Тэма новай экскурсіі, якую прапанавалі моладзевае аб’яднанне “Гісторыка” і кампанія “Будзьма”, нават гучыць па-сярэднявечнаму: “Готыка Беларусі”. Як ні дзіўна, крыважэрных вампіраў, пахмурых людзей, апранутых у доўгія чорныя строі, у падарожжа не сабралася. Калі сярод удзельнікаў і былі сапраўдныя готы ці вампіры, дазнацца пра гэта было немагчыма — на светлых тварах была хіба што прага да новых эмоцый, прыгодаў і ведаў.
Краязнаўца Аляксей Фралоў адразу папярэдзіў: вернемся позна, вельмі стомімся, бо маршрут будзьмаўцы, як заўжды, абралі нетурыстычны. А значыць, нас чакалі з тры сотні кіламетраў, у тым ліку і па вузенькіх вясковых дарогах. Ні многа ні мала — 9 мястэчак: Ішкальдзь — Сынкавічы — Зэльва — Гнезна — Мсцібава — Шылавічы — Ражанка — Жалудок. З замкамі ў гатычным стылі на Беларусі цяжка, таму курс узялі на культавыя гатычныя пабудовы, што на Гродзеншчыне.
А ці ведаеце вы, дзе знаходзіцца самы старажытны на Беларусі касцёл, выгляд якога за стагоддзі зусім не змяніўся? Веска Ішкальдзь — некалі ўладанні Радзівілаў. Касцёл Святой Троіцы пабудавалі тут яшчэ ў 1472-м годдзе. Маленечкія вокны, праз якія ледзь праходзіць святло, вялізная глухая паўночная сцяна і вельмі нізкія і вузкія дзверы дапамагаюць адчуць сабе ў сярэднявечнай крэпасці. Гэты велічны будынак пабачыў дзясяткі войнаў. Выстаяў. Але яго ледзь не зруйнавалі ў 1969-м. Нейкія савецкія грамадзяне прыйшлі граміць унікальную пабудову, але мясцовыя жыхары не далі зрабіць непапраўнае: сталі каля сцен. Гэту вайну вяскоўцы выйгралі. Гатычная муроўка і сёння сустракае вернікаў і заезджых турыстаў.
Да другога пункту падарожжа з “Будзьма” і “Гісторыкай” — Сынкавічаў — турысты едуць вялікімі аўтобусамі: да нашага прыезду на стаянцы ўжо былі два. Сынкавіцкая царква паўстала ў пачатку XVI стагоддзя. Каменьчык да каменьчыка: помнік захаваўся проста цудоўна. Гэта сапраўдная вялізная крэпасць з багатай аздобай галоўнага фасаду. Толькі ўявіце — 11 відаў нішаў: маленькія, вялікія, круглыя, завостраныя… Падарожнікам было чаму падзівіцца! Існуе легенда, што Сынкавіцкую царкву заснаваў князь Вітаўт Вялікі, з удзячнасці за тое, што у мясцовых пушчах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы. Але наш гід упэўніў, што гэта не так. Бо пабудова з’явілася значна пазней. Ёсць падставы лічыць, што царкву пабудавалі на грошы слыннага гетмана Канстанціна Астрожскага. Так гэта ці не, назаўсёды застанецца таямніцай. Кажуць, зусім хутка спецыялісты адрэстаўруюць — заўважце, не шыферны ці металічны, а драўляны дах! Таксама адновяць галерэі. І можна будзе пазіраць з вежаў на цудоўныя пейзажы з вышыні птушынага палёту. Дарэчы, няблага б было выкрасліць з мясцовых краявідаў кароўнікі, якія знаходзяцца за некалькі дзясяткаў метраў ад помніка, што чакае ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны. Вышэйзгаданая савецкая спадчына мае не толькі непрыемны выгляд, але і моцны пах. На жаль, не французскай парфумы.
Далей нас чакала музычная паўза. Аўтобус слухаў запісы твораў Мацея Радзівіла — таленавітага кампазітара, які нарадзіўся на гэтай зямлі. Пад музыку і не заўважылі, як прыехалі ў Зэльву. Мясцовы неагатычны касцёл пабудавалі ў пачатку мінулага стагоддзя. Архітэктурная фантазія. У аснову майстры паклалі найлепшыя ўзоры еўрапейкай архітэктуры, дадалі незвычайныя формы, элементы, раслінныя выявы… Крыху мадэрну ў дэталях. І перад вамі беларуская неаготыка, якой анідзе больш не пабачыш.
Падарожнікі дазналіся, што менавіта ў Зэльве нарадзілася Ларыса Геніюш — сакратар Беларускай Народнай Рэспублікі, грамадскі дзеяч, выдатная паэтка. Паспелі не толькі разгледзець помнік, пабачыць хату, у якой доўгія гады жыла Геніюш, але і наведалі царкву, у якую яна хадзіла амаль кожны дзень. Сустрэліся з настаяцелем і трапілі ў музей. А ў дарозе да новага прыпынку гучалі тыя вершы, якія чамусьці не друкуюць у школьных падручніках. А варта было б! Бо больш смелыя, патрыятычныя і надзённыя творы зрэдку пачуеш:
Чало у поце, далоні ў працы,
У сэрцы туга.
На душах нашых, як на сабацы –
След ланцуга.
У цела народу ўпіліся вякамі,
Пара скідаць!
Ланцуг сабачы, яго клыкамі
Не разарваць…
Чорныя брацця: Гвінея, Гана
Ў свабоды час
З сумам у сэрцах, ужо раскаваных,
Глядзяць на нас.
Мова народу ў аковах гіне,
Годзе душыць!
Калі іх з рук ужо нам не скінуць —
Скіньма з душы!
