«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра навукоўца Івана Доўбню.
Іван Пятровіч Доўбня (31 студзеня 1853 г. — 2 лютага 1912 г.)
І.Доўбня — матэматык, горны інжынер, прафесар і дырэктар Горнага інстытута, сапраўдны надворны саветнік.
Нарадзіўся ў г.Пінску ў беднай сям’і унтэр-афіцэра. У 14 гадоў скончыў Пінскую гімназію, у 1870 годзе бліскуча здаў экзамены і паступіў у Горны інстытут у Санкт-Пецярбургу. Яму прызначылі там адзіную стыпендыю для прэтэндэнтаў-выдатнікаў. Пасля заканчэння інстытута ў 1875 годзе І.Доўбня паступіў на педагагічныя курсы пры 2-й Санкт-Пецярбургскай ваеннай гімназіі.
У 1877–1880 гадах выкладаў матэматыку ў арэнбургскай Няклюеўскай ваеннай гімназіі, потым, да 1897 года, — у Ніжагародскім кадэцкім корпусе графа Аракчэева. Пасля абароны дысертацыі на тэму «Доследы па тэорыі абелевых інтэгралаў» быў абраны экстраардынарным прафесарам і ўзначаліў кафедру вышэйшай матэматыкі Горнага інстытута, а ў 1898 годзе быў прызначаны ардынарным прафесарам таго ж інстытута. У 1904 годзе звольніўся па ўласным жаданні, а ў 1906-м вярнуўся на ранейшую пасаду ў інстытут. У 1910-м савет Горнага інстытута прызначыў І.Доўбню выконваючым абавязкі рэктара, а ў наступным годзе зацвярдзіў яго рэктарам.
І.Доўбня выканаў навуковыя даследаванні па алгебры, тэорыі абелевых інтэгралаў, тэорыі эліптычных функцый. З’яўляецца аўтарам каля 100 навуковых і навукова-метадычных прац, апублікаваных у айчынных і замежных матэматычных часопісах, манаграфіі «Даследаванні па тэорыі абелевых інтэгралаў» (1896), а таксама аўтарам работ, прысвечаных пытанням выкладання матэматыкі ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. Многія яго метадычныя ідэі застаюцца актуальнымі і сёння. Большую частку свайго жыцця ён прысвяціў педагагічнай дзейнасці. Яго сучаснікі — былы выхавацель Ніжагародскага кадэцкага корпуса Е.Семашкевіч, прафесары М.Крылоў і А.Васільеў — ва ўспамінах характарызавалі І.Доўбню як выкладчыка-мастака.
Памёр у Пецярбургу, дзе і пахаваны.