МГА “Гiсторыка” сардэчна запрашае вас наведаць, агледзець, сфатаграфаваць і ўсхваліць перліны гістарычнай спадчыны Беларусі! Ці прасцей — у чарговае падарожжа з кампаніяй “Будзьма беларусамi!”
Наш маршрут: Мiнск – Ішкальдзь – Сынкавічы – Зэльва – Гнезна – Мсцібава – Шылавічы – Ражанка – Жалудок – Мiнск.
Перліны, як і падчас падарожжа па Астравеччыне, — пераважна аб’екты культавыя. І нягледзячы на еднасць архітэктурнага стылю, назваць падобнымі іх цяжка.
Сынкавіцкая царква — сапраўдны волат, уражвае масіўнасцю і магутнасцю. Касцёл у Ражанцы сваім аздабленнем нагадвае пернічак або цацачны домік — так і хочацца памацаць рукамі! У Шылавічах касцёл амаль кранаецца неба — лёгкі, статны, высокі…
Іх варта пабачыць на ўласныя вочы!
Бонусам — адмыслова для готаў! — палац у Жалудку. Архітэктурна негатычны, ён цяпер непарушна асацыюецца з беларускім крыважэрным фільмам (і па сумяшчальніцтве — іранічнай камедыяй) “Масакра”, таму прызнаны сваім у асяродку гатычнай моладзі. У палацы захавалася сапраўдная лесвіца, планіроўка — і яшчэ шмат з таго, што было прынесена кіношнікамі: рэшткі дэкарацый, зашклёныя вокны і гатычны дух.
Інфармацыйнае суправаджэнне — Аляксей Фралоў.
Выезд — 2 ліпеня (субота) у 7.45 раніцы.
Запіс па тэл.: +375 29 7550370 (Зміцер)