РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтар”
пры падтрымцы Міжнароднага аб’яднаньня “Грамадзянская Беларусь”
прадстаўляюць
вялікі вечар маладой беларускай літаратуры у гонар Ларысы Геніюш
9 жніўня, у дзень нараджэньня нацыянальнай паэткі Беларусі.
У Празе – горадзе, дзе Геніюш, паводле ейных словаў, прабавіла найшчасьлівейшыя гады жыцьця.
З 7 па 10 жніўня 2010 г. у Празе пройдуць майстар-клясы маладых беларускіх літаратараў-пераможцаў традыцыйнага конкурса Беларускага ПЭН-Цэнтру. Сёлета ён быў прысьвечаны адметнаму юбілею, які сьвяткуюць прыхільнікі беларускай культуры па ўсім сьвеце.
Паездка ў адзін з найпякнейшых гарадоў Эўропы стане ўзнагародай для 15 маладых літаратараў, якіх чакаюць экскурсіі, творчыя вандроўкі, сустрэчы з чэшскімі і беларускімі пісьменьнікамі. Падчас свайго перабываньня ў Празе творчы дэсант яскравых маладых аўтараў зладзіць вялікую літаратурную вечарыну, якая мае на мэце сьведчыць: беларуская літаратура працягваецца ў ХХІ стагодзьдзі.
Удзел возьмуць фіналісты і прызёры конкурсу імя Ларысы Геніюш: Ася Волкава, Антон Рудак, Сяргей Календа, Юлія Аляксеенка, Кацярына Макарэвіч, Юлія Качан, Алесь Емяльянаў, Кірыл Дубоўскі і іншыя.
Пераможцы мінулагодняга конкурсу маладых літаратараў імені Карласа Шэрмана Уладзь Лянкевіч, Алена Пятровіч, Віталь Рыжкоў, Кацярына Зыкава, Павел Анціпаў прэзэнтуюць зборнік арыгінальных і перакладных твораў “Сьвятая праўда ды іншыя казкі”, які – нечувана для кніг такога фармату – амаль цалкам быў раскуплены ў Беларусі.
Перад публікай выступяць два яскравыя празаікі Павел Касьцюкевіч і Барыс Пятровіч
І – ўзорна-паказальная змычка мэтраполіі і дыяспары: у межах вечарыны адбудзецца першая прэзэнтацыя зборніка вершаў праска-беларускага паэта Максіма Шчура “Амальгама”.
Правядзе вечарыну Андрэй Хадановіч.
Вечарына адбудзецца 9 жніўня (панядзелак) а 19:00 ў кавярні Krasný ztraty (адрас: Náprstkova 10,Praha 1, Staré Město)
Уваход вольны.