Гэты дзень у гісторыі краіны.
1581: Створаны трыбунал Вялікага княства Літоўскага.
Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, Галоўны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, Літоўскі Трыбунал — установа на ўзор Кароннага Трыбуналу, вышэйшы апэляцыйны суд княства, пастановы якога мелі сілу пастановаў сойма. Быў створаны ў 1581 року зь сядзібаю ў Вільні, пачаў працаваць у 1582 року. Складаўся з 46 судзьдзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках са шляхты па два ад кожнага павету тэрмінам на 1 рок (з 1588 року яшчэ выбіраліся 3 дэпутаты ад зямлі Жамойцкай).
Трыбунал разглядаў апэляцыі на рашэньні земскіх, замкавых і падкаморных судоў, а таксама скаргі на рашэньні павятовай адміністрацыі. Па першай інстанцыі ён разглядаў справы пра неналежнае выкананьне старостамі і замкавымі ўраднікамі сваіх абавязкаў пры судаводзтве. Да юрысдыкцыі трыбуналу адносіліся таксама справы духоўных асобаў; пры разглядзе такіх справаў удзельнічалі дэпутаты ад духавенства.
Сэсіі трыбуналу праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прыймаліся большасьцю галасоў на аснове Статутаў Вялікага Княства Літоўскага, соймавых канстытуцыяў і звычаёвага права. Месцам сэсіяў трыбуналу былі Вільня (шторок), Менск (кадэцыя літоўская) і Наваградак (кадэцыя руская) (па чарзе праз рок). Да 1588 року сэсіі праходзілі і ў Троках. З 1599 году сэсіі Трыбуналу ВКЛ адбываліся кожныя 2 гады і кожная сэсія цягнулася больш за 5 месяцаў (на год). З 1775 року сэсіі кадэцыі рускай адбываліся ў Горадні.
1881: Ігнат Гранявіцкі, заснавальнік беларускай фракцыі партыі “Народная воля” кінуў бомбу ў расейскага цара Аляксандра ІІ. Гранявіцкі нарадзіўся ў 1856 г. у маёнтку Басін Бабруйскага павета, а скончыў сваё жыццё разам з царом.
Ігнат Грынявіцкі (1856 — 1 сакавіка 1881) — беларускі рэвалюцыянэр-нарадаволец. Нарадзіўся ў маёнтку Басін Бабруйскага павета ў сям’і дробнамаянтковай шляхты.
Студэнтам Пецярбургскага тэхналягічнага інстытута (1875—1880) удзельнічаў у польска-беларускіх і расейскіх рэвалюцыйных гуртках, вёў прапаганду сярод рабочых, зьбіраў грошы палітычным вязьням, фабрыкаваў пашпарты рэвалюцыянэрам. З 1879 член партыі «Народная воля». Адзін з заснавальнікаў яе беларускай фракцыі, нацыянальная праграма якой надрукавана ў 1884 у часопісе «Гомон» (№ 2).
У траўні 1880 Грынявіцкі пакідае інстытут і, перайшоўшы на нелегальнае становішча, ператвараецца ў віленскага мешчаніна Ельнікава. Разам з А. І. Жалябавым, С. Л. Пяроўскай і інш. ўваходзіць у цэнтральны нарадавольскі гурток прапагандыстаў. Адзін са стваральнікаў, аўтараў і наборшчыкаў нарадавольскай «Рабочей газеты», уключыў у выданьне газэты земляка А. С. Барэйшу. Уваходзіў у групу, якая ўсю зіму 1880-81 сачыла за выездамі цара. 26 лютага 1881 г. на кватэры Грынявіцкага адбыўся сход арганізатараў замаху на расейскага цара Аляксандра ІІ. Грынявіцкі стаў адным з 4 выканаўцаў, якім «Народная воля» даручыла тэрарыстычную апэрацыю. У сваім запавеце напісаў: «Аляксандар ІІ павінен памерці. Ён памрэ, а разам зь ім памрэм і мы, яго ворагі, яго забойцы… Гісторыя сьведчыць, што раскошнае дрэва свабоды вымагае чалавечых ахвяраў…»
1 сакавіка 1881 бомбай, якую кінуў Ігнат Грынявіцкі, забіты цар Аляксандар II, а Грынявіцкі сьмяротна паранены.
1933: Памёр Уладзімер Жылка, беларускі паэт.
Уладзімір Адамавіч ЖЫЛКА (27 мая 1900, в. Макашы Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Нясвіжскі р-н Мінскай вобл. — 1 сакавіка 1933, Уржум Кіраўскай вобл. Расія; Псеўданімы: Вл.Ж.; Вал.Жыл.; Вл.Ж.; І.Жылка; Л.Макашэвіч; Макашэвіч; Л.Макашэвіч; У.Ж.; Ул.Ж.), беларускі паэт, перакладчык, крытык.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў гарадское вучылішча ў Міры (1914) разам з бацькамі пераехаў у Мінск. Падчас 1-ай сусветнай вайны сям’я Жылак была ў бежанцах ў Тульскай губ. Вучыўся ў Багародзіцкай агранамічнай навучальні Тульскай губерні (1915-1917). З 1917 жыў у Мінску, друкаваўся ў мінскіх выданнях, працаваў аграномам у дзяржаўным маёнтку пад Мінскам (1918-1919). Восенню 1920 захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў в. Падлессе Навагрудскага пав. Пасля Рыжскага дагавора застаўся ў Заходняй Беларусі. Працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні. Хаваючыся ад пераследу рэжымам ген. Л. Жалігоўскага, выехаў у Коўна, затым у Дзвінск. Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, а ў лютым 1923 выехаў на вучобу ў Чэхаславакію, да 1926 жыў у Празе, па стыпендыі чэхаславацкага ўрада вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Карлава універсітэта. У Празе рэдагаваў часопіс «Новы прамень».
У 1926 прыехаў у Мінск на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу. Застаўся ў БССР. Працаваў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Звязда», выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме. Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». Займаўся перакладамі для Белдзяржкіно. 19.07.1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10.04.1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобл., дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры медыцынскім тэхнікуме. Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках. Хацеў быць пахаваным у Вільні, горадзе, які вельмі любіў. Рэабілітаваны ў 19.9.1960 Судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР.
Дэбютаваў з друку з вершамі 1920 ў заходнебеларускіх выданнях «Беларускія ведамасці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Новае жыццё». Аўтар паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зборнікаў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мінск, 1927), «Вершы» (Мінск, 1970), зборніка «Пожні» (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, Мінск, 1986).
Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.
1936: Нарадзілася Лідзія Савік, беларускі гісторык.