Пры судакрананні з паняццямі «архіў», «справа», «дакумент» натуры паэтычнай абавязкова прыйдуць на памяць радкі верша Максіма Багдановіча «Летапісец»:
Што тут чынілася ў даўныя гады,
Што думалі, аб чым спрачаліся тады,
За што змагаліся, як баранілі веру, —
Узнаюць гэта ўсё патомкі праз паперу!
Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, -
І вось у спомінах устане, ажыве,
Калі знайдуць яго няхітрае пісанне
Пра гэтае жыццё, надзеі, справаванне.
Старонка з альбома сям’і Максіма Багдановіча. 1892-1911
Паэт, несумненна, быў захоплены таямніцамі мінуўшчыны, і ў працы старажытнага летапісца бачыў вялікую гістарычную місію. Ды не толькі захапленне кіравала ім. Паэт, думаю, заклікаў шанаваць памяць аб мінулым, берагчы тое «няхітрае пісанне», праз якое дойдуць да будучыні «жыццё, надзеі, справаванне» ў праўдзівых дэталях і вобразах, піша «Звязда».
Для газеты «Звязда» і не толькі
Я. Купала. «Над ракой Арэсай». Паэма. Замест уступу. Аўтограф. 1933 г.
За шэсцьдзясят два гады саёй дзейнасці архіў-музей прыняў у свае сховішчы больш за пяцьсот дваццаць архіўных фондаў па гісторыі літаратуры і мастацтва. Сярод іх фонды класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Пачанкі, Янкі Брыля, Уладзіміра Дубоўкі, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Міхася Лынькова, Канстанцыі Буйло, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча і многіх іншых; акцёраў — народных артыстаў СССР і Беларусі Галіны Макаравай, Стэфаніі Станюты, Фёдара Шмакава, Аляксандры Клімавай, Уладзіміра Уладамірскага, Леаніда Рахленкі, Лідзіі Ржэцкай; кампазітараў Юрыя Семянякі, Яўгена Глебава, Пятра Падкавырава, Яна Тарасевіча, Анатоля Багатырова; мастакоў Аркадзя Астаповіча, Валянціна Волкава, Арлена Кашкурэвіча, Барыса Малкіна, кінарэжысёраў Уладзіміра Корш-Сабліна, Віктара Турава, Віталя Чацверыкова і многіх іншых.
У.С.Караткевіч. Малюнак і верш, дасланыя М.Танку. Папера, шарыкавая ручка, аўтограф. 17.06.1957
Першыя крокі
Гісторыя архіва-музея пачалася 9 чэрвеня 1960 года. Менавіта ў гэты дзень была падпісана пастанова Савета Міністраў БССР аб стварэнні Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва БССР. На дзень стварэння архіва многія фонды творчых устаноў захоўваліся ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва (сучасны Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь). У хуткім часе гэтыя фонды былі перададзены новастворанаму профільнаму архіву. Некаторыя з перададзеных фондаў захаваліся з даваенных часоў, як, напрыклад, фонд літаратурнай арганізацыі «Маладняк», «Белдрамтаварыства», Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра. А вось асабістыя архіўныя фонды на той час заставаліся па-за ўвагай практычнай дзейнасці дзяржаўных архіваў Беларусі. Да стварэння архіва літаратуры і мастацтва архівы асабістага паходжання, і найперш дзеячаў літаратуры і мастацтва, не з’яўляліся абавязковым аб’ектам іх камплектавання. Гэтую работу, пры нагодзе, ажыццяўлялі музеі — для папаўнення сваіх экспазіцый, і бібліятэкі.
Нататнік бацькі К. Каганца К. К. Кастравіцкага з гаспадарчымі запісамі і аўтографамі паўстанцаў 1863–1864 гг.: Міхала Радзевіча, Адама Вайцяхоўскага, Міхала Дабравольскага, Баляслава Баравіка, Цэзара Міцкевіча і іншых.
