Сёння ў беларусаў ёсць магчымасць жыць інакш, чым іх бацькі: замест чэргаў і дэфіцыту з’явіліся варыянты для ўдасканалення, напрыклад, умоваў пражывання. Але ці важная для нас культура побыту? Ці ведаем мы, што гэта такое? Чым і як мы напаўняем сваё жыллё з часоў знікнення савецкага дэфіцыту? Калі ў нашых пад’ездах стане чыста і па-еўрапейску ўтульна? Як уплывае на нашае ўнутранае напаўненне тое, што нас атачае: інтэр’еры і далягляд з акна? Чаму асаблівасць беларускага будаўніцтва — гэта «лёгкае кідалава»? І ў чым заключаецца «элітнасць» жылля па-беларуску? Пра гэта расказаў Дзяніс Лаўроўскі, архітэктар-дызайнер студыі «4-ы квартал». Чарговае інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!».
— У кнізе “Чалавек, які смяецца” Віктора Гюго апісаныя жудасныя сцэны: дзяцей вырошчвалі ў гарлачах, і яны, пакуль раслі, прымалі форму гэтага збана. Гэты вобраз выкарыстоўваецца і ў дачыненні да любога з нас: усе мы фармуемся ў тым ліку і прасторай, у якой жывем. Вялікі працэнт беларусаў жыў або жыве ў хрушчоўках, якія ў пасляваенныя гады будаваліся як часовае жыллё (ідэальнае рашэнне для тых абставін), але праблема ў тым, што ў гэтых часовых збудаваннях працягваюць жыць людзі. І ўжо не адно пакаленне прыняло форму гэтых «збаноў».
— А як жа глабальная забудова Мінска дамамі, званымі «элітнае жыллё»? Бо будуюць жа «Вівальдзі» і іншых «страдывары».
— У нас практычна няма таго, што ў цывілізаваным свеце называецца элітным жыллём, і таму па-ранейшаму самымі каштоўнымі застаюцца «сталінкі» на Праспекце. Што да новабудоўляў, то часцяком гэта ўдасканаленыя хрушчоўкі з прыстаўкай «элітная». Безумоўна, ёсць удалыя прыклады, але іх занадта мала.
— Па якіх крытэрах варта ацэньваць элітнае жыллё?
— Тут вельмі шмат крытэраў. Першае — месцазнаходжанне ў горадзе: складана выказаць здагадку пра элітнае жыллё ва ўмоўных Шабанах. Другое — інжынернае напаўненне: вельмі рэдка шматкватэрныя дамы прадугледжваюць, напрыклад, устаноўку кандыцыянераў або сістэм ачысткі вады. Нашы «пентхаўсы» — гэта часцей за ўсё жылплошча на апошнім паверсе, аточаная каналізацыйнымі трубамі суседскіх кватэр, і агульны з усімі ліфт, які даязджае, у найлепшым выпадку, да твайго паверха. Трэцяе — планіроўка. Вось характэрная сітуацыя: чалавек купляе новую кватэру плошчай 150-200 метраў, адсоткаў 30 якой займаюць калідоры — прастора, якой людзі вельмі мала карыстаюцца (адно радуе, што пакуль яны так будуюць, дызайнеры не застануцца без працы). У чым «элітнасць»? У тым, што жыццёвая прастора ў тваёй кватэры нязручная, складаецца з калідораў? Ці ў відзе з акна на кальцавую дарогу?
Нядаўна з кліентам абмяркоўвалі яго кватэру, і ў выніку да майго праекта ён даслаў вельмі цікавую рэмарку: «Ці будзе гэты інтэр’ер гарманічным? Бо ў мяне за акном не Версаль, а аўтавакзал». І з ім складана не пагадзіцца: далягляд за акном гэтак жа важны, як і інтэр’ер.
Вернемся да сучасных «хрушчовак»: беларускія забудоўшчыкі ў першую чаргу імкнуцца атрымаць прыбытак. Гэта натуральна. Але ж усе гэтыя шэдэўры домабудавання застануцца назаўжды. Як у свой час хрушчоўкі. Панельныя «Моцарт», «Бетховен»… Калі на сайце забудоўшчыка чытаеш нешта пра “беларускую Венецыю”, калі ў цябе там жа пытаюцца “ці любіце вы гандолы”, неяк робіцца няёмка, таму што па факце ўсе гэтыя «кандзінскія» і «малевічы» акажуцца звычайнымі панельнымі дамамі.
