Бліжэйшым часам музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні стане адным з галоўных аб’ектаў must visit у Віцебску. Гучныя імёны прывабліваюць увагу, а сучасныя тэхналогіі, гарантуючы чаканы інтэрактыў, падтрымліваюць цікавасць да экспазіцыі. Чым адметны новы музей і якое месца зойме ў гарадскім жыцці — у матэрыяле budzma.by.
Будавалі на Уваскрасенскай, малявалі на Бухарынскай, рэстаўравалі на Праўды, а адкрылі на Шагала.
Будынак, дзе ў 1918 годзе Марк Шагал заснаваў народную мастацкую вучэльню, задоўга да рэстаўрацыі стаў экскурсійным аб’ектам. Да яго падыходзілі ў пошуках віцебскіх адрасоў славутага мастака, ля яго сцен завязваліся дыскусіі аб сучасным мастацтве. Дом уваходзіў у маршруты вандровак па горадзе, а падчас Фэсту экскурсаводаў будынку і гісторыі вучэльні прысвяцілі асобную экскурсію. Цяпер у гараджан і турыстаў будзе магчымасць зайсці ўнутр — на вуліцы Шагала ў Віцебску адкрылі музей гісторыі народнай мастацкай вучэльні.
Гаворка аб стварэнні музея ў гістарычным будынку вялася даўно. У 2011 годзе дом перайшоў да Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва. І праз два гады пачаліся першыя рэстаўрацыйныя працы. Ім папярэднічалі ХХІІ Шагалаўскія чытанні, прысвечаныя настаўнікам і вучням народнай мастацкай вучэльні. Упершыню канферэнцыя адкрылася грунтоўнай выставай аб дзейнасці навучальнай установы. Ад гэтага часу будынак на вуліцы Шагала пачалі называць не інакш як будучым музеем. Паводле дырэктара музея Андрэя Духоўнікава, канцэпцыя ўстановы была зразумелая ад самага пачатку. Музей задумваўся як падмацаваная сучаснымі тэхналогіямі прастора, якую варта разглядаць як навуковы і выставачны цэнтр.
Першапачаткова будынак планаваўся як жылы дом заможнага віцебскага купца Ізраіля Вішняка. Пачатак яго будаўніцтва на тады яшчэ Уваскрасенскай вуліцы выпадкова зафіксаваў знакаміты фатограф Сяргей Пракудзін-Горскі, які ў 1912 годзе ўпершыню зрабіў шэсць каляровых здымкаў Віцебска з вышыні Успенскай гары і званіцы тамтэйшага сабора. Павялічанай копіяй адной з віцебскіх панарамаў, на якой выразна відаць абрысы будучай сядзібы, пачынаецца экскурсія па новым музеі.
Вуліца, на якой стаіць гістарычны будынак, неаднойчы мяняла назву. У часы Шагала яе называлі Бухарынскай, пазней яна стала вуліцай Праўды, а ў 2016-м яе частку — паміж вуліцамі Леніна і Калініна — перайменавалі ў Марка Шагала. Такім чынам, адбудова будучага музея пачалася на вуліцы, што насіла імя найбольш уплывовага друкаванага выдання Савецкага Саюза, а скончылася на вуліцы, названай у гонар сусветна вядомага мастака. Дамы на вуліцы часткова аздобленыя роспісамі паводле малюнкаў прадстаўнікоў суполкі УНОВІС, а таксама цытатамі з успамінаў пра горад Марка Шагала.
Віцебск ХХ стагоддзя, УНОВІС і творчыя майстэрні
Будынак значна пацярпеў ад знаходжання ў ім адміністрацыі будаўнічага трэсту № 9. Рэстаўратарам давялося правесці грунтоўную даследчую працу, каб аднавіць планіроўку амаль стогадовай даўніны. План будынка 1923 года добра захаваўся і пасля завяршэння работ стаў часткай музейнай экспазіцыі. “Каб аднавіць інтэр’еры памяшканняў, мы ўважліва праглядалі архіўныя фотаздымкі, — распавядае вядомы віцебскі мастак і дызайнер Аляксандр Вышка. — А таксама карысталіся ўласнымі знаходкамі”. Кавалкі старой падлогі, металічныя цвічкі, ручкі і пажоўклая папера шпалераў дэманструюцца ў зашклёных вітрынах.
