Гурт S°unduk зладзіў прэм’еру свайго новага альбома “Наше время” ў клубе Re:Public. У трохгадзінным канцэрце музыкі сыгралі ўсе свае ўлюбёныя песні. Такіх аказалася больш за 30.

Жыццярадасная Ганна Хітрык разварушыла ўсіх адразу, з першай жа песні змушаючы падпяваць. Выйшаў, дарэчы, S°unduk да публікі з творам “Привет, зима” — самы лагічны пачатак канцэрту, які адбываецца за дзень да прыходу снежня. “Спадзяемся, што гэты наш зімні альбом вы прыміце з цеплынёй!” — Ганна цёплых словаў не шкадавала, найперш на адрас сваіх слухачоў. “Мы адзначаем нават не выхад нашага альбома, а той факт, што яго выхад стаў магчымым дзякуючы вам!” Выглядала на тое, што спявачка дагэтуль не можа да канца асэнсаваць, што запіс яе новых песняў цалкам праспансавалі яе прыхільнікі. Каб падкрэсліць сваю ўдзячнасць, іх фота дэманстравалі на вялікім экране. І праўда, без слухачоў рэліз не адбыўся б як у наўпростым, так і ў пераносным сэнсе.
Зрэшты, Ганна раздавала кампліменты не толькі сваім прыхільнікам, а наогул усім, хто спрычыніўся да выхаду дыска, нахвальвала гукарэжысёра Алега Даманчука, дызайнерку Машу Мухіну, запрошанага клавішніка Дзмітрыя Хаменку. “Усім, дзякуючы каму альбом адбыўся”, была прысвечаная прэм’ерная песня “Выше”. Асобная ўвага была аддадзеная адзінаму беларускамоўнаму нумару на свежым дыску. Песня “Сёння не мой дзень” была напісаная пад уражаннем ад праекту кампаніі “Будзьма беларусамі” “Чорна-белыя вершы”. Ганна натрапіла на верш Усевалада Сцебуракі, які так прыйшоўся да сэрца, што яна паклала гэтыя словы на музыку. Выканаць гэтую цудоўную песню вырашылі дуэтам з гітарыстам каманды Ягорам Дзыгуном. “Гэты твор мусіў пасяліцца на наступным дыску, але так добра атрымаўся, што мы вырашылі не чакаць і ўставіць яго ў гэты”, — тлумачыць Ганна Хітрык. Пасля Новага года S°unduk пачынае запіс беларускамоўнага альбома. “Не бойцеся, гэтым разам за свае грошы!” — супакойвае публіку спявачка. Некалькі песняў з будучага рэліза яна сыграла і ў гэты вечар, у тым ліку беларускамоўны “Мір” у перакладзе Віталя Рыжкова.
У другім аддзяленні музыкі сыгралі абраныя рэчы з ранейшых альбомаў і з рэпертуару гурта “Дзецідзяцей”, у тым ліку феерычную “Бабочку”, кранальную “Шёпотом” і магічную “Там-там”. Падчас канцэрта Ганна паведаміла, што вынайшла сваю мову — сундукоўскую. Кожная літара ў ёй мае свой сімвал. Шыфраваныя пасланні на гэтай мове спявачка паабяцала змяшчаць на сайце гурта.
Час мінуў досыць хутка, хоць S°unduk знаходзіўся на сцэне ля трох гадзін. Музыкі падрыхтавалі сэт з 30 песняў і яшчэ сыгралі некалькі на біс. Па заканчэнні канцэрта людзі не разышліся, а сталі ў чаргу па аўтографы, якія Ганна Хітрык з радасцю раздавала з усё той жа шырачэзнай усмешкай на твары.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Ганна Іванова