29 чэрвеня ў касцёле святога Юды Тадэвуша Апостала ў Лучаі на Пастаўшчыне адбылося традыцыйнае свята “Дзень сям’і”. Гэтым разам у парафію прыехалі бард Таццяна Беланогая, спявачка з Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава і паэт Міхась Скобла. Т. Беланогая выканала песні на вершы Яўгеніі Янішчыц “Мова”, “Не воблака”, Максіма Багдановіча, на ўласныя словы. Таццяна прэзентавала для слухачоў новы альбом “Святло і цені”, які пабачыў свет увосень 2013 года дзякуючы музычнай альтэрнатыве “БМА-груп” і кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Таццяна таксама правяла са слухачамі конкурс-апытанне: “Якія якасці неабходныя, каб пабудаваць хрысціянскую сям’ю?”.
Прысутныя актыўна ўдзельнічалі, пералічваючы такія якасці, як вернасць, любоў, уменне прабачаць, спакой, уменне сябраваць, і за гэта атрымалі памятныя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбываўся выступ артыстаў – паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, майкі, дыскі. М. Скобла прадставіў слухачам некалькі сваіх вершаў, сярод якіх “Балада пра стайню”. У гэтым творы асвячаецца трагічны лёс беларускіх храмаў у часы ваяўнічага бязбожжа. Прагучалі таксама пераклады з украінскай паэзіі. Т. Матафонава дуэтам з сынам Адасем выканалі класічныя творы “Авэ, Марыя”, паланез “Развітанне з Радзімай”, а таксама песні са свайго рэпертуару. На заканчэнне ўсе разам заспявалі беларускі хрысціянскі гімн “Магутны Божа”.
Пасля канцэрта ксёндз Мікалай падзякаваў прысутным вернікам, артыстам і дабраславіў іх на шчаслівую дарогу дадому. Лучайскага пробашча без перабольшвання можна назваць фэстмайстрам. Гэта чалавек, які заўсёды носіць свята з сабою. Пераканацца ў гэтым можна амаль штомесяц, бо з такой перыядычнасцю праходзяць у парафіі канцэрты, сустрэчы са знакамітымі беларусамі.
Алена Колтан-Клімза