У Яніса Райніса ёсць такія радкі: першы крок за парог – гэта палова шляху. Зрабіць свой першы крок да ўсяго, што мы называем ёмкім словам беларушчына, беларусам Латвіі і тым, хто не абыякавы да беларускай культуры, дваццаць пяць гадоў дапамагае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” – найстарэйшая беларуская суполка Латвіі і адна з першых створаных 25 гадоў таму этнічных суполак ў краіне. І вось ужо чвэрць стагоддзя “Сьвітанак” захоўвае дух беларускасці на балтыйскім мацерыку.
25 год для грамадскай суполкі – ўзрост сталасці. Але адначасова гэта і той час, каб асэнсаваць, што здзейснена і з чым ісці далей. І магчымасць і азірнуцца на пройдзены шлях, і падумаць пра будучыню.
Дзеля гэтага і запрасіла таварыства “Сьвітанак” сваіх сяброў на сваё самае галоўнае свята.
Юбілей “сьвітанкаўцы” адзначалі 11 студзеня бягучага года ў самым сэрцы Рыгі, у будынку цэнтра народнай творчасці Рыжскай думы “Рытумс”, што месціцца на адной з самых маляўнічых вулачак старой Рыгі. На жаль, святочную імпрэзу, якую збіраліся правесці ў лістападзе 2013 года, давялося перанесці з-за трагічных падзей у Рызе, але, неглядзячы на ўсе абставіны, свята атрымалася.
У зале вядучыя імпрэзы старшыня таварыства Ірына Кузьміч і Наста Кірнічанска на латышскай і беларускай мове абвясцілі аб адкрыцці ўрачыстага мерапрыемства. Гэты дыялог двух культур, двух моў, калі пераклікаліся словы віншавання на беларускай мове са словамі павагі на латышскай, і стварылі святочную атмасферу юбілея.
Аб тым, што таварыства з годнасцю сустракае свой юбілей, сведчаць шматлікія віншаванні, якія атрымала суполка.
ЛТБК “Сьвітанак” ўнесла свой адметны ўнёсак у дыялог двух нашых культур, ва ўсведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў, зазначыў у сваім віншавальным лісце з нагоды юбілею таварыства Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі Андрыс Бэрзіньш. Як зазначылі ўсе сябры таварыства, было вельмі кранаюча атрымаць віншаванне ад першай асобы краіны.
Прыйшло ў адрас ЛТБК “Сьвітанак” і віншаванне з юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова. Яго зачытала загадчыца эпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.
Не засталася ў баку ад юбілею і беларуская дзяржава. Віншаванне ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Латвіі сп. Марыны Далгаполавай агучыў Консул амбасады сп. Андрэй Кажан.
Сонца усходзіць і служыць аддана
Сьветлым лікам, зычлівым цяплом.
Беларусь у латвійскі «Сьвітанак»
Узышла, як у родны свой дом.
Мы ня прыхадні тут. Ускалосьсе
Крывічанскіх дачок і сыноў
У «Сьвітанку» натхненна зьлілося,
З латышамі рунее наноў.
Быў бы Райніс удзячны сябрыне:
Плытагоны ўтрымалі стырно!
У «Сьвітанку» хлапцу і дзяўчыне –
Дзе Айчына? – чутно і відно.
Прытуліцца змаглі, укараніцца,
Вольнай Латвіі цешаць агні.
Узышла над «Сьвітанкам» дзяньніца –
Абярэга спрадвечнай радні.
Гэты верш аднаго з першых сябраў таварыства, ганаровага сябра “Сьвітанка” кавалера ордэна Трох зорак Латвіі паэта Сяргея Панізніка, прысвечаны таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” прачытала сябра cуполкі Таісія Бачкарова. А адзін з ветэранаў беларускага руху ў Латвіі спадар Алесь Карповіч, таксама адзін з першых сябраў “Сьвітанка” , прыгадаў яскравыя моманты з гісторыі таварыства.
Спадарыня Айна Балашка, старшыня таварыства нямецкай культуры – заўсёды была добрым сябрам нашага таварыства, пачынаючы з 90-х гадоў, калі яна працавала ў Дэпартаменце нацыянальнасцяў Латві, удзельнічала ў многіх мерапрыемствах, якія ладзіла суполка. І падчас гэтай юбілейнай імпрэзы яна нагадала прысутным пра той шлях, які прайшло таварыства “Сьвітанак” з першых дзён яго станаўлення. Добрыя словы ў адрас таварыства знайшоў і прадстаўнік Саюза палякаў Латвіі, кіраўнік польскага хору “Паланэз” Эдвард Фісковіч.
“Світанкаўцы” ганарацца не толькі тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, але і тым, што таварыства стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. А старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесар Латвійскай акадэміі музыкі Раффі Хараджанян зрабіў невялікі экскурс у гісторыю Асацыяцыі, пажадаў таварыству плёну яшчэ на доўгія гады.
