Галляш Сялява — фатограф, заснавальнік інфармацыйнага сайта braslaw.by, грамадскі актывіст.
Нарадзіўся ў 1987 годзе ў Браславе, тут жа скончыў школу. Пасля быў факультэт беларускай і славацкай філалогіі БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта і службы ў пагранічных войсках хлопец вярнуўся ў родны горад і вось ужо шэсць гадоў займаецца грамадскай дзейнасцю — рэалізоўвае карысныя для горада праекты і ладзіць цікавыя мерапрыемствы.
Праекты і ініцыятывы ў Браславе
Галляш лічыць, што нічога асаблівага не робіць — жыве сабе і жыве, назірае, але з ім складана пагадзіцца: па вяртанні ў Браслаў хлопец паспеў распачаць тут шмат цікавых справаў.
Шэсць гадоў таму Галляш заснаваў рэгіянальны сайт braslaw.by — актуальны гід па Браславе, праз які таксама асвятляе ўласныя ініцыятывы і ініцыятывы іншых людзей. Цікава, што журналісцкай працай хлопец пачаў займацца не тое каб выпадкова, але не адразу: трапіў па размеркаванні ў рэдакцыю раённай газеты «Браслаўская звязда» ў якасці карэктара, але паступова сам пачаў рабіць матэрыялы і ў выніку яшчэ колькі гадоў адпрацаваў у раёнцы на пасадзе журналіста і фатографа. З часам паўстала пытанне стварэння ўласнага інфармацыйнага партала, і ўвосень 2012 года з’явіўся сайт braslaw.by.
Актуальную інфармацыю па сацыяльнай актыўнасці ў рэгіёне можна знайсці і ў суполцы культурна-адукацыйнага цэнтра «Браслаўцы», якую курыруе хлопец.
Таксама Галляш — стваральнік Браслаўскага гуртка народных танцаў «Дзыньдзік», ініцыятар удзелу браслаўчан у руху па прыборках «Зробім!», Фэсце экскурсаводаў, адзін з ініцыятараў правядзення курсаў «Мова нанова» ў Браславе і інш.
Праект дзіцячай пляцоўкі-карабля, які Галляш разам з іншымі неабыякавымі браслаўчанамі падрыхтаваў у рамках праекта «Горад», быў паспяхова рэалізаваны і перамог у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend 2016.
І гэта толькі частка таго, што хлопец робіць у Браславе і па-за яго межамі.
Мы паразмаўлялі з Галляшом, седзячы на Замкавай гары ў Браславе. Птушкі спявалі, дрэвы шалясцелі, мурашы кусаліся, а я спрабавала разабрацца, як гэта — рэалізоўваць карысныя для горада праекты ў Браславе.
Адзін чалавек — паўнавартасная рэдакцыя: і журналіст, і фатограф, і SMM
— Калі глядзець навіны пра грамадскую актыўнасць у рэгіёне — паўсюль тваё імя.
— Так, але гэта, напэўна, таму, што я вяду сайт braslaw.by. Я больш анлайн-актывіст, чым сацыяльны. У прынцыпе, уся сацыяльная актыўнасць пачалася з таго, што я стварыў інфармацыйны партал, пасля паступова пачаў яго выкарыстоўваць і для асвятлення сваіх праектаў, калі з’яўляліся нейкія ідэі і атрымлівалася іх ажыццяўляць. Спачатку гэта былі асабістыя цікавасці, а пасля захацелася зладзіць што-небудзь больш адкрытае і публічнае. Так здарылася з праектам «Кіначовен» — сумеснымі праглядамі класікі кіно. Пачыналася з хатніх праглядаў, а пасля ўсё перанеслася ў кафэ.
З дапамогай партала і сацсетак вельмі легка было інфармацыю распаўсюджваць. Так і да нейкіх больш маштабных праектаў прыйшлі.
— Ты працуеш з сайтам адзін ці ў цябе ёсць каманда?
— З камандай праблема. У мяне накапілася шмат вопыту, але няма з кім падзяліцца. Горад маленькі, складана знайсці аўтараў. Раней я пісаў адзін, цяпер, бывае, нехта сам дасылае матэрыялы, да кагосьці можна звярнуцца па дапамогу. Але каб стала хтосьці працаваў — з гэтым складана. Трэба, каб быў чалавек, якога перадусім матывуюць не грошы, а магчымасць і жаданне штосьці карыснае і цікавае для горада рабіць. Пры жаданні з сайта можна нешта зарабляць, але вось з людзьмі праблема.
