Літаратурны крытык Наста Грышчук працягвае разглядаць на budzma.by творы са школьнай праграмы. Сёння гаворка пра аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха»
Уладзімір Караткевіч — самы рамантызаваны пісьменнік Беларусі. Сінонім патрыятызму, сцяг неафітаў-«ліцвінаў». Праз творы Караткевіча большасці маладых людзей адкрываецца простая ісціна, што яны беларусы. Што іх мова не руская і тым больш не калгасны дыялект вялікамагучага.
Рамантычны флёр нацыяналізму настолькі абаяльны ў Караткевіча, што на перыферыі ўспрыняцця застаюцца рэчы, прамоўленыя аўтарам-гуманістам. У якога апрача палымянага сэрца ёсць розум.
Калі вы чыталі аповесць даўнавата, , то, імаверна, маеце падобныя ўяўленні пра твор: ёсць ліхадзеі, яны ж дзікае паляванне, біч занядбанага народа; ёсць крохкая Надзея Яноўская, гаспадыня Балотных Ялін, якую трэба ратаваць; ёсць героі з бчб-німбам — Андрэй Беларэцкі і Андрэй Свеціловіч. Дабро перамагае, жахі з інтрыгаю прыемна казычуць нервы.
Перачытваеш «Дзікае паляванне...» на цвярозую галаву — і, аказваецца, яно далёка не такое рамантычнае.
Пачнём з самага сумнага — актуальнасці тэксту, якому споўнілася 56 гадоў. Па змоўчанні чакаецца, што за паўстагоддзя ў грамадстве адбываюцца нейкія змены. Што ж, чакайце далей.
«Мяне мучыла даўняя, застарэлая хандра, якая варушылася ў тыя дні на дне кожнай беларускай душы: нявера ў каштоўнасць сваёй справы, бяссілле, глухі боль — асноўныя прыкметы ліхалецця...»
«Яны жывуць бульбай, галодным пушным хлебам, нішчымнай аўсянкай і фантазіяй».
Хто скажа, што гэта не так, што гэта перабольшанне, таму параю са стужкі фэйсбука пераключыцца на рэпартаж з якой-небудзь фермы, дзе людзям па паўгода не плацілі заробак. Харчуюцца яны «заўтракамі» — абяцанкамі сытых чыноўнікаў, і ад абяцанняў гэтых пухнуць не толькі жываты, але і мазгі.
«Добры, памяркоўны, рамантычны народ у руках такой поскудзі. І пакуль гэты народ будзе дурнем, так будзе заўсёды. ... Дорага б я даў таму чалавеку, які скіне нарэшце з шыі народнай усіх гэтых гнілых шляхцюкоў, тупых Homo Novus, пыхатых выскачак, прадажных журналістаў і зробіць яго гаспадаром уласнага лёсу».
Проста цяпер, у рэжыме анлайн, можна назіраць, як свежая абойма пыхатых выскачак караскаецца на шыі беларусаў. А тыя і радыя.
Асаблівую цікавасць выклікае апісанне шляхты. «І калі ў васямнаццатым стагоддзі шляхта памірала бурліва... калі ў пачатку дзевятнаццатага паміранне яе яшчэ было авеяна ціхім сумам забытых палацаў у бярозавых гаях, то ў мае часы гэта было ўжо не паэтычна і зусім не сумна, а брыдка, часам нават жахліва ў аголенасці сваёй».
Формула тая ж, зменім акалічнасці: калі ў 1980-я гады нацыяналісты выглядалі героямі народнага фронту, калі ў 1990-я іх змаганне выдавала на барацьбу з ветракамі, бессэнсоўную, але ўсё яшчэ высакародную, то цяпер кепскія песні пра Пагоню, перлы Пазняка і ілжывыя пракламацыі выклікаюць агіду. Як нешта ненатуральнае, як прывід — дзякаваць богу, бясплотны — хваравітай абранасці звыш.
Знаходзяцца людзі (а некаторыя з іх лічаць сябе палітыкамі), якія вераць у богаабранасць беларускага народа (насамрэч — сваю ўласную). І гэта пасля Другой сусветнай вайны, з негатыўным прыкладам пад усходнім бокам.
Чытайце таксама: Мы, беларусы, пінская шляхта
Што ж, у часы Караткевіча легенда пра белага каня («Каласы пад сряпом тваім»), на якім прыедзе збаўца, выглядала арганічна. Гэты неарамантызм існаваў у натуральным асяродку, ён не быў плёнам запалёнай фантазіі, узмоцненай недзеяздольнасцю. Сёння такі рамантызм мае чыста кніжны характар. Мілая сямейная рэліквія. Але многія кіруюцца ім і цяпер, і гэта, як на мяне, страшнейшае за дзесяць дзікіх паляванняў. Таму што пазбаўляе будучыні.
Паглядзела б з задавальненнем, як Андрэй Беларэцкі пераказвае Андрэю Белазору, свайму пачварнаму двайніку і плёну экзальтацыі Севярынца, адзін фрагмент. Урывак з маналога пра нездаровы рускі нацыяналізм, калі ў 1880-я гады гімназістам-беларусам унушалі, што яны чыстакроўныя, «исконно русские люди».
«Вось як, нават больш рускія, чым самі рускія! Прапаведавалі б нам гэтую тэорыю да пачатку гэтага стагоддзя — абавязкова б Беларусь перашыбла Германію, а беларусы зрабіліся б першымі гвалтаўнікамі на зямлі і пайшлі б адваёўваць у рускіх, якія не сапраўды рускія, жыццёвы абшар, асабліва яшчэ калі б добры божачка даў нам рогі».
