Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
4 кастрычніка
1980. Загінуў Пётр Машэраў
Кіраўнік БССР загінуў у выніку аўтакатастрофы. Калі дакладна, то на трасе Брэст-Масква, на павароце да птушкафабрыкі ў Смалявічах. Пётр Міронавіч ездзіў без вялікіх эскортаў, абыходзіўся без перакрыцця вуліц і шляхоў. У ягоную «чайку» ўрэзаўся грузавік...
Доўгі час панавала легенда, што аўтаздарэнне было нібыта невыпадковым. Чаму? Бо Машэрава любілі не толькі ў БССР, але ведалі і ў Саюзе. Высокі, прыгожы, з франтавой і працоўнай біяграфіяй, добры арганізатар. На фоне нямоглага Брэжнева ён глядзеўся занадта эфектна.
Тым не менш, ніякіх доказаў канспіралагічнай версіі няма. Машэраў жа быў самым вядомым прадстаўніком «партызанскага клану» ў кіраўніцтве БССР. Часы Машэрава беларусы запомнілі як перыяд спакою і адноснага дабрабыту.
5 кастрычніка
1937. Расстраляны Лукаш Калюга
Сапраўднае імя пісьменніка — Канстанцін Вышына. У 1920-я пачынаў з краязнаўчай працы. Далей — рэдагаваў у Беларускім Дзяржаўным Выдавецтве. Напрыканцы 1920-х далучыўся да літаб’яднання «Узвышша». Друкаваўся ў літаратурных часопісах, а ягоную аповесць «Ні госць, ні гаспадар» высока ацаніў Максім Гарэцкі.
З «Узвышша» пачаліся пакуты аўтара: у час разгрому яго спачатку называлі ў прэсе «узвышанскім лазутчыкам», а пасля — арыштавалі. Вядома, за «нацдэмаўшчыну». Спачатку сасланы на 5 гадоў на Урал, пасля паўторна арыштаваны... Расстраляны ў Чалябінску.
Як і большасць нашых пісьменнікаў, Лукаша Калюгу рэабелітавалі ў 1956 годзе Вярхоўным Судом БССР. Пройдзе яшчэ троху часу, і творы аўтара пачнуць друкаваць у краіне, зразумела, без аніякіх згадак пра лёс літаратара. Асабовая справа Калюгі захоўваецца ў архівах КДБ Беларусі.
6 кастрычніка
1876. Нарадзіўся Ян Булгак
Піянер беларускай мастацкай фатаграфіі паходзіў з Асташына пад Наваградкам. Першыя здымкі зрабіў каля 1905 года: жонцы падарылі просценькі фотаапарат, але зацікавіўся ім муж. Разабрацца з тэхнікай дапамаглі наваградскія фатографы, а першыя фота Булгака — гэта родны маёнтак і яго ваколіцы.
Ужо праз пяць год Булгак удзельнічаў у сусветнай фотавыставе ў Бруселі, яго здымкі друкавалі і выкарыстоўвалі для паштовак безліч выдавецтваў. Для мастацкага дакументавання Віленшчыны і Міншчыны Булгак зрабіў столькі ж, колькі Напалеон Орда ў плане акварэляў і літаграфіяў.
Тэмы Булкага — гэта архітэктура і ландшафты. Старая Вільня, Свіцязь, Нарач, Нясвіж, Мір, маёнткі, тракты, далягляды... На жаль, вялікая частка архіву загінула ў Вільні падчас вайны: шкляныя пласцінкі былі знішчаныя пажарам. Большасць выяваў майстра мы ведаем з надрукаванай спадчыны. Ян Булгак памёр у Польшчы ў 1950-м годзе.
7 кастрычніка
1601. Асвечаны касцёл Божага Цела ў Нясвіжы
«Змрок, напоены святлом» — так пісалі пра касцёл сучаснікі. У нашым рэгіёне гэта быў першы езуіцкі касцёл у стылі ранняга барока. Яго аўтар — італьянец Ян Бернардоні. Фундатар будоўлі — Мікалай Радзівіл Сіротка.
Вядома, касцёл меў адпавядаць раскошы Нясвіжскага палаца Радзівілаў, які месціўся зусім побач. Таму ўсе інтэр’еры — роспісы, пластыку, нават арган — рабілі лепшыя італьянскія майстры. Для Радзівілаў касцёл стаў таксама месцам вечнага спачыну: тут захавалася крыпта з фантастычнымі барэльефамі прадстаўнікоў магнацкага роду.
