Жыць у Беларусі і не задумвацца пра свабоду слова — найкарацейшы шлях у вязніцу. І, у адрозненне ад часоў, калі я пачынаў сваё сяброўства з пісьменствам, ад 1990-х, вельмі малаверагодна, што смяльчак атрымае пазоў па абароне гонару і годнасці на вынішчальную суму ці будзе змешчаны за краты па крымінальным артыкуле за паклёпніцтва. Не, часы змяніліся. Усё ўскладнілася, пераймаючы заходнія прыклады. Настала эпоха гібрыднай адказнасці. Вайна за свабоду слова ідзе, але хаваецца за іншымі словамі. І іншымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса (усё як паказвае Сарэнтына ў сваім кіно пра Берлусконі).
Кадр з фільма Паола Сарэнтына "Лоро"
Тут можна заклікаць да салідарнасці, якая выратавала некалі “Тутбай” і якая дастала з маскоўскага астрогу карэспандэнта “Медузы” Івана Галунова. Тут можна наракаць на тое, што Беларусь, у адрозненне ад Расіі, не з’яўляецца сябрам Савета Еўропы, і таму на яе не распаўсюджваецца юрысдыкцыя Еўрапейскага суда па правах чалавека. У той час як пакрыўджаныя на пераслед у Расіі, уключна з Навальным, актыўна правам судовага аспрэчвання ў Еўропе карыстаюцца. Тут можна прад’яўляць некаторым пісьменніцкім і праваабарончым арганізацыям, што яны недастаткова пільна адсочваюць выпадкі парушэнняў права на выказвання, што здараюцца ў цяперашняй гібрыднай вайне. Але ламентацыя — не мая задача.
Свабода цікавіць мяне ў філасофскім, а не юрыдычным ці праваабарончым вымярэнні.
Свабода, зрэшты — штука вельмі індывідуальная. Нехта, напрыклад, гераічныя журналісты з тэлеканала “Белсат”, індывідуальна свабодны і ў Беларусі. Нехта наўмысна шукае абмежаванняў нават знаходзячыся ў адносна вольных варунках заснаваных амерыканцамі медыя. То паўтаруся: свабода можа існаваць толькі ў асабістым вымярэнні. І, задумваючыся пра яе, трэба вызначаць яе дакладна.
Зігмунд Баўман апісваў свабоду праз метафару перакрыжаванняў. Ты свабодны толькі там, дзе ў цябе ёсць выбар з некалькіх шляхоў. І ты дакладна ведаеш, куды вядзе кожны з іх. У якасці антоніма свабодзе ён прыводзіў прыклад прыдуманага Рабле ідылічнага Тэлемскага абацтва, дзе ўсе сытыя, п’яныя, але знаходзяцца за сценкамі. Наяўнасць якіх могуць не асэнсоўваць, думаючы, што сытасць, п’янства, лазня і “іпадром” надзяляюць іх нейкай унутранай прасторай.
Кафка, з іншага боку, падае нам у прытчы “Ля брамы закона” нарыс чалавека, які не наважваецца зайсці за браму, куды яму хочацца, толькі таму, што побач з брамай стаіць суворы стражнік. Які пужае іншымі стражнікамі. Селянін у Кафкі старыцца і памірае там, на прыступках ля брамы. Таму што свабода — гэта пераадоленне ўласнай баязлівасці. У маім разуменні свабода — гэта нешта, што месціцца паміж двума гэтымі вызначэннямі. Паміж знешнім перакрыжаваннем і ўнутранай рашучасцю.
Ці маю я ўнутраную свабоду? Я ўсведамляю ўсіх цэрбераў, што сцерагуць мяне на самых простых дарогах да праўды. Як усведамляю і тое, што вага любой памылкі ў мяне ў разы большая, чым вага памылкі ў іншых краінах, у якіх “стабільнасць” і “агульнае маўчанне” не ўзведзеныя ў абсалют. Той факт, што я працягваю пісаць, мне асабіста падаецца доказам.
Што мне замінае? Не, не Унутраны Цэнзар, які ў такіх краінах, як Беларусь лёгка падманваецца Унутраным Стылістам. Мая асноўная асцярога ў пытаннях, звязаных са свабодай слова — гэта аб’ект, на які скіраваная мая пісаніна. Той жа Баўман пісаў, што нашы бягучыя адносіны са свабодай некалі вызначаліся Асветніцтвам, а цяпер вызначаныя Капіталізмам. І калі мы кажам пра волю выбіраць, мы часцяком маем на ўвазе выбар у глабальнай прадуктовай краме. У якой да таго ж самі з’яўляемся таварам. Але таварны капіталізм прывёў да медыйнага спажывецтва. У якім праўдзівае слова — самы нудны, самы нецікавы тып выказвання.
Віктар Марціновіч: Канцэпцыя мінімальнага саўдзелу
Эпоха друкаваных газет, якія можна прыбраць з Дома друку, змянілася эпохай разумных тэкстаў, якія можна песімізаваць у пашукавіку ці забаніць у сацыяльных сетках. Але нават і не гэта праблема: праблема — у тым, што тэксты тыя, даследаванні Nexta ці паліталагічныя развагі Карбалевіча з Фядутам у часы youtube-трэда “Вясёлыя каты”, паспяхова прадказанага мной у рамане “Мова”, нікому асабліва не патрэбныя. Ну што такое 100 тысяч падпісчыкаў у “Тэлеграме” на 10-мільённую краіну? Гэта нават не тыраж газеты “Савецкая Беларусія”. І тым больш не статыстыка праглядаў роліка, дзе Улад Бумага праводзіць ноч у закрытым аквапарку.
Такім чынам, праблема свабоды слова стаіць цяпер (і будзе стаяць у найбліжэйшыя 100 гадоў) не так востра, як праблема свабоды слыху. Праблема жадання пачуць нешта, што тычыцца твайго жыцця, уплывае на яго, але не весяліць, не забаўляе і, можа, нават уганяе ў непрыемны роздум. У гэтым доля людзей, што бяруць на сябе работу расплюшчваць вочы, нашмат менш зайздросная за долю тых, што вешаюць на чужыя заплюшчаныя вочы ружовыя акуляры. Каб герой лепей глядзеўся ў Instagram.
Віктар Марціновіч, budzma.by