесці да інвестара сваю задуму, давесці, што яна актуальная, якім чынам будзе рэалізавацца, і якіх канкрэтна рэсурсаў не стае на яе ажыццяўленне. Як аказалася, моцнае “хачу” на старце можа з часам ператварыцца альбо ў разуменне, што праект занадта летуценны, альбо ва ўсведамленне, што яго можна рэалізаваць і без дапамогі спонсараў, альбо ў дэталёвую распрацоўку плана па ўстойлівасці з дакладнай мадэллю яго выканання. Зрэшты, нават калі праект не будзе ідэальны, галоўнае, каб ён працаваў і не загінуў з часам.

Аляксандр Скрабоўскі
Галляш Сялява падзяліўся сваім вопытам арганізацыі невялікіх мерапрыемстваў, удзелам у сацыяльных праектах і ўзаемадзеянні з краўдфандынг-пляцоўкамі. Але перадусім распавёў, якім чынам адбываецца камунікацыя з насельніцтвам праз мясцовы партал braslaw.by.
Юлія Герцава распавяла пра свой вопыт працы з трансгранічнымі праектамі. Моцная каманда некалькі год запар ладзіла інвест-канферэнцыі, у 2012 годзе сумесна з мясцовымі аграсядзібамі арганізавала праект па турызме і народных рамёствах, пазней удзельнічала ў праектах, звязаных з экалогіяй, а ў 2017 рэалізавала праект з ЖКГ. Юля звярнула ўвагу на тое, што ў рэгіёне найбольшая праблема з недахопам ініцыятыўных людзей, а прафесіяналаў, што ўмеюць займацца праектнай дзейнасцю, наогул адзінкі.

Юлія Герцава і Галляш Сялява
Далей сумесна са слухачамі спікеры паспрабавалі разабрацца, якім чынам камунікаваць актыўным людзям у Браславе і што рабіць, каб стымуляваць моладзь заставацца працаваць у родным горадзе. Адказы атрымаліся неадназначнымі, але, як выявілася, такая магчымасць ёсць. Большасць прысутных сышлася на меркаванні, што пастаяннай пляцоўкай для камунікацыі ў Браславе можа стаць партал braslaw.by , дзе было прапанавана стварыць адмысловую рубрыку пра раённыя актыўнасці і праектныя магчымасці, якія могуць быць даступныя ўсім актывістам і зацікаўленым асобам.
У канцы сустрэчы было абвешчана аб першым кроку для паляпшэння камунікацыі сярод браслаўскіх актывістаў: стварэнне базы кантактаў для інфармавання пра мясцовыя актыўнасці, конкурсы і рэспубліканскія і міжнародныя праекты, праз якія Браслаў можа атрымаць дадатковыя магчымасці. І як практычны вынік сустрэчы было абвешчана аб правядзенні абласнога Кірмашу праектаў – конкурсу ідэй і ініцыятываў, фінальную прэзентацыю якога плануецца правесці ў Полацку. Ідэі і праекты будуць прымацца да 20 красавіка на пошту [email protected].
Галляш Сялява
Фота: Алесь Пілецкі