У Светлагорску ў гарадской карціннай галерэі прайшла выстава “Зімовы настрой”. Адметнасць яе ў тым, што мастацкія працы выкананы незвычайным спосабам – нятканы габелен, а сярод аўтараў ёсць 5-6-гадовыя дашкольнікі.
На выставе былі прадстаўлены 16 твораў выхавацеляў і выхаванцаў светлагорскага цэнтра дашкольнага развіцця № 22. Іх аб’ядноўвае гурток ручнога ткацтва “Габеленчык”, у якім з дзяцьмі працуюць таленавітыя педагогі – Таццяна Міхеенка і Людміла Анонічава.
Яркія сюжэты з мультфільмаў, пейзажы, абстрактныя тэмы выкананы ў тэхніцы нятканых габеленчыкаў. Гледзячы на прыгожыя дзіцячыя працы, наведвальнікі выставы не адразу верылі, што іх зрабілі 5-6-гадовыя выхаванцы: Вікторыя Кузюкова, Вікторыя Маслюкова, Варвара Пішчала, Вадзім Раенкоў, Аліна Ракіцкая і Елізавета Рудніцкая.
У гуртку дзеці спачатку знаёмяцца з нятканым габеленам: на аснову, апрацаваную клеем, намацоўваюцца рознакаляровыя ніткі. Дзеці самі прыдумляюць кампазіцыю, выбіраюць колер, робяць малюнак-аснову, элементы якога размалёўваюць, а затым выкладваюць ніткі. Гэта з’яўляецца падрыхтоўкай да стварэння тканых палотнаў: на спецыяльных рамках з нацягнутымі ніткамі дашкольнікі робяць палатнянае перапляценне, выкарыстоўваючы драўляную палачку.
Светлагорская карцінная галерэя “Традыцыя” імя Г. Пранішнікава перыядычна адчыняе свае залі для дзіцячых выставаў, і тады побач з творамі вядомых мастакоў можна ўбачыць працы школьнікаў альбо нават тых, што яшчэ займаецца ў дзіцячых дашкольных установах.
На здымке: праца кіраўніка гуртка “Габеленчык” Т. Міхеенкі “Абуджэнне зямлі”, нятканы габелен. Фота: ranak.by.