Некалькі радкоў пра дакументы архіва-музея, якія сведчаць пра далёкае дзевятнаццатае стагоддзе. Згадаю самы ранні арыгінальны дакумент, які мае ўсе падставы называцца ўнікальным: запісную кніжку сям’і мастака і пісьменніка Каруся Каганца — Казіміра Кастравіцкага. Кніжка спачатку належала дзеду пісьменніка Самуілу Кастравіцкаму, а пасля бацьку, удзельніку паўстання 1863 г. Карлу Кастравіцкаму, першы запіс у ёй зроблены ў 1813 г. За вокладкай гэтай кніжкі больш за сто пяцьдзясят гадоў захоўваліся развітальныя аўтографы асуджаных на высылку сукамернікаў Карла Кастравіцкага, вядомых кіраўнікоў паўстання на Міншчыне.
Да ўнікальных варта аднесці і фонд Грыгаровіча. Ён, акрамя таго што захоўвае рукапіс невыдадзенага другога выпуску «Беларускага архіва», падрыхтаванага Грыгаровічам у 1825 годзе, мае копіі дакументаў па гісторыі Беларусі ад 1240 года. Арыгіналы гэтых дакументаў, на вялікі жаль, не захаваліся, і копіі, зробленыя два стагоддзі таму, з’яўляюцца бясспрэчнымі сведкамі іх існавання.
Царкоўны летапіс прыходскай Дукорскай Петрапаўлаўскай царквы. Рукапіс. 1886-1918
Хочацца згадаць і рукапісную «Беларускую хрэстаматыю» 1889 года, якую «сабраў і ўлажыў Браніслаў Эпімах-Шыпіла», дзякуючы якой у беларускай літаратуры захаваліся імёны і ўзоры паэтычных твораў нашых даўніх часоў.
«Беларуская хрэстаматыя», сабраная і запісаная Б.Эпімахам-Шыпілам. Аўтограф. 1889-1931
Страчанае і захаванае
Многія выдатныя людзі мінулага з вялікай увагай ставіліся да дакументальных крыніц, збіралі і захоўвалі іх, стваралі ўнікальныя калекцыі і цэлыя музеі. У іх шэрагу вялікія беларусы Іван Грыгаровіч, Аляксандр Ельскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, браты Іван і Антон Луцкевічы, Рамуальд Зямкевіч і іншыя, чые зборы былі вядомыя далёка за межамі іх прыватных уладанняў. На вялікі жаль, час не быў літасцівы да гэтых унікальных калекцый: некаторыя страчаны цалкам, некаторыя дайшлі да нас толькі невялікімі фрагментамі. Але яны залажылі практыку збірання перш за ўсё асабістых архіваў, зрабілі першыя крокі да методыкі іх сістэматызацыі і апісання і стварылі перадумовы для арганізацыі іх камплектавання ў дзяржаўных архівах у будучым.
Б. Малкін. «Жоўты клоўн». Серыя «Цырк. Клоўны». Манатыпія. 1966-1968 гг.
Найбольш стратным для Беларусі ў дачыненні да архіўных крыніц стала ХІХ стагоддзе. Мы да гэтай пары ў пошуках нашых скарбаў, адпраўляемся ў іншыя краіны, каб выявіць рукапісы і дакументы Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Лучыны і іншых. Пры гэтым я маю на ўвазе не толькі архівістаў, але і даследчыкаў-літаратуразнаўцаў. У многіх выпадках надараецца шанц атрымаць копіі. Даследчыкі пакідаюць іх у сваіх асабістых зборах, архівісты ствараюць калекцыі. З такой калекцыяй можна пазнаёміцца і ў архіве-музеі. Яе складаюць дакументы і рукапісы Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны і іншых. Усе яны атрыманы з розных сховішчаў Расіі і Польшчы як непасрэдна архівам, так і праз навукоўцаў.
