У Магілёве прайшоў ХХ Міжнародны фестываль мультыплікацыі «Анімаёўка-2017». Арганізатары задаволена рапартуюць: сёлета на Анімаёўку мульцікі прывезлі 28 краін, сярод іх сапраўдныя «флагманы» індустрыі: Усходні Тымор (вы наогул чулі пра такую краіну?), М’янма, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Тайланд, Уругвай, Філіпіны і нават ПАР.
Лаяць гэты фэст у беларускіх СМІ не прынята, але артыкулы пра яго больш нагадваюць справаздачы пра надоі: голыя лічбы і агульныя факты.
Не піша пра «Анімаёўку» толькі лянівы, але выйдзі на вуліцу і спытай — ніхто не ўспомніць, што ў афішы. Падзея, якая задумвалася як цікавы івэнт і свята дзяцінства, вельмі хутка ператварыўся ў мерапрыемства, якое праводзіцца дзеля галачкі. Чаму так атрымалася?
Першая і самая галоўная праблема — гэта фестывальны рэпертуар.
Напрыклад, у гэтым годзе ў праграме, сярод іншага тыморскага і тайландскага авангарду, расійскі «Карлік Нос» 2003 года выпуску. Ці засталіся яшчэ тыя, хто хацеў паглядзець яго, але не паспелі і гатовыя схадзіць на яго ў кіно? Не думаю. Большасць анімацыі ў афішы пазначаная невыразнымі «конкурсная праграма, частка 1», «конкурсная праграма, частка 2», «залатая калекцыя мінулых гадоў» — гэта ж нейкі кот у мяшку. Несумненна, цікавыя працы на фестывалі ёсць, але як зразумець, калі будуць паказваць гэтае цікавае?
Прычына нумар два, чаму на фэст не ідуць, — гэта час паказаў. Вялікая колькасць фестывальных мерапрыемстваў праходзіць у будні ў працоўны час. Адвесці дзіця на мульцікі, напрыклад, у аўторак у 11:00 большасці бацькоў не пад сілу.
Праходзіў бы фэст на вакацыях — усяго на тыдзень пазней! — у яго і тое было б больш шанцаў.
Пры гэтым — вось жа парадокс — квіткоў на паказы не дастаць. Кагосьці вядзе мастацкі кіраўнік, хтосьці выступае і вымушаны застацца ў зале, але фестывалю патрэбны жывы глядач, які прыйшоў сам, а не з класным кіраўніком. Толькі жывы глядач сваім кашальком можа прагаласаваць за жыццяздольнасць фестывалю, але гледачу нават не даюць магчымасці зрабіць гэта.
Магчыма, увагу да «Анімаёўкі» прыцягнулі б зоркі? У прынцыпе, у свеце не так шмат знакамітасцяў, якія хацелі б прыехаць на фестываль мультыплікацыі ў правінцыйны горад, але арганізатары здзейснілі, здавалася б, немагчымае: зоркі сюды сапраўды прыязджаюць. «Анімаёўку» ў розны час наведалі дзяўчынка, якая агучвала Машу ў «Машы і мядзведзі», несмяротны вядучы «Поля цудаў», вусаты Леанід Якубовіч, зорка расійскіх серыялаў Аксана Сташэнка, многія сапраўды моцныя расійскія мультыплікатары савецкай школы. Але, на жаль, большасць магілёўцаў даведалася пра гэта толькі постфактум з сухіх справаздач прэсы. Калі наогул даведалася. У гэтым годзе адна з самых цікавых сустрэч фестывалю прайшла наогул у Горках — і якая цяпер ужо розніца, з кім.
Кожны год у афішы заяўленыя майстар-класы. І кожны год я задаюся пытаннем: для каго яны?
Для дзяцей і іх бацькоў? Але чаму тады ў афішах няма дакладнай інфармацыі, дзе, калі і як туды трапіць? Такое ўражанне, што гэтая інфармацыя распаўсюджваецца ў строгай сакрэтнасці сярод абраных — у агульным доступе яе не знайсці. Можа быць, гэта майстар-класы для мультыплікатараў? Але навошта тады пісаць пра іх ва ўсіх СМІ, толькі дражніць — мне гэта незразумела.
Кожны раз пасля фестывалю застаецца горкі паслясмак: гэта ж мульцікі, гэта павінна быць весела і цікава, і ты нават гатовы схадзіць пакінуць там свае грошы, але не, ты не ўваходзіш у кола абраных, а калі ўлічваць ўсё вышэйпералічанае, то і не вельмі і хацелася.
Іра Тонева, Марыя Гілёва