Музейныя супрацоўнікі ўпэўненыя, што галоўным экспанатам усё ж застаецца сам дом. Пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя з усімі магчымымі выгодамі, цяпер ён працягвае жыццё як музей, абсталяваны сучаснай тэхнікай. Павага да мінулага дома заўважная ў яго ўнутраным аздабленні. Кавалкі цагляных і атынкаваных сцен, фрагменты старой падлогі пасля рамонту, дэманструючы ўдалы дызайнерскі ход, засталіся нібыта некранутымі.
Наведнікі перадусім трапляюць у Віцебск пачатку ХХ стагоддзя. Якім быў горад і чым жыў, можна даведацца, “пагартаўшы” экраны інтэрактыўнай тумбы, зробленай па прыкладзе той, куды амаль стагоддзе таму гараджане наклейвалі абвесткі ды афішы. Стары план Віцебска дапамагае перанесціся ў мінулае, а фотапраект Віктара Барысенкава дае магчымасць суаднесці яго з сучасным горадам.
Адна з залаў прысвечаная заснавальнікам і выкладчыкам народнай мастацкай вучэльні. У 1918–1923 тут выкладалі Мсціслаў Дабужынскі, Марк Шагал, Вера Ермалаева, Іван Пуні, Яніс Цілберг, Давід Якерсон, Эль Лісіцкі, Юдаль Пэн, Ніна Коган, Аляксандр Ром, Казімір Малевіч, Роберт Фальк і іншыя.
У афармленні майстэрні творчай суполкі УНОВІС пераважае чырвоны і белы колер. Каштоўным і цэнтральным экспанатам майстэрні стала факсімільнае выданне альманаха УНОВІС. На адной са сценаў — эскіз размаляванага трамвая Ніны Коган. Як і ў 20-я гады ХХ стагоддзя, у сучасным Віцебску можна ўбачыць трамваі, аздобленыя эскізамі Малевіча і Коган. Толькі размалёўвалі іх ужо ў 2016-м. Дарэчы, паменшаную копію “супрэматычнага” трамвая можна адшукаць у сувенірнай крамцы пры ўваходзе ў музей.
Адзін з пакояў на трэцім паверсе займаў Марк Шагал. Гадаванцы мастацкай вучэльні былі шчыра да яго прывязаныя. Займаючы высокую пасаду, мастак быў вымушаны актыўна займацца грамадскай дзейнасцю, вырашаць арганізацыйныя пытанні — шукаць фарбы, пэндзлі, палотны для сваіх вучняў. За некалькі гадоў, якія Шагал узначальваў вучэльню, ён амаль не стварыў нічога ўласнага. Зрэдчас ён дае майстар-класы ў сваёй майстэрні. Памяшканне звычайна было перапоўненае.
Побач знаходзіліся кабінет Казіміра Малевіча, творчыя майстэрні Веры Ермалаевай, Эль Лісіцкага, Давіда Якерсона.
Сярод іншых гарадскіх музеяў будынак на вуліцы Шагала вылучаецца перадусім тэхнічнай аснашчанасцю. Больш за 20 мультымедыйных адзінак гатовыя да працы з наведнікамі на беларускай, рускай і ангельскай мовах. У кожнай зале працуюць інфармацыйныя кіёскі з простым і зразумелым шараговаму наведніку дызайнам інтэрфейсу. У пакоі Марка Шагала дзейнічае інтэрактыўнае люстэрка, у глыбіні якога дэманструюцца кадры з жыцця вядомага мастака. У кабінеце Малевіча інтэрактыўным зрабілі стол, за якім працаваў мастак. А ў самым цёмным музейным кутку наведнікам прапануюць фрагменты футурыстычнай оперы “Перамога над сонцам”.
Сучасныя тэхналогіі дапамогуць змяніць стаўленне да музея, упэўненыя спецыялісты. Музей павінен быць прасторай, куды варта ісці па веды і гістарычныя адкрыцці. Месцам, куды ідуць вучыцца і адпачываць. Дарэчы, адну з залаў новага музея кіраўніцтва жартаўліва называе “лофтам”. Яна адведзеная пад выставы, заняткі і майстар-класы і для зручнасці наведнікаў укамплектаваная крэсламі-падушкамі.
Цяпер, калі музей адкрыты, у Віцебску з’явіўся яшчэ адзін цікавы аб’ект для наведвання. Турыстычныя кампаніі ўжо вядуць перамовы з кіраўніцтвам музея аб прыняцці арганізаваных груп і асобных турыстаў. Музей працуе, аднак наперадзе яшчэ шмат працы — тэхнічнай і інфарматыўнай. А таксама шмат цікавых падзей, што могуць зрабіць гарадское жыццё багацейшым. Адна з іх — стагоддзе заснавання Віцебскай народнай мастацкай вучэльні.
Яна Шыдлоўская