Рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, прымусілі многіх пакінуць краіну і свае дамы. Гэты фотапраект пра дом і яго месца ў жыцці чалавека. Аўтар праекта, фатограф Вера Мірская, выкарыстоўвае архіўныя фота сваіх герояў — жыхароў Гродна, якія з’ехалі з горада, — і з дапамогай праектара змяшчае іх у тыя месцы, куды яны вельмі хочуць, але не могуць вярнуцца.
Для Руслана, журналіста гродзенскага выдання, гэта рэдакцыя з яго працоўным сталом і старымі фатаграфіямі горада. Гарадзенцы Андрэй і Таня марылі пераехаць жыць у свой дом з садам, але не паспелі гэтага зрабіць. Валянціна і Сяргей, акцёры гродзенскага драмтэатра, бадзяюцца па здымных кватэрах і дэкаруюць іх так, каб яны нагадвалі іх кватэру ў родным горадзе. У Вольгі, былой журналісткі T*t*by, дома засталіся бацька, два каты і сабака. Саша Панк, які з’ехаў з Гродна, нядаўна атрымаў фота графіці, якое сам намаляваў у сваім двары 15 гадоў таму. А музыку і паэта Алеся Дзянісава ад суму па дому выратоўвае толькі музыка.
«Мой фотапраект — гэта спроба зразумець, што такое пачуццё дому, якое значэнне ў жыцці чалавека яно мае. Кожная гісторыя фотапраекта паказвае эмацыйную сувязь з месцам сілы героя», — кажа фатограф Вера Мірская.
Руслан Кулевіч

11 жніўня 2020 года журналіста гродзенскага сайта Hrodna.life Руслана Кулевіча груба затрымалі. Руслан быў збіты і атрымаў сем сутак арышту, але праз паўтара дні яго нечакана адпусцілі. Наступныя некалькі дзён журналіст правёў у бальніцы: у яго знайшлі чэрапна-мазгавую траўму і закрытыя пераломы абедзвюх кісцей. Акрамя гэтага, Руслану і членам яго сям’і сталі паступаць пагрозы ад незнаёмых людзей. Праз месяц яны вырашылі з’ехаць.
Руслан напісаў дзве кнігі пра Гродна, заснаваныя на ўспамінах жыхароў горада. Ён кажа, што страчаны дом для яго — гэта ў першую чаргу яго героі:
«Бабулі і дзядулі. Мяне няма, і з імі ніхто не прыедзе пагутарыць аб іх маладосці. Другога такога чалавека, хто запіша ўспаміны, залезе ў падвалы, у Гродне няма, гэта я дакладна ведаю».
У Польшчы ён збірае ўспаміны гродзенцаў, якім прыйшлося з’ехаць у 1945–1946 гадах. «Іхнія гісторыі вельмі падобныя да таго, што адбываецца з намі. Яны таксама з’язджалі ў невядомасць і думалі, што хутка вернуцца дадому, але змаглі ўбачыць Гродна толькі праз 70–80 гадоў. Яны мне кажуць: «Руслан, не думай, што ты хутка вернешся. Будуй сваё жыццё тут, у Польшчы», — распавядае Руслан.
Цяпер ён і яго сям’я жывуць у Беластоку. Журналіст абраў гэты горад, каб быць бліжэй да Гродна: «Яны падобныя, тут шмат беларусаў, вельмі шмат гарадзенцаў. Я запусціў новае медыя, якое называецца «Мост». Мы будуем мост паміж Беластокам і Гродна. Я ўпэўнены, што мы яго пабудуем і па ім жа вернемся дадому».
Яны з жонкай ужо распланавалі, як вернуцца ў Беларусь — бегам. «Гэта будзе забег на 70 км ад Беластока да Гродна. Калі гэта здарыцца, мы не ведаем, але мы рыхтуемся, бегаем», — кажа Руслан. І дадае: «Калі вярнуся, пацалую брукоўку на Савецкай. Я ведаю, што мяне чакаюць».
Сяргей Курыленка і Валянціна Харытонава

