
– Як я стаў беларусам? Цяжка адказаць на гэтае пытанне, тут не абысціся некалькімі словамі. Для мяне гэты працэс быў паступовы. Вялікім быў унёсак маіх бацькоў, бо менавіта яны аддалі мяне ў беларускую школу. Памятаю, як цяжка было вывучаць незразумелую для мяне мову, як скардзіўся я матулі, што не разумею многіх словаў. Неяк дома я спытаў, што такое вавёрка, і ад старэйшага брата пачуў: “Дурак, такое не знаешь, это же ворона”. Безумоўна, потым я дакладна ўжо ведаў, што такое вавёрка.
У 90-я гады я ўжо чуў дома беларускую мову, яна хоць не часта, але ўсё ж гучала: мая маці, вяртаючыся з працы, дзе яна вучыла дзяцей на мове, не пераходзіла на расійскую; таксама бацька ці яго сябры, якія прыходзілі да нас, перыядычна пераходзілі на мову, бо былі прыхільнікамі БНФ. Памятаю, як гартаў я газету “Пагоня”, безумоўна, мала што разумеючы з таго, што там напісана. Тады мая маці набывала мне кнігі толькі на беларускай мове: бацькі лічылі, што хутка ўсе будуць размаўляць па-беларуску, але… Давучваўся я ўжо на расійскай мове.
Трэба сказаць, што я заўжды лічыў сябе беларусам, але размаўляў па-расійску. Па-беларуску – хіба толькі ў школе. У ВНУ я спрабаваў перайсці на мову, але неяк не атрымлівалася. Я пачаў гутарыць па-беларуску толькі пасля заканчэння універсітэта, калі паехаў працаваць па размеркаванні ў Гомельскую вобласць, не самы прыдатны асяродак для гэтага. Чаму так здарылася? Цяжка адказаць. Мне падаецца, што ў гэты час я шукаў у чымсьці падтрымкі, і ёю стала для мяне мая мова, якая цяпер заўжды застаецца са мною.
Любіць гэтую зямлю, ведаць і шанаваць яе гісторыю, адчуваць пяшчоту да беларускай мовы, цікавіцца традыцыямі і культурай твайго народа, ведаць свае карані – вось што значыць для мяне быць беларусам.
Дзяніс Ясінскі, Маладзечна, галоўны тэхнолаг