Няведама з якіх даўніх часоў у Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці на Шчодры вечар 13 студзеня праводзіцца абрад пад назвай “Конікі”, якога больш нідзе няма. Няма таму, што толькі тут галоўным персанажам навагодняга карнавалу з’яўляецца Конь. Маска Каня адмысловая: тулава робіцца з двух лазовых кошыкаў, умацаваных разам каркасам, да якога прымацоўваецца галава, зверху ўся канструкцыя пакрываецца доўгай белай тканінай, а ў сярэдзіну залазіць вершнік у белым убранні і шляпе. У вершніка ў руках пуга і лейцы. Сам персанаж, як і назва гарадка, загадкавы. Ужо даўно вучоныя і краязнаўцы выказваюць розныя гіпотэзы аб тым, хто заснаваў Давыд-Гарадок. Згодна мясцовай легендзе — адзін з тураўскіх князёў. Вучоныя лічаць, што яцвяжскі князь, які пры хрышчэнні атрымаў імя Давыд або гэта уладзіміра-валынскі князь Давыд-Ігаравіч. Тым не менш, гарадчукі ўзвялі помнік князю Давыду на кані, а маску Каня ў абрадзе “Конікі” таксама звязваюць з ім.
Давыд-Гарадок стаіць на беразе ракі Гарыні, дзе ў XII-XIV стагоддзях існавала насыпная гара, але што было на гэтым гарадзішчы, невядома. Вядома, што ў XIV стагоддзі горад быў цэнтрам княства, і з XIV па XVIII стагоддзе на гэтай гары быў драўляны замак. У XVI стагоддзі — уладанне вялікай княгіні Боны Сфорца, затым Мікалая Радзівіла Чорнага. У XVII стагоддзі горад меў Магдэбургскае права і стаў буйным гандлёвым цэнтрам. На гербе горада на чорным полі шчыта — срэбраная рака з прыстанню і залатое судна з таварамі. Гара тут і дагэтуль існуе. Калі гарадчукі разбагацеюць ці знойдзецца спонсар, замак можна аднавіць на тым жа месцы, дзе ён існаваў. Кожны год вясной мясцовыя жанчыны адпраўляюцца “веснуваты” — прадаваць насенне, вырошчваннем якога яны займаюцца ўсё лета, пакуль мужыкі паехалі на заробкі. Адыходныя промыслы існуюць тут здаўна, бо само жыццё прымушае шукаць дадатковага заробку. Цяперашнія хаты ў Давыд-Гарадку багатыя, прыгожыя, дагледжана і тэрыторыя вакол іх ды і вакол кожнага адміністрацыйнага будынка. Пра гэта клапоціцца “мэрыя”, як тут кажуць. На Шчадраца, калі ўсе конікі (гурты ў масках) збіраюцца на цэнтральнай плошчы, старшыня гарвыканкама ўзнагароджвае тых, хто найпрыгажэй аздобіў свой будынак і навакольную тэрыторыю да свята. Асаблівы конкурс праводзіцца сярод тых, хто шчадраваў. Перавага аддаецца гуртам з традыцыйнымі маскамі.
У многіх сем’ях маскі беражліва заховаюцца, а да свята паднаўляюцца. Кожная вуліца мае свой традыцыйны гурт, а яшчэ шмат дзяцей і дарослых ходзяць ад хаты да хаты, каб павіншаваць усіх гарадчукоў. Падыходзячы да хаты, трэба спытацца, ці можна шчадраваць. Але склалася такая сістэма: калі ў хаце нехта хворы або жалоба па памерлым, яны не маюць права весяліцца і прымаць віншаванні, таму такія сем’і і тыя, хто не хоча прыняць конікаў, выключаюць святло. Калі святло гарыць, шчадравальнікі смела ідуць да хаты. Конік першым падыходзіць да вакна, за ім ідуць іншыя традыцыйныя персанажы свята Шчадраца — Дзед і Баба, Казёл, Бусел, Мядзведзь, Чорт, Воўк з латуннай трубой, Баран, Бык, Чорт, Смерць, а таксама Механоша (яго называюць Скарбнік, бо ён прымае ў торбу пачастункі і грошы).