Восенню 2020 года акцёраў Гродзенскага драматычнага тэатра Сяргея Курыленку і Валянціну Харытонаву затрымалі на адным з мітынгаў. Даведаўшыся пра гэта, іх калегі ў той дзень адмовіліся даігрываць спектакль у знак пратэсту. З гэтага пачаліся першыя звальненні. Пазней частка трупы вырашыла прыняць удзел у забастоўцы. Яе ініцыятараў таксама звольнілі. У выніку ў сакавіку 2021 года дзевяць акцёраў драмтэатра разам з сем’ямі з’ехалі з Беларусі. Сяргей і Валянціна былі сярод іх. Яны, як і Руслан Кулевіч, аселі ў Беластоку.
«Мы доўга шукалі першае жытло і зразумелі, што выбралі кватэру, падобную на нашу гарадзенскую. Мэбля ў ёй была падобная на мэблю ў нашай кухні, якую я рабіў сваімі рукамі. Яшчэ мы купілі ў IKEA паласатыя сурвэткі, як былі ў нас дома, — кажа Сяргей. — Цяпер ужо няма такіх моцных эмоцый і нуды па дому, як у першыя месяцы. Тады мы жылі верай, што вось-вось вернемся. Але сітуацыя пагаршалася, і стала зразумела — не вернемся».
«Мы спрабуем прывучыць сябе не чапляцца за тое, што засталося ў Гродне, каб пабудаваць новае жыццё тут без болю аб мінулым. Але, вядома, калі-небудзь мы вернемся. Бо гэтае расстанне не можа працягвацца бясконца», — дадае Валянціна.
Алесь Дзянісаў

Алесь Дзянісаў — вядомы рок-музыка і паэт з Гродна. Лідар гуртоў «Кальян», «Людзі на балоце», Dzieciuki. Пасля затрыманняў у 2020-м быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Жыве ў Варшаве.
«Дом мой у Гродна, а тут усё часовае, хаця можа быць, і да канца жыцця, ніхто ж не ведае. Есць тыя, хто легка пераключаецца — дзе табе добра, там і дом. Але я так не магу. Для мяне важныя людзі, успаміны, тое, што ты там ведаеш кожны куточак, кожную галіначку. А тут я ў гасцях, гэта месца ніколі не стане для мяне родным», — кажа Алесь.
Ёсць рэчы, якія ён возіць з сабой паўсюль, — гітара, банджа, ровар. Яны нагадваюць пра дом, але не больш. «Мяне выратоўвае, па вялікім рахунку, толькі музыка. Усё», — кажа Алесь.
Пра магчымасць вяртання ў Беларусь ён кажа так: «Я магу вярнуцца і сесці, хутчэй за ўсё».
«Калі падыходзіць тактычна — я песіміст, калі стратэгічна — я веру ў далёкае рамантычнае дабро, якое павінна ў выніку перамагчы. Але на дадзены момант нічога не кажа, што ёсць нейкія зрухі. І надалей можа быць яшчэ значна горш. Усе ідзе да таталітарызму», — разважае музыка.
Андрэй і Таццяна Баранавы

Калі 10 верасня 2021 года Андрэя (гісторыка па адукацыі, часова беспрацоўнага) затрымалі, ягоная жонка Таццяна была на апошнім месяцы цяжарнасці. Праз два месяцы Андрэй атрымаў два гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах. Яго адпусцілі ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе да накіравання на «хімію». У той жа дзень ён упершыню ўбачыў сваю дачку Мар’ю. Сям’я прыняла рашэнне бегчы ў Літву.
«Для нас гэта часовая прыгода, нават думкі няма, што можам не вярнуцца, — гаворыць Таня. — Вільню выбралі па многіх прычынах: горад блізкі па духу, няма моўнага бар’ера, літоўскую мяжу Андрэю было прасцей перасекчы. Сястра Андрэя таксама тут, яна ўцякла ад пераследу па трох крымінальных артыкулах, адзін з якіх — абраза прэзідэнта».
Таня прызнаецца, што даволі спакойна перажывае расстанне з домам: «Можа быць, таму што кватэру, у якой я пражыла ўсё жыццё, мы прадалі тры гады таму. Жылі ў бацькоў. А ў доме, які мы купілі і які я лічу нашым сапраўдным домам, мы не паспелі нават пераночыць. Толькі зрабілі рамонт у адным пакоі, купілі мэблю і разбілі сад. Андрэй пасадзіў розныя экзатычныя дрэвы: персік, хурму, кізіл. Цяпер ён вельмі сумуе па працы ў садзе».
Вольга Камягіна