— Што, мяркуючы па ўсім, таксама не мае ніякага дачынення да элітнага жылля?
— У нас наогул будуецца вельмі шмат жылля, уся элітнасць якога толькі ў назве. Любы праект шматкватэрных дамоў робіцца для сярэднестатыстычнага чалавека, які ёсць няісным фантомам. Патлумачу: у кожнага з нас свае ўяўленні пра камфорт, а калі гаворка заходзіць аб масавай забудове, людзей спрабуюць пераканаць у тым, што мы аднолькавыя, з аднолькавымі патрэбамі. Проста назваўшы дом імем вялікага кампазітара, яго не зрабіць індывідуальным, непаўторным. Бо магчымасць стварыць вакол сябе прастору, якая будзе толькі тваёй — у гэтым і ёсць сапраўдная раскоша і элітарнасць.
Якія яшчэ крытэры? Цана? Ёсць цікавыя прыклады цэнаўтварэння: бывае, адчуваеш здзіўленне, калі глядзіш на цану кватэры і на тое, што яна з сябе ўяўляе. Давядзенне да розуму такіх кватэр абыходзіцца вельмі нятанна. Таму, паўтаруся, «элітнасць» жылля па-беларуску — часцяком гэта ўсё яшчэ 2,7 метра вышыня столі і гучная назва…
— Атрымліваецца, што культура побыту залежыць не толькі ад нашага дабрабыту, ад магчымасці заплаціць за нешта больш годнае?
— Яна залежыць не толькі ад наяўнасці грошай: з кожным днём вакол усё больш людзей, якія падарожнічаюць, глядзяць, робяць высновы. Але іх не так шмат у суадносінах з агульнай колькасцю беларусаў, таму нашая культура побыту ўсё яшчэ моцна залежыць ад таго, як думаюць, бачаць свет тыя ж забудоўшчыкі, суседзі па пад’ездзе, чыноўнікі.
З іншага боку, культура побыту вельмі моцна залежыць ад дабрабыту. Многім беларусам, як у часы хрушчоўскай забудовы, усё гэтак жа няма дзе жыць: яны ці ў бабуль туляцца, ці трацяць апошнія грошы на здымныя кватэры, таму іх не моцна турбуе навакольнае становішча. Большасць хутчэй заплюшчвае вочы на ўмовы, у якіх вымушаная жыць. Я не разумею, як можна жыць на зарплату, напрыклад, грузчыка або фельчара хуткай дапамогі: у чалавека сям’я і дзеці, якіх трэба збіраць у школу. Я не думаю, што чалавека з такім заробкам неяк турбуе інтэр’ер яго жылля. І нават калі турбуе, у яго проста няма магчымасцяў нешта змяніць. Сумняваюся, што ён наогул думае пра тое, ці спалучаецца ў яго дома колер канапы са шпалерамі, наўрад ці ён занепакоены наяўнасцю лямпачкі ў пад’ездзе — ён дастане тэлефон і неяк падсвеціць сабе дарогу да жылля.
Але я думаю, загані любога ў такую сітуацыю, і ён будзе паводзіць сябе гэтак жа. Людзі проста выжываюць неяк, ім не да культуры нейкага там побыту. Мы жылі і жывем так не адно пакаленне — мабыць, звыкліся ўжо, перасталі заўважаць.
— І тым не менш, у беларусаў сёння ёсць магчымасць выязджаць за мяжу, карыстацца інтэрнэтам, чытаць часопісы… Ці здольныя веды з гэтых крыніц уплываць на фармаванне культуры побыту?
— Я думаю, нельга казаць пра культуру побыту як пра асобнае паняцце. Не бывае так, што чалавек некультурны ў прынцыпе акажацца культурным у побыце ці наадварот. Гэта ўсё ўяўляе сабой нейкую суцэльную структуру. Адукаванасць не робіць чалавека культурным. Што такое наогул культура?
— Гэта веды, як мне здаецца. Плюс набор навыкаў, вопыт, які мы ўспадкоўваем ад папярэдніх пакаленняў.
— І ўсё? Чалавек ведае, як карыстацца бідэ, ён што, стаў культурным ад гэтага?
— Вікіпедыя дае азначэнне культуры: «Гэта любыя формы праявы дзейнасці чалавека».