Калі чуеш пра «Вільню нашу», пра спрадвек беларускія землі ад Чорнага да Балтыйскага мораў, пра сапраўдных беларусаў і ненастаяшчых, калі назіраеш праведнае асуджэнне рускамоўных і падзел сучасных пісьменнікаў Беларусі на нашых і нянашых (бо па-руску пішуць) — у такія моманты я шчыра ўсцешаная, што рагоў божачка нам не даў.
Караткевіч зрушыў масавую беларускую свядомасць з мёртвай кропкі. Цяпер арэлі гайдануліся ў цёмны бок, які Караткевіч у тым жа «Дзікім паляванні...» высмейвае. Так, ён пусціў у гульню карту нацыянальнага гонару. Але не таму, што мы асаблівыя. Проста карта эфектыўная: чалавек прачынаецца, адчувае ўласную годнасць, прычым рабіць для гэтага нічога не мусіць — толькі кніжкі чытай.
Паглядзім на Свеціловіча. Здавалася б, цалкам станоўчы вобраз. Але сам Караткевіч паказвае, што яго шлях тупіковы. Мір ва ўсім свеце — гучыць хораша, калі ты выступаеш з прачулай прамовай на конкурсе прыгажосці. Складаней навесці парадак у адным асобным маяраце. У «Дзікім паляванні...» Свеціловіч нібы дублюе Беларэцкага: адна ідэя, адно каханне, не кажучы пра імя. Але варта прыгледзецца — і яны робяцца антыподамі.
Свеціловіч паўстае супраць «крывавага рэжыму» абсалютна бязглузда: замест таго каб прадумаць дзейсныя метады барацьбы, адкрыта раскідваецца гучнымі заявамі. З тым жа поспехам можна адразу лезці ў пятлю: сэканоміш час сабе і людзям. У якую рэальную працу Свеціловіч уклаўся, няясна. Ведаем толькі, што дапамагаў сялянам судзіцца з панамі. Магчыма, з яго вырас бы Багушэвіч, але Свеціловіча забіваюць праз шчанячую даверлівасць. Вось і ўся гісторыя.
А вось Беларэцкі. Ён разумее, у якім асяродку жыве, і не грэбуе асцярожнасцю. Яму бывае страшна, і не раз, і ён адкрыта ў тым прызнаецца. Ён не пакутуе на сентыментальнасць, ён умее карыстацца становішчам. У цэлым ён больш блізкі да Дубатоўка, з той толькі розніцай, што мэты іх разыходзяцца. А яшчэ — звяртаю асаблівую ўвагу! — яму агідны гвалт. Шчыра кажучы, ніякавееш, калі пяшчотнае ягня Свеціловіч абвяшчае: паноў трэба рэзаць. Нейкі дзіўны ўсеагульны дабрабыт.
*
Не ўсё так проста і з самім дзікім паляваннем. У аповесці яно не адно. Іх тры.
Першае — мясцовая легенда. Гэта калі казаць пра аповесць. За межамі тэксту дзікае паляванне — міфалагема, якая ўвасабляе кон і сілу надчалавечую.
Другое дзікае паляванне — фальшывае. Замест прывідаў — махляры і фокуснікі; замест справядлівасці — дробныя зямныя інтарэсы.
Напрыканцы з’яўляецца трэцяе: паляванне, узначаленае Беларэцкім пасля разгрому банды Дубатоўка. Атрад Беларэцкага рушыць да сядзібы «фінальнага боса» на тых самых дрыкгантах «караля Стаха», і разам з людзьмі — шыкоўная дэталь — на расправу скачуць пудзілы, падробныя прывідныя коннікі. Сам Дубатоўк, калі памятаеце, гіне ў балоце, затаптаны сваімі ж дрыкгантамі.
І вось яно, галоўнае пытанне: банда Дубатоўка гіне таму, што сустрэла адпор людзей — ці таму, што замахнулася на дзікае паляванне?.. Калі б Караткевіч наважыўся вывесці аповесць на філасофскія рэйкі, мы маглі б убачыць сцэну, дзе фальшывае паляванне гіне ад зброі сапраўднага. Але ў пісьменніка была іншая задача: паказаць, што ўсё зло ад людзей, і, адпаведна, шчасце таксама ў руках чалавека. Тут ён застаецца класічным гуманістам.
«Літоўскі хутарок»: фемінізм як частка гуманізму
Увогуле, шасцідзясятыя былі не найлепшым часам для містыцызму ці трансцэндэнтных «настрояў». І без таго твор рызыкоўны і надрукаваны, падобна, дзякуючы тэме міжкласавай барацьбы. Заўважце: шляхта ў аповесці кепская і выраджаецца, станоўчыя героі пагарджаюць «паньствам», Надзея Яноўская выракаецца маярату і ахвяруе палац на школу/бальніцу. Вельмі правільныя з пункту гледжання савецкай ідэалогіі рэчы.
Што да самой Яноўскай... Яна гаравала на самоце, у катастрафічным эканамічным становішчы, у разбураным палацы між балотаў, ведаючы сваю багатую і драматычную гісторыю, але разумеючы, што гісторыяй не тое што сыты — здаровы не будзеш. Самнамбула, якая пакутуе ад махляроў і прыдуманых страхаў. Менавіта страх, яго ціхае смяротнае панаванне, звёў яе да стану анабіёзу, адабраўшы будучыню.
Калі гэта не Беларусь, то што?
Калі ж разглядаць Надзею выключна як персанажа, дадам: зусім неабавязкова чакаць рыцара з губернскага горада М. Пры ўсёй сваёй абаяльнасці Караткевіч пісаў цалкам патрыярхальныя раманы — ураўнаважваюць іх гумар і чалавекалюбства. У прыватным парадку зычу Надзеі прадаць абрыдлы маёнтак, пакласці грошы ў банк, а з працэнтаў жыць у цёплай краіне з морам.
Наста Грышчук, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!