У беларускай мове ёсць такое вельмі ёмкае слова – паплечнікі. Аб тым, што на юбілеі таварыства сабраліся паплечнікі, нагадаў прысутным першы старшыня і адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак”, вядомы не толькі ў Латвіі, але і далёка за яе межамі доктар медыцыны Сяргей Кузняцоў. Маладым хлапцом прыйшоў ён калісьці ў “Сьвітанак” і менавіта паплечнікі, аднадумцы, на яго погляд, стваралі першую беларускую суполку і працавалі ў ёй.
Эстафету старшыняў ад Сяржука Кузняцова пераняў Мікола Ярчак, хабілітаваны доктар хімічных навук, цяперашні прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля ад’езду спадара Міколы на працу ў Брэст кіраўніком “Сьвітанка” стаў мастак Васіль Малышчыц, які на свяце прыгадаў той час, калі ён кіраваў суполкай.
Дзесяцігоддзе старшынёй “Сьвітанка” была спадарыня Таццяна Казак. Пад яе кіраўніцтвам ладзіліся шматлікія і разнастайныя імпрэзы, быў створаны вакальны гурт “Сьвітанак”, які годна прадстаўляў беларусаў на фестывалях і канцэртах. На свята Таццяна Мікалаеўна прыйшла са сваім беларускамоўным пяцігадовым сынам Міколкам, як яна пажартавала, самым юным сьвітанкаўцам. Мікола падрыхтаваў свой падарунак таварыству – песні на беларускай і латышскай мовах, якія ўдзельнікі свята сустрэлі гучнымі апладысментамі.
А завершыў гэтую эстафету выступаў лідэраў адзін з заснавальнікаў Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, першы дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы, старшыня аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна Трох зорак Латвіі Вячаслаў Міхайлавіч Целеш.
Аб тым, што ЛТБК “Сьвітанак” не ізаляваны ад свету, сведчаць ягоныя цесныя стасункі з Беларуссю і беларускімі суполкамі з Літвы, Эстоніі, Расеі, Канады ды іншых краінаў, з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў свету, з беларускімі аб’яднанямі ў Польшчы і Чэхіі, а перш-найперш з МГА “Бацькаўшчына”. Надзвычай узнёслымі і асабліва сардэчнымі былі тыя словы віншавання, якія адрасавала таварысту Згуртаванне беларусаў свету. Віншавальны ліст і шматлікія прывітанні з Радзімы прывёз у Рыгу сябра Вялікай Рады Згуртавання сп. Барыс Стук. Паклапацілася “Бацькаўшчына» і пра падарункі непасрэдна самому таварыству.
Барыс Стук уручыў сьвітанкаўцам памятны падарунак з нагоды юбілею – гадзіннік з выявай Мірскага замка, а таксама перадаў для біблятэкі кнігі, што былі нядаўна выдадзены Згуртаваннем “Бацькаўшчына”.
Не толькі віншаванні і падарункі, але і адметныя ўзнагароды прыехалі да “сьвітанкаўцаў” з Менску. Рашэннем Шостага з’езда Міжнароднага Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына» 13 сябраў Вялікай Рады атрымалі статус ганаровага сябра. Інстытут ганаровага сяброўства замацаваны ў статуце “Бацькаўшчыны” спецыяльна для ўшанавання тых асоб, якія на працягу многіх гадоў працуюць на карысць Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У гэтай слыннай кагорце і два сябры ЛТБК “Сьвітанак” – Вячка Целеш і Таццяна Казак. Калі спадар Вячка Целеш атрымаў свой памятны медаль, заснаваны да 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету, падчас з’езду, то Таццяна Казак атрымала сваю ўзнагароду як раз на свяце. Пасведчанні і медаль Таццяне Мікалаеўне ўручыў сябра Вялікай рады “Бацькаўшчыны”, намеснік старшыні Згуртавання спадар Барыс Стук.
Сябры таварыства дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, магістр педагогікі Ганна Іванэ і адна са старэйшых мясцовых беларусаў, выпускніца Індранскай беларускай гімназіі ў 1944 годзе, доктар фізічных навук Наталля Цімаховіч за ўнёсак у захаванне беларускіх культурна-асветніцкіх традыцый і спрыянне культурнаму дыялогу паміж народамі Латвіі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвійскай Рэспублікі. Іх уручыла старэйшы рэферэнт Дэпартамента інтэграціі Міністэрства культуры Латвіі Лінда Наудыша.
Cваё музычнае віншаванне падрыхтавалі і юныя артысты – гурт “Вавёрачка” заснаванай “Сьвітанкам” у 1994 г. Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы пад кіраўніцтвам таленавітай піяністкі Наталлі Дзірвук. Цёплымі апладысментамі сустрэла зала цудоўнае выкананне юнымі спевакамі песень на беларускай мове.
А самым адметным музычным падарункам для ўсіх гасцей і ўдзельнікаў свята стаў канцэрт вядомага беларускага музыкі Зміцера Вайцюшкевіча. Гэта быў першы выступ Зміцера ў Латвіі. Ці трэба казаць, што яго песні суправаджаліся працяглымі апладысментамі і часам разам са Зміцерам спявала зала, і не хавала сваіх усмешак, і не саромелася слёз.