— Гэта значыць, калі я схаджу цяпер у санвузел, гэта будзе праявай маёй культуры?
— Ну, калі вы за сабой не змыеце…
— Так, магчыма, культура побыту — гэта той пункт, дзе фізіялогія сустракаецца з паняццямі пра духоўнае. І зноў мы вяртаемся да звычкі жыць як прыйдзецца, не шанаваць сябе і свой навакольны свет. Дарэчы, усе ведаюць, што ў пад’ездзе павінныя прыбіраць кожны дзень. Паглядзіце ў жыроўку, колькі вы за гэта плаціце. Але калі ў пад’ездзе не прыбрана, жыхары часцей за ўсё будуць закрываць вочы і думаць, што так і трэба; рэдка хто ідзе адстойваць сваё права на чысты пад’езд.
— Я цалкам згодная з тым, што культура побыту наўпрост звязаная з агульнай культурай чалавека.
— Мы ўсе захапляемся выгодай еўрапейскіх пад’ездаў: крэслы, кветкі, кававыя столікі ў пралётах паверхаў — усё гэта частка агульнай культуры. У нас гэта таксама сустракаецца, але ў якасці выключэння з правілаў. Там прынята адно з адным вітацца — і гэта таксама частка культуры. Я, прыехаўшы з Іспаніі дадому, па звычцы сказаў прадаўшчыцы ў гастраноме «Hola!» І яна вельмі азадачана на мяне паглядзела. Не хочацца ідэалізаваць «у іх там», але мне здаецца, еўрапейцу не прыйдзе ў галаву красці чужы вазон з раслінай або лямпачкі ў пад’ездзе выкручваць. Мне цікава: тут людзі сапраўды так бедна жывуць або гэта «беражлівасць» як нацыянальная рыса? Хоць наўрад ці забяспечаны беларус будзе выкручваць лямпачкі ў сябе ў пад’ездзе.
Дарэчы, нашай характэрнай беражлівасцю і малымі бюджэтамі выкліканая таксама нізкая культура будаўніцтва і праектавання дамоў. Уявіце, шматкватэрны панельны дом для шматдзетных сем’яў, але ліфт у ім ездзіць толькі з другога паверха. Вось хто так прыдумаў? Гэта эканомія, тупасць ці, наадварот, мудрагелістасць? Я не разумею, што яны там сэканомілі — чатыры метры троса, на якім вісіць ліфт? Ці яшчэ прыклад: кітайскія дзверы, якія ставяць ва ўсе кватэры масава: яны ж крывыя і іх у большасці выпадкаў пасля засялення мяняюць. У нас у краіне ўсюды такое «лёгкае кідалава» і гэтая «беражлівасць» на кожным кроку. У гэтым асаблівасць беларускага будаўніцтва і як вынік — побыту.
— Можа, гэта інерцыя савецкага дэфіцыту, калі ў хату цягнулі ўсё, што з’яўлялася на прылаўках — я пра тое, з чаго ўсё пачынаецца, з выкручвання лямпачак у пад’ездзе. Дарэчы, тыя, савецкія, абставіны шмат у чым тлумачылі асаблівасці афармлення нашага жылля. Пра які густ можна казаць, калі людзі былі пастаўленыя ў абставіны «схапіць першае, што дасталася»? Чым і як беларусы напаўняюць свае дамы і кватэры сёння?
— Чалавеку заўсёды ўласціва ўпрыгожваць сваё жыллё. Нават у СССР былі нейкія дэфіцытныя шпалеры, мэбля, усё хараство якіх было ў іх нетыповасці. У той час ва ўсіх былі аднолькавыя кухні, аднолькавыя шпалеры, мэбля ў гасцёўнях і нават кнігі на паліцах. А потым прыйшлі часы, калі сталі з’яўляцца нейкія грошы і магчымасці іх траціць. Крытэрам прыгажосці абстаноўкі стала яе цана: чым даражэйшыя былі прадметы ў кватэры, тым больш захаплення яны выклікалі — не дзіўна пры адсутнасці густу, які мог бы фармавацца пакаленнямі.