Роспісы некалькі разоў перарабляліся ў XVIII-XIX стагоддзях. Пасля скасавання Ордэну езуітаў касцёл стаў наўпрост фарным. У 1912-м тут з’явілася памятная дошка Уладзіслава Сыракомлі — пісьменнік жыў і працаваў у Нясвіжы. Храм быў пашкоджаны у часе вайны, пасля — адноўлены. Кропкавая рэстаўрацыя працягваецца да нашых дзён.
8 кастрычніка
1586. Выйшла граматыка ў друкарні Мамонічаў
Трактат па граматыцы стараславянскай мовы выйшаў у Вільні пад назвай «Кграматыка словеньска языка». Дасюль таямніца — хто аўтар граматыкі? Паводле кананічнай версіі, яе склаў Іаан Дамаскін, багаслоў, адзін з айцоў Праваслаўнай царквы. Іншыя лічаць рэальным аўтарам Івана Фёдарава, які апрацаваў тэксты Дамаскіна.
Шрыфт друкарні Мамонічаў
Мамонічы былі праваслаўнымі купцамі і кнігавыдаўцамі, якія дзейнічалі ў неспрыяльных умовах: на фоне ўціску з боку каталікоў і прасоўвання каталіцызму. Браты працавалі з 1570-х, выдалі каля сотні кніг, палову з якіх — па-старабеларуску. Сярод выданняў — Статут і Трыбунал ВКЛ.
Ад часу заснавання браты трымаліся праваслаўнай пазіцыі, але на пачатку XVII ст. друкарня пераходзіць у рукі Лявона Мамоніча, які пачаў абслугоўваць інтарэсы ўніятаў. З часам на яе базе паўстала базыліянская Траецкая друкарня, якая праіснавала да ХІХ стагоддзя.
9 кастрычніка
1920. Войскі Жалігоўскага занялі Вільню
Так паўстала дзіўная дзяржава — Сярэдняя Літва — якая праіснавала ўсяго 18 месяцаў. Люцыян Жалігоўскі быў генералам пры Пілсудскім, даверанай асобай. Паводле дамовы з апошнім, дывізіі Жалігоўскага нібыта самастойна і насуперак загаду перайшлі мяжу і занялі літоўскую Вільню.
Маркі Сярэдняй Літвы
Для Пілсудскага — гэта быў адзіны шанец атрымаць Вільню, не парушыўшы міжнародных дамоўленасцяў: усё быццам рабіў Жалігоўскі. Дзяржава, зразумела, павінна была быць часовай і буфернай. Сімваламі Сярэдняй Літвы былі Арол і Пагоня. У яе склад уваходзілі таксама Ашмяны і Смаргонь
Ліга Нацыяў выступіла катэгарычна супраць Сярэдняй Літвы, якая ўжо займела сваё войска, валюту, органы ўлады. Пілсудскі вырашыў сітуацыю аўтарытарна: запрапанаваў рэферэндум, на якім людзі мелі вырашыць лёс тэрыторыі. Беларусы і літоўцы яго праігнаравалі, таму вынік атрымаўся на карысць палякаў: у 1922-м Віленшчына ўвайшла ў склад Польшчы.
10 кастрычніка
1796. Нарадзіўся Міхаіл Без-Карніловіч
Будучы гісторык і этнограф паходзіў з дваранскай сям’і, нарадзіўся ва Украіне. Скончыў кадэцкі корпус, удзельнічаў у Руска-турэцкай вайне, пазней заняўся тапаграфіяй. Яшчэ падчас вайсковай службы пісаў аналітычны агляд Віцебскай губерні, дзе закрануў гістарычныя і этнаграфічныя моманты.
З 1852 года Міхаіл Без-Карніловіч у адстаўцы. Ужо праз некалькі гадоў выйшла ягоная кніга «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі» (1855). Насуперак часу, аўтар ставіў беларусаў у адзін шэраг з іншымі народамі, высока цаніў Полацкую дзяржаву, апісваў гарадзішчы, валуны, курганы, побыт і звычаі мясцовых сялянаў.
Цікава, што як вайсковы аналітык, Без-Карніловіч карыстаўся не паэтычна-рамантычнымі фантазіямі, але — логікай. Заўсёды правяраў факты, збольшага карыстаўся пісьмовымі крыніцамі. У працы з фальклорам намацваў сістэму: напрыклад, тлумачыў народныя звычаі праз сюжэты паданняў і легендаў.