Гарадзенская абласная арганізацыя філатэлістаў атрымала ўзнагароды, якія абвяшчаюць яе найлепшай у краіне: граматы за выставачную працу двум гарадзенскім філатэлістам Лявону Карповічу і Ўладзіміру Матронічаву і ўзнагароду самой гарадзенскай арганізацыі.

Гэта сталася прызнаннем агульнарэспубліканскай арганізацыі за тую працу, якая была зробленая гарадзенцамі за мінулы год.
— Дзве міжнародныя выставы ў Гродна, — кажа Фрыдэрык Гушча, старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі філатэлістаў, — удзел гарадзенцаў у рознага кшталту міжнародных выставах і конкурсах, аднаўленне абласной і гарадской структураў — гэта толькі маленькая частка таго, што адбылося за мінулы год.
Колькасць прыхільнікаў паштовых марак, як кажуць самі збіральнікі, за апошні год вырасла і хутка можа перавысіць колькасць сябраў мінскай арганізацыі.
Гарадзенцам ужо прапанавалі перанесці кіраўніцтва рэспубліканскай арганізацыі ў Гродна.
— Над гэтай прапановай я пакуль думаю, — кажа Фрыдэрык Гушча.
Нагадаем, што апошняй міжнароднай выставай, якую правялі гарадзенскія філатэлісты разам з польскімі калегамі, сталася выстава ў цэнтры праваслаўнай культуры ў польскім Беластоку. Яна адбылася ў канцы снежня 2012 года.
Філатэлісты шкадуюць, што шмат яшчэ чаго не дасягнута, і каб дамовіцца на выпуск новых паштовых марак альбо канвертаў на “Белпошце”, ім трэба пераадолець шмат перашкодаў.
Андрэй Мялешка