Я не ведаю, што цяпер ходкі паказчык прыгажосці і прэстыжнасці. Мабыць, італьянская плітка. Дарэчы, італьянцы вельмі ўмела стварылі міф пра тое, што іх дызайн — адзіны ў свеце. А беларусам, на жаль, няма чаго прапанаваць нават самім сабе. Не, вядома, нешта мы ўмеем рабіць (я нядаўна купіў выдатныя беларускія крэслы), але зусім не ўмеем гэта прадаваць. Ну, і так: на асноўную масу беларускай мэблі страшна глядзець. І праблема не ў тым, што няма добрых дызайнераў (упэўнены, на дзяржпрадпрыемствах ёсць маладыя дызайнеры, якія ўчора скончылі Акадэмію), а ў тым, што ў гэтых дызайнераў часцяком звязаныя рукі. «Што гэта ты прыдумаў? У нас там яшчэ 100 тысяч ножак ад мінулай мадэлі канапы не выкарыстана, мы іх што цяпер, усе спаліць павінныя? Не, мы іх прыкруцім да той канапы, што ты прыдумаў. А яшчэ лепш перарабі ты тое, што прыдумаў, пад нявыкарыстаныя ножкі».
— Цікава спыніцца на тым, што «мы ўсё ж ўмеем сёе-тое рабіць»: ці ёсць прыватныя прадпрыемствы, здольныя канкураваць з заходнімі вытворцамі?
— На беларускім рынку вельмі шмат прапаноў, у тым ліку мэбля, якая робіцца тут. Зразумела, яна не каштуе тры капейкі, але затое гэта ўжо больш якасная прадукцыя, чым тая, да якой прызвычаілася масавая свядомасць. Проста спажыўцы часцяком не ведаюць, куды пайсці, акрамя «Дома мэблі» і нейкай фірмовай крамы «Пінскдрэва».
— І тут на дапамогу прыходзяць нашы дызайнеры інтэр’ераў… Напэўна, вельмі запатрабаваная прафесія ў нас у краіне.
— Многія ўжо разумеюць, што недастаткова проста паклеіць шпалеры, купіць ламінат, канапу кудысьці паставіць і «неяк» жыць. Але што забаўна, свядомасць многім дагэтуль дыктуе менавіта так ставіцца да працы прафесіяналаў па стварэнні інтэр’ера: «А чаго там складанага? Сюды — тэлевізар, туды — канапа. Усё проста». І бяруцца ўладкоўваць сваё жыллё самастойна. У гэтым няма нічога заганнага. Магчыма, нават атрымаецца стварыць інтэр’ер мары. Але сіл і сродкаў на гэта будзе выдаткавана значна больш, чым у супрацоўніцтве з прафесійным дызайнерам.
— Можа, не прывыклі яшчэ пакуль да таго, што ёсць такая прафесія — дызайнер інтэр’ераў?
— Калі б не прывыклі, не было б такой вялікай колькасці дызайнераў. У Беларусі адбылася інфляцыя тэрміна «дызайнер»: ужо пасля трох месяцаў якіх-небудзь курсаў ты можаш ім называцца. Прадавец пліткі ў салоне — таксама дызайнер. Сітуацыя такая ж, як з фатографамі: купіў фотаапарат — фатограф, скончыліся грошы — стаў вясельным фатографам. Ва ўсім свеце прафесія “дызайнер інтэр’ераў” вельмі прэстыжная, а ў нас у ёй хто толькі не працуе. Адсюль і тыповы беларускі дызайнер-афіцыянт у позе «чаго жадаеце», які, дарэчы, фармуе стаўленне заказчыкаў да сваёй прафесіі.
— Існуе стэрэатып, што звяртацца да дызайнера — доля заможных людзей…
— Вельмі хацелася б, каб так і было (смяецца). З заможным кліентам звычайна вельмі складана працаваць: яны часта паводзяць сябе як наведвальнікі рэстарана, што ўрываюцца ў кухню і пачынаюць высвятляць, чаму салата гатуецца менавіта з гэтых прадуктаў і чаму яе не парэзалі так, “як я вам сказаў”. Насамрэч усё часцей да дызайнераў звяртаюцца маладыя пары сярэдняга класа, які яшчэ толькі зараджаецца ў нас. І з імі вельмі цікава працаваць. Так, у іх крыху абмежаваныя магчымасці, але затое гэта людзі, гатовыя слухаць іншае меркаванне, чуць яго, мяняць нешта вакол, у іх больш даверу да дызайнера… Я ўпэўнены, што менавіта такія людзі прынясуць змены ў нашую культуру побыту, ды і ў агульную культуру, вядома ж.
Ганна Трубачова
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)