— Зарабляць якім чынам?
— Размяшчэннем рэкламы, напрыклад. А нядаўна запусцілі краўдфандынг на Талацэ. Я спачатку скептычна ставіўся, потым гляджу — людзі падтрымліваюць, ужо хоць штосьці «закрываецца»: тэхнічныя пытанні, хостынг, паслугі праграміста.
— А хто ахвяруе грошы, прадстаўнікі рэгіёна ці людзі з усёй Беларусі?
— Звычайна браслаўчане, якія з’ехалі жыць, працаваць у іншы горад. Яны сочаць за навінамі, чытаюць, ім падабаецца, што тут такая актыўнасць. Але яны разумеюць, што гэта вымагае шмат высілкаў, часу, цэняць і хаця б трошкі фінансава падтрымліваюць. Гэта матывуе: я бачу, што гэтая справа не толькі мне патрэбная.
Калі сайту споўнілася пяць гадоў, было жаданне закрыць праект, бо ён мяне моцна стаміў — вельмі шмат займае часу. Фактычна, працуеш адзін як паўнавартасная рэдакцыя — адразу і журналіст, і фатограф, і SMM. Але на святкаванне пяцігоддзя сабраліся людзі, папрасілі не спыняцца, падтрымалі — неяк трошкі болей імпэту з’явілася.
Гурток народных танцаў для пенсіянераў і кулінарная спадчына Браслаўшчыны
— На сваім сайце ты размяшчаеш інфармацыю з розных крыніцаў, але асвятляеш і ўласныя ініцыятывы?
— Так. Бывала часцяком, што я сам нешта арганізую, сам анансую, сам асвятляю, потым раблю справаздачу — ствараю ўражанне, што ў горадзе жыццё кіпіць і віруе. Неяк пісаў журналіст Кастусь Шыталь з Глыбокага: пачытаеш braslaw.by, такое адчуванне — у вас там дзвіж, кожны дзень нешта валіць. Кажу: не, проста ў інэце даю шмат інфы.
— Якія праекты ты вядзеш на сёння?
— Збольшага ўвесь час «з’ядае» сайт, бо каб зрабіць якасны матэрыял — трэба аддаць дзень: паздымаць, напісаць, завярстаць, прапіярыць.
Але цяпер працую і над праектам «Кулінарная спадчына Браслаўшчыны», удзельнічаем з ім у Кірмашы праектаў ад «Будзьма беларусамі!» з аўтаркай ідэі — супрацоўніцай Браслаўскага РЦК Воляй Букіс. Яна сабрала кулінарныя рэцэпты рэгіёна, звярнулася да мяне, і мы разам напісалі праект па захаванні бабуліных рэцэптаў і выкарыстанне іх у турыстычным бізнесе: стварэнне відэа прыгатавання браслаўскіх страваў, выданне кнігі рэцэптаў, якая будзе распаўсюджвацца сярод уладальнікаў аграсядзібаў. Сапраўды, у нас вельмі разнастайная кухня на Браслаўшчыне: тут і цыгане, і стараверы, і літоўская кухня, і габрэйская. Калі нават не пераможам на Кірмашы, усё адно раней ці пазней гэты праект ажыццявім.
— Ты не адзін год на базе браслаўскага гуртка народнай культуры «Дзыньдзік» ладзіў танцы. Ці працягваеш гэтую справу?
— З танцаў усё і пачалося. Калі я вучыўся ў Мінску, я хадзіў танчыць да Аннушкі Несцеравай. Прыехаў у Браслаў — а тут нічога такога няма, сумна. Хацелася танчыць. Ну і пачаў ладзіць танцавальныя сустрэчы ў браслаўскім музеі традыцыйнай культуры. Але народу мала хадзіла — знаёмыя ў асноўным.
А сёлета затусіў з пенсіянерамі. У кожным тэрытарыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва ёсць аддзяленне для пажылых людзей. Я пісаў рэпартаж: параўноўваў, як жывуць пенсіянеры ў Кіеве і як нашыя, прыехаў вось у гэтае аддзяленне — і яно мяне зацікавіла. Прапанаваў павесці бясплатна танцы. Так і пачалося. Мне з пенсіянерамі танчыць нават больш падабалася, чым з моладдзю: пажылыя людзі нейкія большыя жыўчыкі.
Хадзіў да іх раз на тыдзень — танчылі месяцы тры, развучылі штук 10 танцаў, было клёва. Яны на Новы год падарылі мне пернік — мой партрэт з фоцікам і надпісам braslaw.by. Вельмі прыемна было.
Потым гэтай вясной пазнаёміўся з цётачкай з Піцера — яна пераехала жыць сюды і працавала на Ленфільме. Прапанавала які-небудзь спектакль паставіць. Мы выбралі Мальера «Лекар не па сваім жаданні». Увосень, калі будзе спакайней, пачнём рэпетаваць.
Энергетыка агульных справаў і асаблівасці грамадскай актыўнасці ў Браславе
— Атрымліваецца, ты адзін пачынаеш праект і вядзеш?
— Так. Я ўвогуле раблю толькі тое, што мне цікава. У адваротным выпадку нават грошы не матывуюць. Калі ёсць ідэя — легка знайсці людзей, якія дапамогуць. Прыкладам, тыя ж танцы — для задавальнення. Не хочацца, каб быў нейкі сталы гурток. Хочацца, каб было ў рэжыме «захацеў — сабраў людзей». Нехта прыйшоў — патанцавалі, не прыйшоў — ну і ладна.
— Ці ёсць у Браславе грамадскія арганізацыі? Калі так — ці супрацоўнічаеш ты з імі?
— У Браславе ёсць Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «Традыцыі і інавацыі Паазер’я», яе стваральніца — Надзея Дударонак. Яна адна з самых актыўных людзей у рэгіёне, заўсёды на пазітыве, нават калі нейкія перашкоды. Супрацоўнічаем з ёй. Надзея больш разбіраецца ў тэме мэнеджменту, чым я. Я больш творчы, «мозг», магу структуру, дэталі распісаць, быць выканальнікам, але мне складана быць кіраўніком. Ці працаваць з бухгалтэрыяй. Канечне, магу прымусіць сябе разабрацца ў дакументах, але, лічу, кожны павінны сваім займацца.
Ёсць яшчэ грамадскае аб’яднанне «Еврорегион «Озерный край».
— Як увогуле з грамадскай актыўнасцю ў Браславе?
— Як у любым іншым горадзе: хтосьці праяўляе ініцыятыву, хтосьці — не. Ёсць асобы, якія вакол сябе людзей збіраюць, ім гэта ў кайф: паходы краязнаўчыя ладзяць, заплывы на байдарках, роварныя марафоны — кожны ў сваёй сферы. 10% актыўных людзей, якія ўвесь соцыум штурхаюць. Астатнія жыхары жывуць ва ўласным свеце. І я не лічу, што гэта дрэнна.
А мне ж цікава ўсё. Падабаецца, калі людзі штосьці робяць з задавальненнем — тады мяне самога штырыць, хочацца дапамагчы і прапіярыць іх ідэі, каб болей удзельнікаў вакол ініцыятывы сабралася. Калі дзвіжуха — прыемна, ёсць адчуванне агульнай энергіі, тое, што гэтыя людзі — і ёсць горад.
— А ці залежыць грамадская актыўнасць ад сезонаў?
— Ды не вельмі. Мясцовым сезоны без розніцы — мерапрыемствы наведваюць стабільна 10-15 чалавек ва ўзросце ад дваццаці да сямідзесяці гадоў. Адзінае што летам крыху больш людзей, бо студэнты прыязджаюць дадому.
— Ці ёсць праблема адтоку актывістаў у іншыя гарады?
— Ёсць. Як і адчуванне, што тыя, хто тут застаўся, лагічна не патлумачаць, чаму тут сядзяць. Абгрунтоўваюць любоўю да рэгіёна. Нешта ў гэтым ёсць. Камусьці падабаецца вялікі горад, дзе дзвіжухі болей, камусьці — спакойны рытм, магчымасць мець больш вольнага часу. Я таксама мог бы з’ехаць, мяне нічога ў Браславе не трымае, няма дома, сям’і. Ці пасля ўніверсітэта застацца ў Мінску. Але сталіца мне не даспадобы. Я ганяю туды пару разоў на месяц — сустрэцца з парачкай сяброў, на музычных інструментах пайграць, прагуляцца куды.
Мне не цікавыя буйныя мерапрыемствы, фестывалі, але цікавыя людзі. Мне цікава даведвацца, якім чынам людзі даюць адказ на пытанне, навошта яны існуюць у гэтым свеце і кім насамрэч з’яўляюцца па-за сацыяльнымі маскамі. Цікавей знайсці чувака, які жыве на хутары, і невядома чаму ён на гэты хутар прыпёрся. Напрыклад, жыве тут адзін мужык, амаль на мяжы — там поўная дзіч, гушчар. Займаецца рамонтам вінных апаратаў, у Францыю ездзіць працаваць. З сябе — поўны валацуга, кажа, спецыяльна прыехаў сюды, каб быць далей ад людзей. Кніжкі чытае, рыбу ловіць. Кожнаму сваё.
Я з Браслава з’язджаць пакуль не збіраюся, пару годзікаў дакладна тут пабуду. Але, вядома, перыядычна кудысьці выбіраюся — каб «не засмакталі» дробныя праблемы, якія насамрэч праблемамі не з’яўляюцца. Часам ловіш сябе не думцы: так загнаўся па нейкай справе, а выязджаеш і думаеш: што значыць Браслаў у касмічных маштабах? І робіцца спакайней!
— З апошніх вандровак у якіх цікавых месцах быў?
— У Карпаты ганялі на Чорны Чарамош, сплаўляліся на байдарках. На наступны год збіраемся ў Грузію, ну і так па Беларусі. Па Латвіі ганялі, у Польшчу ездзілі на веліках з Браслава. У вандроўках сам працэс класны, але гарады мне не цікавыя. А вось людзі — гэта прыкольна. І прырода.
— А па раёне вандруеш?
— Так, і, што цікава, тут такія дзівакі трапляюцца, што не можаш вытлумачыць, што яны тут робяць. Людзі ў Браславе думаюць: ва ўсіх усё аднолькава: праца — дом — праца. І не ведаюць, што побач з імі такія дзівакі жывуць. Вось мне цікава іх знаходзіць і распавядаць пра іх.
Праблемы турызму і ўзаемадзеянне з мясцовымі жыхарамі і ўладамі
— Фестывалі Viva Braslav, Магутны фэст: ты ўдзельнічаеш у іх арганізацыі?
— Крыху дапамагаю з рэкламай, фатаграфую. Але яны такія маштабныя, што мясцовы піяр ім асабліва не патрэбны. Ганаруся тым, што рабіў калісьці для першага Viva Braslav афішу. Але сам ужо не вельмі люблю тусавацца. Мінулы год увогуле падчас Вівы ў Друю з’ехаў — завялікі натоўп людзей на фестывалі, як па мне. Але Viva Braslav — адназначна самае важнае мерапрыемства для горада, бо яно і корміць — людзі зарабляюць на паўгода наперад: шмат хто здае хаты, ажыццяўляе розныя турыстычныя паслугі.
Летам у Браславе няма такога турызму, як у Крыме, напрыклад. Самы пікавы перыяд — ліпень і першая палова жніўня. Праз гэта нешматлікія турыстычныя месцы таксама працуюць толькі ў турыстычны сезон.
— А як увогуле з турызмам у Браславе?
— Штосьці адкрываецца, штосьці закрываецца. Але турызму яшчэ развівацца і развівацца. Як і аграсядзібам у рэгіёне. Часта тыя, хто пераязджае сюды жыць, самі пачынаюць ствараць інфраструктуру, цікавосткі для турыстаў. Вось, напрыклад, рабяты з Мінска да нас пераехалі, лічы, французскія сыры вараць. Ёсць чалавек на рыбе памяшаны, у сацсетках толькі і піша пра рыбныя клёцкі, юшку, печаных сазанаў. Адна сям’я клапоціцца пра экаежу, вырошчвае шыкоўныя гуркі, памідоры, клёбніцы. Але гэта кропкава. Наколькі чуваць гэтых людзей — залежыць ад таго, як яны сябе піяраць. І тут складанасць: няма агульнага інфацэнтра. Часам нават карту раёна нельга купіць, я ўжо не кажу пра іншыя паслугі. Вельмі хочацца самому заняцца вырашэннем гэтай праблемы.
А ўвогуле, у планах куча ўсяго — распрацоўка нефармальнага турыстычнага гіда, спроба арганізацыі кластара, праз які ўсе актыўныя людзі маглі б б паміж сабой супрацоўнічаць.
— Як ты знаходзіш людзей для сваіх ініцыятыў? Ці яны самі цябе знаходзяць?
— Каля ёсць нейкая канкрэтная ідэя — у мяне шмат розных кантактаў, я ведаю, хто ў якой сферы добра разбіраецца, да каго можна звярнуцца. Часам і на мяне самі людзі выходзяць.
Цікавы з пункту гледжання сумеснай працы з гараджанамі быў праект дзіцячай пляцоўкі-карабля для дзяцей у рамках праекта «Горад». Карабель прыйшлі рабіць усе ахвочыя — шмат новых людзей, перазнаёміліся, новых сяброў знайшоў, да мяне лаяльна пачалі ставіцца тыя, хто думаў, што я нейкі пантовы чувак. Але праект быў заточаны на дзяцей, таму было нескладана прыцягнуць да яго ўвагу. Працавалі тры месяцы цэлымі днямі, вельмі стаміліся. У канцы чакаў ужо, каб хутчэй скончылася — не заўсёды хапала фізічных рэсурсаў. Бывала, у адзін дзень пяцьдзясят чалавек збіралася — столькі і не трэба было, а бывала, толькі два. Цяпер карабель стаіць на пляжы на ўзбярэжжы і развальваецца. ЖКГ абяцала ўзяць на баланс, але так не ўзяла. Адно лета гараджане самі рамантавалі, сёлета таксама трэба будзе гэта зрабіць. Сорамна: людзі ідуць, дзецям падабаецца, а паўсюль валяюцца дошкі.
— А як да тваёй дзейнасці ставяцца раённыя ўлады? Ідуць насустрач, супраць ці ўвогуле ніяк?
— Ніяк. Ім, пэўна, хапае сваёй працы. Але гэта вельмі сумна — адчуваць абыякавасць ці закрытасць з іх боку. Для сябе пакуль вырашыў: не трэба звязвацца з уладамі, калі не атрымліваецца наладзіць канструктыўны дыялог. Бо інакш адчуванне, нібыта б’ешся галавой у сцяну. Хаця гэта такія ж людзі і жыхары Браслава, як усе астатнія.
Колісь расказвалі пра такі выпадак: нібы ў Рыгу ездзіла камісія з Браслаўскага раёна на Дзень горада, і мэр Рыгі выйшаў у кедосах, джынсіках, патусіў з мясцовымі. А нашыя глядзелі са здзіўленнем — як гэта так можна! Але мінулы старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў — інтэлігентны і цікавы чалавек: рок-фэст наведваў, вольна хадзіў пасярод людзей. З ім прыемна было мець справу.
— Але адкуль ты бярэш запал на ўсе справы?
— Калі ёсць аддача людзей — вось і запал, і яго надоўга хапае. Па той жа пірамідзе Маслаў чалавеку трэба спрычыняцца да нейкіх добрых спраў. Гэта як дровы секчы — табе добра, калі бачыш вынікі працы. А калі не бачыш выніку, думаеш: а нафіга гэта, засмучаешся. Калі бачу, што нехта праяўляе ініцыятыву — стараюся паспрыяць. Я ведаю, як гэта — арганізоўваць. І мне вельмі прыемна, калі я магу чымсьці дапамагчы. І адсюль таксама энергія.
— Чаго табе не хапае ў Браславе як актывісту? Праз артыкул ты можаш перадаць пэўны мэсідж браслаўчанам.
— Любімага марозіва не хапае. Мала завозяць. Ды не ведаю, які тут мэсідж. Проста не трэба спадзявацца на нешта большае, чакаць чагосьці, а потым расчароўвацца. Ведаю, што калі рэальна хочацца — усё атрымаецца. Штосьці неяк будзе, бо ніколі так не было, каб ніяк не было.
— Цяпер у разгары турыстычны сезон. Што параіш наведаць у Браславе і рэгіёне?
— Замкавая гара ў Браславе
— паўвыспа Маскавічы
— ваколіцы паўвыспы Русцягі
— возера Чортава Вока
— вёску Слабодка
— азёры Поцех, Уклю, Паўночны волас і іх ваколіцы
— Друю
Тэкст: Аляксандра Дварэцкая
Фота Галляша Сялявы, з Кірмашу праектаў — Алеся Пілецкага