
Дызайнэр з Баранавічаў вырашыў зрабіцца музыкам, паклікаў двух сяброў ды запісаў музычна-паэтычны эцюд у стылі мінімалізму, які з гонарам назваў сваім “дэбютным альбомам”. Трэкі часам не сягаюць і 30 сэкундаў, а ў якасьці інструмэнтаў выкарыстоўваецца ўсё, што пад руку трапіць, у тым ліку і выбівалка, трэба думаць. Першы ж трэк “Однопальцевый аккорд” адсылае ў эпоху застою. Нібы запісана тое, на якім слаўным падпольным кватэрніку, дзе да гэтага ўжо быў і піва піў СашБаш. І вось дзеля разнастайнасьці туды вырашылі запрасіць такога вось Дзіму Ску, які глотку так ня рве, вершы ня піша, але вясёлы і эпатажны тып, які можа развесяліць з дапамогай рота ды ўкулеле. “Мокрая” з раптоўнай згадкай пра “сиреневый туман” і “кондуктор не спешит” толькі падмацоўвае ў такім адчуваньні.
Але альбом Дзімы Ску не занядбаны рарытэт, а прадукт сучасны. Таму калі ўжо аўтар вырашыў выказаць стаё стаўленьне да рэчаіснасьці такім сьцёбным спосабам, то хацелася б паболей перцу, больш дасьціпнасьці, больш трапных фраз, тыпу той, што гучыць у трэку “Кто живее”: “Кто на свете всех живее? Йогурт, а не Ленин!”. І тады выйдзе амаль што лайтавы варыянт “Roсkerjoker”.
Найлепшыя трэкі з альбома: “Кто живее”, “Последняя+”. Варты адзначэньня крэатыў з вокладкай: яна надрукавана на газэтнай паперы ў фармаце А3, у яе і загортваецца дыск Дзімы.
Ідэя: 7
Выкананьне: 4
Тэксты: 4
Запіс: 3
Аздабленьне: 7