Пачалося ўсё з помніка Глебу Менскаму — гісторыкі заўважылі, што Глеб выглядае, мякка кажучы, не вельмі гістарычна, хутчэй як казачны персанаж. Гісторык Мікалай Плавінскі і скульптар Сяргей Аганаў ініцыявалі дыскусію для сваіх калег, мэтай якой было даведацца, ці атрымаецца знайсці ўзаемапаразуменне і ці ёсць магчымасць наладзіць супрацу.
Першым і ледзь не галоўным пытаннем дыскусіі стала “Ці мусяць скульптары пры стварэнні помнікаў абапірацца на гістарычныя дэталі”. Лідскі помнік Гедыміну, які Сяргей Аганаў стварыў разам з Вольгай Нячай, кансультуючыся з Мікалаем Плавінскім як гісторыкам, таксама атрымаў нараканні: задоўгі плашч Гедыміна, які стаў часткай вобразу, падабаецца далёка не ўсім.
Помнік Глебу Менскаму: “больш падобны на героя казак”
З іншага боку, калі ўзяць віленскага Міндоўга, то ён увогуле шахматная фігура: то бок гэта вобраз, у якім “гістарычнасць” амаль адсутнічае. Віленскі ж Гедымін у першую чаргу перадае дух эпохі і на гістарычнасць таксама не прэтэндуе.
Што да Гедыміна лідскага, то кожная “гістарычная” дэталь помніка мела некалькі варыянтаў — дыядэму князя “знайшлі” ў Швецыі (бо выява дыядэмы таго ж часу захавалася), платы — з Готланда, і нават помнік Святому Георгію ў Празе дапамог сканструяваць вобраз князя, суадносны з часам.
Скульптары і мастакі лічаць, што, магчыма, “важнасць дэталяў” перабольшаная і ўсе гэтыя помнікі не рэканструкцыя як такая, а чалавек, які захоча дакладнасці, хутчэй пойдзе ў музей, а не да помніка.
Гісторыкі пярэчаць, што негістарычны твор наўрад ці прымусіць спыніцца начытанага мінака, а выявы гэтых помнікаў пасля трапяць у падручнікі па гісторыі, і што тады?
“Мастак у першую чаргу стварае вобраз, а не ілюстрацыю, — кажа Сяргей Аганаў. — Мікеланджэлаўскі Давід — гэта вобраз Фларэнцыі, помнік гораду. Медны Вершнік у Пецярбургу таксама негістарычны”.

Сяргей Аганаў
З іншага боку, як кажуць гісторыкі, ці можам мы даць у рукі Міндоўгу аўтамат Калашнікава? Відавочна не можам. А турнірны меч XVII стагоддзя? Таксама. Але пра відавочныя гістарычныя пралікі ў беларускіх помніках мы размаўляем не першы год.
Скульптарам часам не хапае інфармацыі, а гісторыкам — адыходу ад празмернай інфармаванасці, калі мы кажам пра манументальнае дойлідства. І нават іншая ментальнасць. Урэшце, скульптары не маюць нічога супраць кваліфікаванай кансультацыі ад гісторыкааў, гісторыкі таксама не супраць працаваць разам.
“У гісторыю можна трапіць, а можна ўляпацца, — кажа гісторык Сяргей Тарасаў. — Мінімалізм ці максімалізм не праблема, галоўнае, каб не было дылетантызму. Цяпер у нас на вачах адбываецца візуалізацыя нашай памяці, гісторыя абрастае манументальнасцю, наша задача — сустракацца ў выпадках конкурсаў на той ці іншы помнік і абмяркоўваць ягонае ўвасабленне разам”.

Сяргей Тарасаў
“Калі мы хочам працаваць з гістарычным матэрыялам, нам патрэбная своеасаблівая палітра гістарычных ведаў, — кажа скульптарка Вольга Нячай. — Міністэрства культуры рыхтуе гістарычную даведку, але яе бывае недастаткова. І шмат хто са скульптараў проста не ведае, куды бегчы. Калі я буду мець пэўную кансультацыю, то магу адмовіцца ад стварэння таго ці іншага помніка, бо ў мяне будзе ўласны рэзон. Ад скульптараў патрабуюць прац “у найлепшых традыцыях рэалізму”, але мастацтва мусіць быць розным, абсурднае мастацтва таксама мусіць прысутнічаць на вуліцы, галоўнае, каб яно было густоўным”.
Скульптары паўтараюць: у манументальнай скульптуры ёсць схільнасць да абагульнення, сама пластыка схіляе мастака адмаўляцца ад дробных дэталяў на карысць важнага — сілуэт, псіхалагізм, вобраз. І да таго ж скульптары атрымліваюць на распрацоўку канцэпцыі падчас конкурсу вельмі мала часу — усяго месяц.
Жарсці з помнікамі. “Не толькі твор мастацтва, але і ўвасабленне гісторыі”
“Я была самым, хіба, шумным удзельнікам журы па Глебу Менскаму, — кажа прадстаўніца Міністэрства культуры, мастацтвазнаўца Марыя Нецвятаева. — Помнік у Мінску мусіць расказаць яшчэ і пра горад, які тады толькі нараджаўся. Працы былі розныя, быў варыянт, дзе Глеб быў выяўлены гэткім “вурдалакам”. Шмат хто ўкладаў у руку Глебу харугву і ікону, прычым ікона гэтая была наўгародскай. На ўсе пытанні, чаму так, мы перыядычна чулі адказ “я так бачу”.

Мікалай Плавінскі
“Гісторыкі часам унікаюць папулярнай формы гісторыі, — кажа Мікалай Плавінскі. — Прыклад нашай супрацы са спадаром Аганавым мы лічым досыць удалым, то бок ад мастацкага вобразу мы не адмовіліся, але і гістарычныя дэталі не пацярпелі. Сёння мы сустракаемся хаця б з мэтай пазнаёміцца між сабой, наладзіць кантакты, убачыць, што скульптары і гісторыкі — гэта не нейкія страшныя людзі з іншага свету. Цяпер нам патрэбная супольная пляцоўка, дзе мы маглі б разам абмяркоўваць кожны выпадак, і тады на гарадскіх шалях не будзе тэксту з памылкамі пра метрычную сістэму (якая з’явілася на паўтысячы гадоў пазней, чым указана), а ў рукі Міндоўга не трапіць аўтамат Калашнікава”.
Мікалай Левертаў
фота – Марыя Сцяпанава