Хутка спыніліся ў Гнезне. Значна выбіліся з графіку. І таму на касцёл святога Міхаіла вырашылі паглядзець толькі звонку. Краязнаўца Аляксей Фралоў папярэдзіў: у Гнезне можна застацца і да ночы, калі сустрэнем ксяндза Людвіга, бо ён чалавек гасцінны, апантаны сваёй справай і даволі гаваркі. Таму вырашылі хуценька агледзець цудоўны прыклад беларускай готыкі і ехаць далей. Але не атрымалася: ксёндз сам нас сустрэў. І пачаў свой аповед як дасведчаны экскурсавод. Высветлілася, што такая васьмікутная вежа, як у Гнезненскім касцёле, ёсць толькі ў Мірскім замку. Велічны чырвоны будынак складаецца з цэглы розных тыпаў. А ўнутры знаходзіцца карціна, якая ўсім нагадала рафаэлеўскую Сіксцінскую Мадонну. Дарэчы, цікавая гісторыя. Некалькіметровую выяву Мадонны намаляваў мастак-самавучка ў сваёй гарадской двухпакаёвай кватэры ў Ваўкавыску, а потым перадаў у касцёл. Харызматычны ксёндз настолькі спадабаўся будзьмаўцам, што многія пакінулі добрыя водгукі ў кнізе. Наш незвычайны экскурсавод падараваў кожнаму з удзельнікаў падарожжа каляндар з выявай касцёла і адмысловы буклет. І так гасцінна запрашаў усіх у госці, што многія адразу ж пачалі планаваць наступную паездку ў гэтыя мясціны.
Чым далей ад Мінска, тым мацнейшы дождж. Падаліся ў Мсцібава. Цяпер тут жыве ўсяго некалькі сотняў чалавек. А стагоддзі таму жыло некалькі тысяч. Пра Мсцібава ведалі самыя заможныя жыхары ВКЛ. Тут неаднойчы збіралася шляхта. Справа ў тым, што у мястэчку праходзілі соймы Вялікага Княства. Тут жа абіралі новага караля польскага і вялікага князя магутнай Літвы Стэфана Баторыя. Падарожнікі здзівіліся, што ў мясцовым касцёле захаваўся сапраўдны гатычны драўляны інтэр’ер. Можна з упэўненасцю сказаць, што майстар, які рабіў разьбу, быў дасканала знаёмы з найлепшымі помнікамі готыкі Заходняй Еўропы. Бо алтар не саступае аздобе знакамітага Кёльнскага сабора.
Праз некалькі хвілін апынуліся ў Шылавічах. Гатычны касцёл Святой Тройцы амаль кранае неба. Помнік лёгкі, статны, высокі. Не сказаць “ах!”, калі заходзіш у будынак, немагчыма. Хто б мог падумаць, што нашая кампанія прыедзе ў святочныя дні. Парафія Найсвяцейшай Тройцы святкавала сваё 500-годдзе! Сястра-манахіня, што з радасцю сустрэла нас у касцёле, пахвалілася новай іконай, якую падаравалі за дзень да нашага прыезду. А Аляксей Фралоў сыграў некалькі мелодый на электронным аргане.
Далей мы паехалі ў Ражанку. Мясцовы касцёл так прыгожа аздоблены камянямі, што з далечыні выглядае цацачным. На гэтым гатычная частка экскурсіі скончылася. Стомленыя і задаволеныя “будзьмаўскія готы” вырашылі, што ім мала прыгодаў, і па дарозе заехалі ў Жалудок. Больш ніякіх культавых пабудоваў… Захацелі наведаць палац, які пабудавалі ў пачатку мінулага стагоддзя. Архітэктурна негатычны, ён цяпер непарушна асацыюецца з беларускім крыважэрным фільмам (і па сумяшчальніцтве — іранічнай камедыяй) “Масакра”. Тым, хто глядзеў бульба-хорар, надта хацелася на ўласныя вочы ўбачыць сапраўдную лесвіцу і планіроўку. Але нас чакалі некаторыя праблемы. Высветлілася, што праехаць аўтобусам да самога палаца немагчыма. Але ці ж можа гэта спалохаць? Вырашылі прайсціся пешшу. Хто ж ведаў, што палац абнесены вялізным плотам, брама зачыненая, і трапіць туды можна толькі праз разрыў у бетоннай агароджы? Напэўна, нячаста прыязджаюць у Жалудок турыстычныя групы. Бо нам давялося прабірацца праз траву вышынёй па шыю. І гэта, заўважце, падчас дажджу! Хтосьці развярнуўся і пакрочыў у бок аўтобуса (іх пасля заўважыў мясцовы працаўнік і паклікаў родзіча, які меў ключы ад уваходнай брамы). Але большасць прабралася праз густую расліннасць. І нездарма. Бо палац здзівіў велічнасцю і добрым для Беларусі станам. Унутры знайшліся рэшткі дэкарацый, пакінутых кіношнікамі. На галёрцы потым доўга расказвалі, што бачылі ў замку прывідаў. У аднаго з удзельнікаў экскурсіі нават засталіся фотасведчанні. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. У Мінск вярнуліся глыбокай ноччу. Большасці пашчасціла злавіць апошні тралейбус, а віцебчукам – цягнік на 0:40.
За дзень мы наведалі 9 мясцінаў, дазналіся ўсё пра беларускую готыку. І зноў усвядомілі, што на беларускай зямлі багата ўнікальных помнікаў, якімі мы можам ганарыцца. Хутка “Гісторыка” сумесна з “Будзьма беларусамі!” рыхтуюць новы нетурыстычны маршрут для аматараў гісторыі. Хутчэй за ўсё, паедзем на поўнач. Сачыце за навінамі!
К. Н., удзельніца падарожжа