Вельмі прыемна было пачуць прысутным, як ацаніў госць з Мінску спевы беларускіх дзяцей з “Вавёрачкі”. Па ягоных словах, ён шмат чуў спеваў дзіцячых гуртоў, але ніколі не даводзілася чуць такога чыстага выканання.
У рэпертуары Зміцера Вайцюшкевіча ёсьць японскія песні, перакладзеныя на беларускую мову, ёсць шведскія песні па-беларуску. А ўдзельнікі імпрэзы пажадалі, каб у рэпертуары спевака з’явілася хоць некалькі латышскіх песень, перакладзеных на беларускую мову. Тым больш, што паспрыяць гэтаму ёсьць каму. На імпрэзе прысутнічаў класік сучаснай латышскай паэзіі спадар Улдыс Бэрзыньш. У мінулым годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” у Беларусі асобным выданнем выйшла кніга выбраных перакладаў Улдыса Бэрзыньша “Салаўі крычаць, я па-латышску…” Перакладчыкі – Алесь Разанаў і Андрэй Гуцаў, які калісьці працаваў у Рыжскай беларускай асноўнай школе.
Так ужо наканаваў лёс, што свой юбілей, а было заснаванае таварыства 27 лістапада 1988 года, “Сьвітанак” святкаваў ужо ў бягучым годзе падчас аднаго з самых любімых святаў – Калядаў. Традыцыя святкаваць Каляды жыве ў таварыстве з самых першых дзён існавання. Запрасілі да каляднага святочнага стала сваіх гасцей і арганізатары свята. І гэта было вельмі і кранаюча, і сімвалічна – ведаць, што і ў Беларусі, і ў Літве, у Польшчы, Чэхіі, Канадзе i iншых краiнах, дзе б ні жылі беларусы, у гэтыя зімовыя дні накрываюцца калядныя сталы, запальваюцца калядныя свечкі, прыгадваюцца звычаі, якія яднаюць усіх нас. У якасьці калядоўшчыкаў выступіў гурт аматараў беларускай песні “Вытокі”. Не застаўся ў баку і Зміцер Вайцюшкевіч. Асаблівую ўдзячнасць таварыства выказвае дырэктару цэнтра “Рытумс” спадарыні Віі Ліетэ за яе гасціннасць, за тое, што на працягу многіх гадоў памяшканне цэнтра адчынена для рыжскіх беларусаў.
Шмат добрых слоў прагучала на свяце ў адрас маладой старшыні таварыства “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч. Ірына яшчэ толькі робіць свае першыя крокі на грамадскай ніве. Яна – самая маладая старшыня сярод кіраўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый Латвіі. Ірына з годнасцю правяла юбілейнае таварыства мерапрыемства. І хочацца спадзявацца, што беларуская культурная ніва будзе папаўняцца вось такімі маладымі творчымі асобамі, якія не дадуць змоўкнуць нашым песням, не адцураюцца роднай мовы, народзяць новыя вершы і працягнуць традыцыі ўжо не нараджэння, а станаўлення нацыянальнай культуры сярод беларускае дыяспары ўсёй Латвіі.
На здымках Георгія Астапковіча:
Cтаршыня ЛТБК “Сьвітанак” Ірына Кузьміч
Верш Сяргея Панізніка “Аусекліс над Рыгай” чытае Таісія Бачкарова
Віншаванне таварыства з 25-гадовым юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова зачытвае загадчыца дэпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.
Прывітальнае слова Консула беларускай амбасады сп. Андрэя Кажана
“Сьвітанкаўцаў” і гасцей свята вітае першы старшыня таварыства Сяржук Кузняцоў
Выступае былы старшыня таварыства Васіль Малышчыц
Старшыня таварыства “Сьвітанак” (1999-2008) Таццяна Казак прыйшла на свята са сваім сынам Міколам
Выступленне аднаго з заснавальнікаў таварыства Вячкі Целеша
Старэйшая сябра “Сьвітанка” Наталля Пятроўна Цімаховіч атрымлівае Ганаровую грамату Міністэрства культуры Латвіі
Віншавальны ліст Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” з нагоды юбілею “Сьвітанка” уручае сябра Вялікай Рады Згуртавання Барыс Стук
Памятны медаль “Бацькаўшчыны” уручаецца сп. Таццяне Казак
Добрыя словы ад беларусаў Латгаліі “Сьвітанку” прывёз з Даўгаўпілса вядомы беларускі калекцыянер, гісторык Мікола Паўловіч
Віншаванне старшыні Латвійскага таварыства нямецкай культуры Айны Балашка
Віншаванне старшыні АНКТЛ імя Іты Казакевіч Раффі Хараджаняна
Выступае дзіцячы ансамбль “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы
Кіраўнік “Вавёрачкі” Наталля Дзірвук
Віншаванне ад калектыву Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы
На сцэне – Зміцер Вайцюшкевіч
Юныя беларусачкі Рыгі
Зміцер Вайцюшкевіч прывёз з роднай старонкі не толькі песні, але і натхненне
Рыжскія кветкі – беларускаму музыку
Адзін з ганаровых гасцей, жывы класік, паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш
Песня – душа народа