Падарункі ў выглядзе традыцыйных каўбасы, сала, пірагоў і іншых прадуктаў складаюць цяпер нязначную колькасць, бо людзі сталі жыць багацей і даюць грошы, запрашаюць да святочнага стала. Але шчадраванне без песні не абыходзіцца. Часцей за ўсё гучыць песня для незамужняй дзяўчыны, бо традыцыйны гурт складаецца з хлопцаў і маладых мужчын (тэкст прыводзіцца на мясцовай гаворцы):
“Стояла сосна тонка, вусока. Шчодры вэчор! Тонка, вусока, лісцейком шырока. Шчодры вэчор! На той сосонцы золота корыца. Шчодры вэчор! Золота корыца, майская росіца. Шчодры вэчор! Ой ды наляцелі райскія пташкі. Шчодры вэчор! Ды тую корыцу ўзялі позбівалі. Шчодры вэчор!.. “ (карыца — гэта кара на сасонцы)
Раптоўна падчас абраду Конь падае, а шчадрухі-пяюхі або іншыя маскі, калі гурт мужчынскі, просяць каўбасу і сала, грошай — каб адарылі Коніка, чым могуць. Некаторыя гаспадары не спяшаюцца даваць адразу калядныя прысмакі, а даюць каню спачатку аўса, вады папіць. Урэшце запрашаюць куццю пакаштаваць ды за стол сесці. Конік пад музыку скача разам з усімі маскамі і шчодрымі гаспадарамі. За сталом — бяседныя песні, сярод якіх “Ой зіма, зіма, ты марозная, ой чаго ж каня замарозіла! Каня белага, белагрывага, а хлапца-малайца чарнабрывага…” На развітанне гучаць традыцыйныя зычэнні: “Дай Бог каб на той год дачакалі і зноў шчадравалі! — Дай Божа!, “Дай Божа вам святкаваць, а нам, маладым, каляду даваць! Каб радзіла жыта і пшаніца, гарох і чачавіца! Каб пілося, елася і яшчэ хацелася!”
Безумоўна, з цягам часу ў абрадзе адбыліся значныя змены. Часам можна ўбачыць вершніка на кані ў вайсковай форме, а не ў белым убранні. Усе песні з рэпертуару колішніх шчадрух ведае толькі Соф’я Іванаўна Царык. Знік традыцыйны сігнальны інструмент, які пачынаў і суправаджаў абрад — рог. На жаль, ніхто ў Давыд-Гарадку не ўмее ўжо яго вырабіць. А латунная труба, кажуць, засталася толькі ад дзеда Івана Цеслюка. Цяпер якая-небудзь маска барабаніць, Дзед або Смерць іграюць на гармоніку, можна ўбачыць у шчадравальнікаў нават піянерскі горн. Але самая істотная змена ў тым, што з’явілася шмат нетрадыцыйных масак, сучасных, і іх па колькасці больш, чым традыцыйных. Гэта складае пагрозу для далейшагна захавання традыцыі. Справа ў тым, што мясцовы настаўнік Мікалай Бразоўскі пачаў вырабляць з дзецьмі ў гуртку маскі з пап’е-машэ, што вельмі падабаецца дзецям. Але так склалася ў Давыд-Гарадку, што абрад “Конікі” трансфармаваўся ў навагодні карнавал, у якім могуць прыняць удзел усе, хто хоча. Галоўнае, што для ўсіх гарадчукоў гэта самае вялікае свята, калі збіраецца разам уся сям’я. Мужыкі вярнуліся з заробкаў і адпачываюць, пануе дастатак, купляюцца падарункі і неабходныя рэчы. Гэты вечар для іх сапраўды шчодры і прыносіць надзею на тое, што і ў новым годзе дабрабыт, мір і шчасце будзе панаваць у іх старажытным гарадку.
Рэгіна ГАМЗОВІЧ.
Фотрэпартаж Аляксея СТАЛЯРОВА.