Сотні дызайнерскіх штучак былі раскупленыя наведнікамі Central Fashion Market, каб ужо зусім хутка стаць нечымі каляднымі ды навагоднімі падарункамі. У гэтую нядзелю клуб Мулен Руж, дзе адбываўся модны гандаль, наведала каля 2 тысяч чалавек. Дызайнерскія валёнкі, экстравагантны камбінезон,лямцавая шапка са смешнымі вушамі, фіялетавае пяро ў галаву альбо драўляны конь – ніколі не ведаеш, з чым адтуль выйдзеш.
У чырвоных інтэр’ерах Мулен Руж сабралася больш як 70 дызайнераў, сярод якіх каля 30 стваральнікаў брэндаў адзення. Модніцы хуталіся ў паліто ад My Happy Dress і адмаўляліся іх здымаць, так і сыходзячы прэч, прымяралі спадніцы з прынтом у вочныя яблыкі ад дызайнеркі Антаніны Ясніцкай і знаходзілі швэдар свайго дзяцінства ў асартыменце вінтажнай крамы PinSpool. Пастаянныя наведнікі модных маркетаў ужо маюць улюбёных беларускіх мадэльераў і адразу шукаюць стойкі з іх адзеннем. Арганізатарка CentralFasionMarket Ганна Цэмкала распавяла нам пра сваіх фаварытаў: «Асабіста мне даспадобы жаноцкія сукенкі з добрым кроем Yana Kovich, люблю Вольгу Кучарэнку за яе канцэптуальнасць, адзенне не для ўсіх, у якім бачная душа і почырк дызайнера, а таксама Юлію Бабій, якая робіць цудоўныя невялікія калекцыя, каторыя імгненна распрадаюцца».
Мужчынскае адзенне прадстаўляюць тры брэнды – PaRus Jeans, Gotti і дызайнерка Людміла Тараканава, якая ўдзельнічала ў маркеце ўпершыню.
Але нават не набываючы сукенкі і паліто, наведніцы мелі ўсе шанцы ўпасць у лёгкі транс, разглядаючы распісных коцікаў, лямцавых рыбак, каляровыя каўнерыкі, бясконца прымяраючы пярсцёнкі з палімернайгліны і абкручваючы вакол рукі скураныя бранзалеты. Калі ж разгаварыцца з дызайнерамі аксэсуараў і сувеніраў, якія размеркаваліся на другім паверсе, можна даведацца, штонекаторыя доўгі час успрымалі свае вырабы як хобі, а паслягэта стала іх асноўнай справай, не ў апошнюю чаргу з-за таго, што на падобных мерапрыемствах яны змаглі знайсці свайго пакупніка. Напрыклад, усмешліваядзяўчына Алена, якая сядзіць у атачэнні драўляных ласёў і коняў на палачцы з дзяцінства нашых бацькоў, раней працавала рэпетытаркай па нямецкай мове, а цяпер выразае цацкі пад брэндам WoodenFind.
У адрозненне ад аксэсуарнікаў і дызайнераў сувеніраў, стваральнікі модных брэндаў адзення за рэдкім выняткам усё ж прафесіяналы з дыпломамі ў сваёй сферы. «Асноўныя цяжкасці сучасных дызайнераў – гэта знайсці матэрыялы, за якімі трэба яшчэ папаляваць, і, вядома ж, месца рэалізацыі, бо адчыніць сваю краму даволі складана, а нейкіх спецыялізаваных месцаў у Беларусі мала», – кажа Ганна Цэмкала, адна з уладальніц шоў-рума дызайнерскага адзення.
Дарэчы, гэтае мерапрыемства можна лічыць юбілейным. Мінск упершыню зведаў з’яву фэшн-маркетаў летась у ліпені, але менавіта праекту Central Fashion Market 9 снежня споўніўся год. Хтосьці прыходзіць сюды, як у адно з нешматлікіх месцаў, дзе можна знайсці дызайнерскае адзенне, нехта ж проста хоча прабавіць час у прыемнай атмасферы: «Я прыйшоў паглядзець на сімпатычных і цікава апранутых дзяўчат», – распавядае нам наведнік, які прадставіўся Ягорам, па ягоным прызнанні ён увесь дзень правёў у бары.
Ганна кажа нам пра дасягненні свайго мерапрыемства: «Безумоўна, калі дызайнеры атрымалі магчымасць прадаваць сваю калекцыю раз на нейкі час, гэта паспрыяла іх развіццю і самаарганізацыі. Цяпер з’явілася пэўная колькасць дробных дызайнерскіх выставаў, і гэта вельмі добра. Думаю, мы былі такім ледаколам, які прабіў шлях, і цяпер за намі ідзе шмат маленькіх караблікаў. У іх свая аўдыторыя: хтосьці робіць дзіцячыя праекты, нехта арганізуе хэнд-мэйд кірмашы, «барахолкі». Але мы занялі нішу менавіта моднага маркета і хочам, каб на гэты ўзровень арыентаваліся і дызайнеры, і наведнікі».
Наступны фэшн-маркет арганізатары плануюць правесці толькі вясной.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева