Культавая п’еса польскага паэта і драматурга Станіслава Выспяньскага (1869—1907) “Вяселле”, напісаная ў пачатку мінулага стагоддзя, экранізаваная Анджэем Вайдам, дагэтуль не знікае з тэатральных рэпертуараў. Сёлетняе выданне дзвюх драмаў Станіслава Выспяньскага па-беларуску выглядае вельмі лагічным пасля таго, як у нас з’явіліся пераклады Міцкевіча, Славацкага і Фрэдры (дзве п’есы апошняга выйшлі летась з нагоды 220-годдзя драматурга): лічыцца, што Выспяньскі натхняўся менавіта гэтымі аўтарамі. Драмы “Вяселле” і “Варшавянка” былі перакладзеныя Лявонам Баршчэўскім і надрукаваныя ў выдавецтве Змітра Коласа.
Чацверты польскі прарок — нашы суседзі любяць яго амаль гэтак жа моцна, як вялікую тройцу Міцкевіч-Славацкі-Красіньскі, — аўтар шэрагу сімвалічных нацыянальных драмаў Станіслаў Выспяньскі быў, апроч гэтага, яшчэ і значным мастаком і дызайнерам. Яго талент даволі рана заўважыў Ян Матэйка (той самы, які сярод іншага намаляваў знакамітую “Грунвальдскую бітву”) і даў маладому хлопцу першыя ўрокі малявання. Пазней, ужо падарожнічаючы па Еўропе, Выспяньскі пазнаёміўся з Полем Гагенам і разам з ім аглядаў парыжскія музеі, а вярнуўшыся ў родны Кракаў, уварваўся ў самы цэнтр культурнага жыцця і зрабіўся важнай яго часткай.
Як вяселле робіцца “Вяселлем”
Самая вядомая п’еса Выспяньскага “Вяселле” (1901) мае сваю цікавую гісторыю. У 1900 годзе паэт і драматург Люцыян Рыдэль вырашыў ажаніцца з простай сялянскай дзяўчынай і запрасіў Выспяньскага на сваё вяселле, якое зрабіла на госця такое ўражанне, што той тут жа ўзяўся пісаць драму. Імкліва напісаная, п’еса адразу ж была пастаўленая на сцэне кракаўскага Гарадскога тэатра (цяпер тэатр імя Славацкага). У пасляслоўі да свайго перакладу Лявон Баршчэўскі так характарызуе гістарычны кантэкст твора: “Спачуванне польскаму працаўніку-селяніну выраджалася ў з’яву “хлапаманіі”, што палягала ў бескрытычным захапленні “чыстай сялянскай душой” перадусім жыхароў Татраў і Падгалля <…>. Ілюзія яднання з людам праз шлюбы малапольскіх і галіцкіх шляхцічаў з простымі сялянкамі выклікала падсвядомы пратэст у інтэлектуалаў…”
Што цікава, сам Выспяньскі незадоўга да вяселля Рыдэля таксама ажаніўся з сялянкай — Тэадорай Тэафіляй Пыткай. Аднак нягледзячы на гэта, такое вяселле ў п’есе дае аўтару нагоду паразважаць над заняпадам Польшчы і згубіцца ў пошуку шляхоў да яе ратавання, так нічога і не знайшоўшы. Выспяньскі не крытыкуе саму ідэю яднання з народам, аднак паказвае штучнасць шляхецкага патрыятызму і няздольнасць рухацца наперад.
У адрозненне ад драмы рамантычнай, дзе ўся ўвага аддаецца аднаму ці некалькім галоўным героям, якія стаяць у цэнтры твора і вызначаюць яго дзеянне, у п’есе “Вяселле” персанажаў шмат, і ўсе яны нібыта спаборнічаюць у перацягванні ўвагі чытача (ці гледача) на свой бок. Шэраг прыёмаў п’еса “Вяселле” пазычае ў польскай батлейкі — шопкі. Тут таксама з’яўляюцца безназоўныя тыповыя героі — габрэй, дзед і іншыя, — якія дзейнічаюць побач з героямі новага часу (напрыклад, журналістам) і прывіднымі гасцямі свята.
5 парадаў чытачам беларускага выдання
1. Чытанне лепш пачынаць з “Вяселля”, якое размешчанае ў кнізе пасля “Варшавянкі”. Сюжэт “Вяселля” больш дынамічны і захапляльны, а вось у “Варшавянцы” без папярэдняй падрыхтоўкі можна і завязнуць — яе беларускі пераклад атрымаўся грувасткім і чытаецца цяжэй.
2. Готыка ў “Вяселлі” пачынаецца з другой дзеі. Хочаце зданяў і вупыроў — не кідайце кнігу пасля першых жа сцэнаў. Праўда, варта памятаць, што тут, як у любой прыстойнай сімвалічнай п’есе, вупыры і іншая трасца з’яўляюцца не з любові да прыгожага. Кожны з такіх пякельных персанажаў мусіць нешта сімвалізаваць. Здань памерлага каханка, напрыклад (а ў яго быў рэальны прататып — польскі мастак Людвік дэ Лаво), сімвалізуе рамантычнае каханне, што, канечне ж, не робіць яе менш дэманічнай.
3. Мова беларускай версіі “Вяселля” — відавочны эксперымент перакладчыка, які шукаў спосабаў перадаць жывую гаворку ў творы. А таму не здзіўляйцеся, калі ўбачыце ў творы русізмы, паланізмы, прастамоўныя слоўцы накшталт “штоб” ці “хочу”. Мова персанажаў вельмі стракатая: здаецца, што ў перакладчыка няма аднаго рашэння, як перадаць па-беларуску польскі тэкст, і ён спрабуе розныя сродкі, так ні на адным і не спыніўшыся. У выніку мову аднаго персанажа цяжка адрозніць ад мовы іншага: на агульным фоне выдзяляецца хіба што нявеста-сялянка, чые словы гучаць найбольш прастамоўна і груба.
4. Перш чым чытаць драму “Варшавянка”, паслухайце аднайменную польскую песню. Галоўнае тут — нічога не наблытаць, бо песні пад назвай “Варшавянка” насамрэч было дзве. Нас тут цікавіць так званая “Варшавянка 1831 года”, сімвал Лістападаўскага паўстання. Яе тэкст — гэта польскі пераклад верша французскага паэта і драматурга Казіміра Дэлавіня, напісанага як перайманне “Марсельезы” (“За штыхі, усе палякі! // За свабоду Польшчы ў бой!”). Цікава, што падчас падзеяў, апісаных у п’есе, польскай песні яшчэ не існавала, аднак гэта свядомы анахранізм.
5. Калі вам давядзецца быць у Кракаве, забудзьце пра “Вяселле” і “Варшавянку” і зазірніце ў Марыяцкі касцёл і касцёл св. Францыска: у першым можна пабачыць вітражы, зробленыя Выспяньскім у суаўтарстве з Юзафам Малахоўскім пад кіраўніцтвам Яна Матэйкі, у другім жа — ці не самую вядомую працу Выспяньскага-мастака, які ўдзельнічаў у распрацоўцы касцельнага інтэр’ера і таксама стварыў для яго некалькі знакамітых вітражоў.
Ганна Янкута