![]()
“Мне здаецца, нашае жыцьцё абумоўленае фізыялягічна ў значна большай ступені, чым падаецца на першы погляд. Карані нават самых значных падзеяў хаваюцца часьцей за ўсё ў нас саміх – не ў пераносным сэнсе, а ў самым прамым. Я люблю мэдыцыну жарснай любоўю старэючага дылетанта. Як пісьменьнік, я бачу, як у кожным з нас, па абодва бакі скуры, штодня зьнікаюць тысячы сюжэтаў, сотні дэтэктываў, трылераў, камэдыяў. Як чалавек, які ніколі ня дбаў пра ўласнае здароўе, я маю даволі багаты досьвед пацыента, якім мне ня сорамна падзяліцца. Упершыню я пішу кнігу, якая датычыць кожнага, не выключаючы і мяне, і гэта дзіўнае адчуваньне.”
*
– Альгерд, калі ты пачаў пісаць? І калі ўпершыню ўсвядоміў сябе пісьменнікам?
– Пісаць я пачаў прыкладна ў тым самым узросьце, калі й чытаць – гадоў так у пяць. Мая цётка працавала ў адной маленькай бібліятэцы ў Дражні і часта брала мяне з сабой. Я мог чытаць што хацеў і колькі хацеў. Гэты зялёны драўляны дом з падгнілым ганкам (цікава, ці стаіць ён там яшчэ?) стаўся для мяне чымсьці кшталту хаткі, у якую трапілі Гэнзэль і Грэтэль, бо пазбавіцца прыцягненьня бібліятэкі я быў ужо няздольны. Напэўна, з таго часу літаратура і ўвайшла ў маё жыцьцё як нешта магічнае, як нешта непадуладнае звыклым законам, як нешта, без чаго немагчыма ўявіць сабе ні сьвет, ні сябе ў гэтым сьвеце. Я практычна адразу ж стаў тым, каго называюць паглынальнікам кніг, паглынальнікам хцівым і драпежным, я чытаў усё без разбору – цяпер я разумею, што толькі такім чынам можна выпрацаваць у сабе літаратурны густ. Дагэтуль найвышэйшай прыватнай асалодаю для мяне ёсьць ўсьведамленьне таго, што я маю на вечар цікавую кнігу, а да яе добры тытунь і нешта пажаваць.
*
– Пытанне як да “медыцынскага” спецыяліста: на што хворы свет?
– Нічога страшнага. Па-мойму, у яго проста глісты.