20 кастрычніка паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк наведалі Мар’іну Горку, дзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правялі дзве творчыя сустрэчы: у СШ № 1 і Аграрна-тэхнічным каледжы.
“Па сутнасці, гэта былі два ўрокі Максіма Багдановіча, праведзеныя ў адпаведнасці з творчай эстэтыкай паэта. Мы пастараліся аб’яднаць у адно цэлае карыснае (інфармацыю пра жыццё і творчасць Багдановіча) і прыгожае (непаўторнае гучанне ягонай паэзіі), бо, як казаў сам Багдановіч, “навошта каласы, калі сярод іх няма васількоў?” З ахвотай адказвалі вучні на пытанні літаратурнай віктарыны па творчасці Багдановіча, за што самыя кемлівыя атрымалі памятныя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. На абедзвюх сустрэчах адбыліся міні-прэзентацыі чацвёртага нумару часопіса “Верасень”, — падзяліліся сваімі ўражаннямі ад сустрэч выступоўцы.