Важную частку крыніц БДАМЛіМ складаюць фонды творчых устаноў, сярод якіх рэдакцыі літаратурна-мастацкіх часопісаў і газеты «Літаратура і мастацтва», нацыянальныя тэатры, кінастудыя «Беларусьфільм», Акадэмія музыкі, Беларуская дзяржаўная філармонія і іншыя. Асобна варта згадаць фонд Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Менавіта ён утрымлівае самую значную колькасць крыніц, што адносяцца да пачатку ХХ стагоддзя. Гэты дакументальны збор мэтанакіравана ствараўся ў Віленскім музеі на працягу дваццаці пяці гадоў. Адну з самых вялікіх частак архіўнага фонду Музея імя Івана Луцкевіча складаюць матэрыялы беларускіх выдавецтваў, выдавецкіх таварыстваў, а таксама часопісаў і газет. Сярод іх — выдавецкія таварыствы «Загляне сонца і ў наша ваконца» (Пецярбург), Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні, «Мінчук» (Мінск), «Наша хата» (Вільня), рэдакцыі газет «Наша Ніва», «Гоман», «Змаганне», «Голас беларуса», «Народны звон», «Наперад», рэдакцыі часопісаў «Маланка», «Крывіч», «Саха» і іншыя. Менавіта ў рэдакцыях часопісаў і газет захаваліся аўтографы выдатных дзеячаў беларускай літаратуры, у тым ліку Багдановіча, Буйло, Бядулі, Гартнага, Івана Луцкевіча, Эпімах-Шыпілы, Бурбіса. Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні паспяхова камплектаваў асабістыя дакументы многіх беларускіх дзеячаў: рукапісы, лісты, фотаздымкі і іншае. Сярод імёнаў, чые архівы ці іх часткі захаваліся ў яго зборах, Грыневіч, Якуб Колас, Тарашкевіч, Ластоўскі, браты Луцкевічы, Цётка (Алаіза Пашкевіч) і іншыя.
Фатаграфія паэта Я.Лучыны (І.Неслухоўскі). Фотаатэлье «Фатаграфія І.Грынберга», Санкт-Пецярбург. 1875
Вяртанне і памяць
Самыя розныя абставіны змушалі беларусаў засяляць многія гарады Расіі, прасторы Урала, Сібіры, Казахстанскага стэпу, нязнаныя куткі амаль усіх рэспублік былога СССР. На 1970-я — 1990-я гады прыпадае самае актыўнае камплектаванне архіва-музея дакументамі па гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва менавіта ў гэтых рэгіёнах. Архіўныя фонды Астапенкі, Брайцава, Бабарэкі, Буйло, Дубоўкі, Ельскага, Жаўрука, Мазалькова, Мачульскага, Садковіча, Любана, Каганца і іншых. былі выяўлены і набыты ў Маскве; Багдановіча — у Яраслаўлі; Бэндэ, Кабзарэўскага, Гарэцкага-Чарняўскай — у Санкт-Пецярбургу; Верас, Талеркі, Тулейкі — у Вільні; Гарбука — у Пяцігорску; Дылы — у Саратаве; Ласкова і Баркоўскага — у Якуцку; Сакола, Целеша, Мірановіча — у Латвіі; Ліхадзіеўскага — у Ташкенце. Вялікую ролю ў справе захавання гэтай магутнай спадчыны беларускага народа адыгралі і адыгрываюць іх нашчадкі. На працягу многіх дзесяцігоддзяў старанна зберагаліся ў сем’ях архівы Гарэцкага, Бабарэкі, Жаўрука, Брайцава, Астапенкі, Каганца, Каспяровіча і многіх іншых. Упарадкаваныя і дагледжаныя, яны былі перададзены архіву-музею на захоўванне ў поўным складзе.
Фатаграфія Аляксандра Дзмітрыевіча Туманава — начальніка канцылярыі Упраўлення Віленскага генерал-губернатара. З дароўным надпісам М.А. і К.М.Сніткам ад 25.11.1865. Фотаатэлье «Светопись Левицкаго», Вільня.
Сёння Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва — адзін з унікальных аб’ектаў навуковых інтарэсаў літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, гісторыкаў культуры і даследчыкаў яшчэ цэлага шэрага гуманітарных дысцыплін. Большую частку яго фондаў, звыш васьмідзесяці працэнтаў, складаюць асабістыя фонды дзеячаў літаратуры і мастацтва, а з іх найбольшую колькасць, звыш двухсот дваццаці, — фонды пісьменнікаў. У рукапісах і дакументах, якія яны захоўваюць, адлюстраваны жыццё, дзейнасць іх стваральнікаў і галоўнае — іх творчая лабараторыя. Менавіта асабістыя фонды дзеячаў літаратуры і мастацтва пашыраюць іх бібліяграфію, становяцца асновай для стварэння збораў твораў і крыніцай нечаканых навуковых адкрыццяў.
Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.