Год таму журналістка партала T*t*by па Гродне Вольга Камягіна пакінула Беларусь разам з сям’ёй. Гэта здарылася пасля таго, як галоўны рэдактар і яшчэ 14 супрацоўнікаў T*t*by апынуліся за кратамі, выданне закрылі, а яго матэрыялы абвясцілі экстрэмісцкімі. Вольга пераехала ў Кіеў, але пасля пачатку вайны вымушана была з’ехаць і адтуль. Цяпер яна ў Беластоку і кажа, што за год страціла дом двойчы.
«Усё тое, што адбывалася за гэты год, дрэнна памятаю. Здаецца, я ачулася ў здымнай кватэры ў Кіеве на балконе ў пачатку лета. Тужыла наконт усяго і ўсіх нас вельмі доўга. Аб ад’ездзе плакала, мусіць, тыдні два. Гэта было аплакванне не столькі фізічнага месца, дзе я жыла, а колькі таго звыклага жыцця, асноў, адчування бяспекі. Яго больш не было. І не было адчування, што табе ёсць куды вяртацца, хоць фізічна мая кватэра ў Гродне, вядома, і цяпер існуе», — кажа Вольга.
Яна прыгадвае, што доўга не хацела штосьці паляпшаць у сваёй старой гарадзенскай кватэры. Ёй здавалася, што прастора вакол не мае асаблівага значэння. «Але пасля падзеяў 2020 года вельмі захацелася ва «ўнутраную эміграцыю» і зрабіць вакол утульна. На жаль, усё гэта доўжылася нядоўга. Прыйшлося з’язджаць у Кіеў», — кажа Воля. З новым горадам, паводле яе словаў, у яе не адразу склаўся кантакт. Калі ўсе стадыі прыняцця былі нарэшце пройдзеныя, а на балконе здымнай кватэры з’явіўся хатні банан Сцяпан, пачалася вайна.
«Здаецца, што гэты год змясціў у сябе некалькі жыццяў. Я ўсё яшчэ крыху бядую пра дом у Гродне, пра звыклае і зразумелае жыццё, якога ўжо няма, пра сваё месца ў Кіеве, куды, на жаль, у бліжэйшы час вярнуцца немагчыма. Цяпер ствараць дом вакол сябе не хочацца. Мы называем прастору, дзе жывем, месцам часовай дыслакацыі. Але на балконе я пасадзіла шмат прыгожых кветак», — кажа Воля.
Саша Панк

Аляксандр Куваннікаў працаваў чысцільшчыкам абсталявання на тытунёвай фабрыцы «Нёман» і быў адзіным на сваім прадпрыемстве, хто далучыўся да забастоўкі. Праз тры дні яго звольнілі за невыкананне працоўных абавязкаў. У канцы снежня 2020 года, за дзень да закрыцця мяжы, Аляксандр з сям’ёй з’ехаў у Польшчу. Ён жыве ў Быдгашчы, працуе на мыйцы вялікагрузаў.
«Цяпер я не магу назваць сваю кватэру домам, гэта проста месца, дзе я жыву. Са мной усюды падарожнічаюць набор для чайнай цырымоніі і ровары. Мне здаецца, чым менш абрастаеш рэчамі і ўкараняешся, тым лягчэй быць рухомым, лягчэй развівацца», — кажа Саша.
Ён не думае, што вернецца ў Беларусь бліжэйшым часам. Па-першае, паводле яго словаў, там яму пагражае крымінальны артыкул (які менавіта, ён не ведае). А па-другое, Саша, як ён кажа, хоча для сваіх дзяцей будучыні «ў краіне з нармальнай эканомікай». «У Беларусі гадоў 20 нічога добрага не будзе. Калі і вярнуся, то толькі ў госці: у Гродне ў мяне засталіся мама і сябар», — кажа Саша.
Але ён усё роўна сумуе па Гродне. Па пляжах на Нёмане, па сваім раёне і па кватэры, дзе ён нарадзіўся і пражыў 31 год. Цяпер там жыве яго мама. «Нядаўна яна даслала мне фота з графіці «punk» на адрыне ў нашым двары. Гэта я яго зрабіў гадоў 15 таму», — распавядае Саша.
Перадрук без дазволу рэдакцыі забаронены
Фота Веры Мірскай, budzma.org