Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра аповесць Віктара Варанца «Сэкс, кнігі і каханне».
Не трэба быць магутным кінакрытыкам, каб зразумець, што ў фільме, які нам кожны дзень паказвае жыццё ў Беларусі, сюжэт збочыў да фабулы знішчэння тых нешматлікіх парасткаў беларускае культуры, якія паспелі нарасці за апошняе дзесяцігоддзе.
Паўгода не працуе галоўны драматычны тэатр, некалькі тыдняў паралізаваная дзейнасць двух асноўных кніжных выдавецтваў, зачыняюцца крамы, кавярні, спынілася музыкальнае жыццё.
Што рабіць у гэтых умовах?
На маю думку, галоўнай задачай чалавека, здольнага ствараць тэксты і сэнсы, ёсць канцэнтрацыя на тым, што засталося жывога. Папулярызацыя, пашырэнне вядомасці — пакуль не наспее час новага Адраджэння.
Таму я абяцаю нашмат болей пісаць пра беларускую культуру і нашмат меней — пра ўсё астатняе. Бо ў гэтых умовах той, хто ўразіўся добрым тэкстам і змаўчаў, — здраднік.
Сёння я распавяду вам пра аповесць, на якую выпадкова натрапіў у снежаньскім нумары часопіса «Дзеяслоў». Я ведаю, што «звычайныя людзі» зрэдку чытаюць тоўстыя літаратурныя альманахі, заглядаць туды бадай што перасталі нават «інтэлігенты». А дарма, дарма — самае свежае, цікавае і дзёрзкае нараджаецца менавіта там, а не ў Фэйсбуку.
Імя аўтара — Віктар Іванавіч Варанец — мне нічога не гаварыла, бо я на момант першага чытання не ведаў, што гэты гарадзенец доўгі час займаецца распрацоўкай беларускай медыцынскай тэрміналогіі, выдаў першы «Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў», складаў літаратурныя зборнікі і нават стаў аўтарам гімна Гарадзенскага медычнага ўніверсітэта.
Добрыя тэксты гавораць самі за сябе, аднак асоба пісьменніка праглядае адразу ў выглядзе ягоных ведаў. Я лічу, што празаік заўсёды мусіць быць адукаванейшым за чытача. І кожны раз радуюся, калі сустракаю беларускую прозу, якая вымушае ўразіцца не толькі сюжэтам, але і абазнанасцю чалавека, што яе склаў.
Аповесць з гарэзлівай назвай «Сэкс, кнігі і каханне» спачатку маскіруецца пад сентыментальную падлеткавую штучку: герой-юнак сустракае дзевачку, нешта там паміж імі закручваецца, і ў той момант, калі ты думаеш адкласці «Дзеяслоў» і больш ніколі не чытаць Віктара Іванавіча Варанца, тая дзевачка выяўляецца такой — як бы сказаць — цацай, што ўся апошняя «жаночая проза» беларускіх літаратарак пачынае нервова паліць убачку.
Уласна, прыкладна з трэцяй старонкі ад аповесці не адарвацца — дзяўчынка Наста (як жа яшчэ могуць зваць беларускую гераіню) абсалютна засмоктвае цябе ўласнай «адарванасцю».
І вось тутака пачынаецца новая плынь у сюжэце, плынь настолькі моцная, што яе можна параўнаць з найлепшымі творамі Караткевіча ці нават «Імем ружы» Умбэрта Эка.
Плынь тая звязаная з кнігамі.
«Гісторыя» Ціта Лівія, «Жыццё цэзараў» Светонія, «Гісторыя» Тацыта, «Камедыі» Арыстафана — усё гэта некалі зберагалася ў складзе, што меў назву «Бібліятэка Івана Жахлівага». Гэтыя каштоўныя рукапісныя фаліянты зніклі.
Аўтар з апорай на «Лівонскую хроніку» і яшчэ тузін розных дакументаў, сапраўдных і прыдуманых, выбудоўвае літаратурны дэтэктыў пра пошукі скарбаў. І падводзіць парачку нашых скарбашукальнікаў да рэшткаў драўлянай царквы з мураванымі скляпеннямі ў мястэчку Сапоцкін пад Гародняю.
Я не буду спойлерыць далей, але ўсё гэта — як «Чорны Замак Альшанскі», які захаваў сваю гістарычную ўтрапёнасць, але цалкам пазбаўлены «сацыялістычнага» складніку і таго, што ў любога сучаснага чытача стварае прысмак «барацьбы сялян супраць прыгонніцтва».
У «Сэксе, кнігах і каханні» няма нават каліва якой заўгодна ідэалагічнай дыдактычнасці. З другой траціны твора я чытаў аповесць Віктара Варанца як гатовы кінасцэнар. Я дзівіўся таму, як можна разгарнуць такую дынамічную дзею на трыццаці старонках часопіса.
Я ўпэўнены, што ў хуткім часе, калі ў нас зноўку з’явіцца кнігавыданне, «Сэкс, кнігі і каханне» выдадуць у асобным зборніку Варанцовых апавяданняў, бо мне зрабілася дужа цікава, што яшчэ напісаў гэты чалавечышча.
Я ўпэўнены таксама, што аднойчы, калі наша нацыянальная кінастудыя не будзе змушаная займацца вытворчасцю кінапрадукцыі кшталту «Мы, братья», гэтая аповесць будзе экранізаваная.
А пакуль шукайце снежаньскі «Дзеяслоў» і сачыце за гэтым майстравітым пісьменнікам, Віктарам Іванавічам Варанцом.
Віктар Марціновіч, budzma.by