Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
9 студзеня
1518. Францыск Скарына друкуе «Песню песням»
У гэты дзень у Празе Францыскам Скарынам была выдадзена кніга «Песня песням» («Книга премудраго царя Соломона рекомая Песнь песнямъ») — зборнік інтымна-лірычных песень, які з’яўляецца часткай Старога Запавету.
У прадмове Францыск Скарына тлумачыць назву кнігі, яе змест, а ў пасляслоўі дае кароткую анатацыю, а таксама ўказвае выдаўца і месца выдання. Гэта адзінае пражскае выданне Скарыны, у якім выкарыстаны двухфарбавы друк. Цяпер захавалася ўсяго 9 экзэмпляраў гэтай кнігі, з якіх толькі адзін поўны.
Друкаваў свае кнігі Францыск Скарына на царкоўнаславянскай мове з невялікай колькасцю лексічных адзінак беларускага паходжання, а вось аўтарскія прадмовы да іх былі напісаныя ім на старабеларускай мове.
Ілюстрацыя: карціна «Друкарня Францыска Скарыны ў Вільні» Язэпа Драздовіча, 1940
10 студзеня
1569. Сойм у Любліне
У гэты дзень у Люблінскім замку пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай, які папярэднічаў Люблінскай уніі і быў скліканы вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Аўгустам.
Вялікае Княства Літоўскае было ў той момант выматаная шматлікімі вайсковымі канфліктамі, ішла Лівонская вайна з Масковіяй, абвострыліся ўнутраныя супярэчнасці. Гэтай сітуацыяй скарысталіся палякі, якія абвесцілі аб далучэнні Падляшша і амаль усёй тэрыторыі Украіны да сваёй дзяржавы.
Паслы ад ВКЛ, які прымалі ўдзел у працы таго сойму, спачатку пакінулі Люблін, але ў выніку ўсёадно вымушаныя былі вярнуцца і падпісаць унію: весці вайну на два франты было наўпрост немагчыма.
Сам акт аб злучэнні Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў адну дзяржаву, які быў канчаткова зацверджаны 1 ліпеня 1569 года, прадугледжваў уніфікацыю заканадаўства, стварэнне аднаго Сойма і Рады, немагчымасць вонкавых дамоваў без ведама адзінага кіраўніцтва краіны.
11 студзеня
1907. Забарона «Нашай долі»
У гэты дзень рашэннем віленскага суду было забаронена выданне газэты «Наша доля», якая была адной з першых легальных беларускіх газет. Галоўнага рэдактара і выдаўца газэты Івана Тукеркеса асудзілі на 1 год турмы.
Першы нумар «Нашай долі» пабачыў свет у верасні 1906 года, а яго агульны наклад складаў 10 тысяч асобнікаў. Усяго было надрукавана 6 нумароў, якія выходзілі з верасня да снежня 1906 года і друкаваліся кірыліцай і лацінкай.
Менавіта на старонках першага нумара газеты быў надрукаваны верш «Наш родны край», які быў падпісаны псеўданімам Якуб Колас. Гэта і ёсць літаратурны дэбют класіка, і першая згадка ягонага псеўданіма. Дэбютавалі на старонках выдання і іншыя класікі нашай літаратуры.
«Наша доля» мела шырокі дыапазон тэкстаў: ад вострапалітычных заклікаў і крытыкі цара, да асветніцкіх матэрыялаў, якія мелі на мэце адукоўваць чытача. Можна сустрэць на яе старонках матэрыялы на тэму медыцыны, эканомікі, сельскай гаспадаркі.
Была больш радыкальнай за «Нашу Ніву», якая пачне выдавацца следам за «Нашай Доляй».
12 студзеня
1888. Нарадзіўся Дамінік Аніська
Гэты беларускі дзеяч, які прайшоў дзве сусветныя вайны, з’явіўся на свет у вёсцы Слойнікі на Падляшшы ў сялянскай сям’і.
Прыхільным да беларушчыны стаў яшчэ ў маладыя гады, калі набыў у польскай кнігарні ды прачытаў «Дудку беларускую» Францішка Багушэвіча. У 1906 годзе скончыў гарадскую школу ў Саколцы, а ў 1907 годзе быў забраны ў расейскае войска.
Ад 1914 года ён быў паўторна забраны ў расейскае войска, а потым паспеў паслужыць у новаствораным польскім. З 1921 года быў у школе падхарунжых у Быдгашчы, а ў 1923 годзе выйшаў у запас як афіцэр.
Быў адным з заснавальнікаў і прыхільнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Актыўна друкаваўся ў «хадэцкай» прэсе — газеце «Крыніца» і часопісе «Хрысьцінская думка». Адзін з найбольш заўважных публіцыстаў беларускага руху.
У 1939 годзе з пачаткам Другой сусветнай вайны быў мабілізаваны ў польскае войска. У 1942 годзе пасля стварэння польскай арміі Андэрса апынуўся ў Палестыне, якая тады была пад брытанскім кантролем. Памёр 28 снежня 1971 года ў Лондане, дзе стала пражываў пасля вайны.
«Спакойны, чэсны чалавек, беларускі патрыёт і пісьменнік, верны хрысціянін і дастойны грамадзянін, спагадлівы, працавіты і ахвярны» — так згадала рэдакцыя часопіса «Божым шляхам» Дамініка Аніську, для якога ён шмат пісаў у паваенны час.
13 студзеня
1593. Памёр Сымон Будны
Ужо само прозвішча гэтага вядомага рэлігійнага дзеяча, актыўнага ўдзельніка рэфармацыйнага руху, нібы намякала на тое, што ён будзе будзіцелем царкоўнага жыцця. Бо ён быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу ў ВКЛ.
Сымон Будны — аўтар знакамітага «Катэхізіса», які быў выданы хутчэй за ўсё ва Уздзе на Міншчыне, аб чым маецца адпаведная прыпіска: «пісано во Узде року от народжання Сына Божага у 1572, месяца іюня, 30 дня». У ім ў форме пытанняў і адказаў даступна тлумачылася рэлігійнае вучэнне. Ён жа быў адным з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы пры князях Радзівілах.
Цягам жыцця рэлігійныя погляды Буднана зведалі значную трансфармацыю — эвалюцыя ад кальвінізма да арыянства. Будны ставіў пад сумнеў дагмат аб святой Троіцы, адмаўляў замагільны свет і несмяротнасць душы. Праз гэта ў яго з’яўлялася як нямала прыхільнікаў, так адначасова і шмат лютых ворагаў. Ён быў добрым сябрам іншага гуманіста і асветніка — Васіля Цяпінскага.
Пайшоў з жыцця Сымон Будны ў Вішневе на Гарадзеншчыне, які ў той час быў адным з цэнтраў пратэстанцкага руху.
14 студзеня
1893. Нарадзілася Канстанцыя Буйло
У гэты дзень у Вільні ў шматдзетнай сялянскай сям’і з’явілася на свет беларуская паэтка Канстанцыя Буйло.
З юнацкіх гадоў літаратарка мела прыхільнасць да беларускай справы, далучылася да якой яшчэ за «нашаніўскім» часам. Менавіта на старонках «першай беларускай газэта з рысункамі» яна і дэбютавала са сваімі вершамі ў 1909 годзе. А ўжо праз пяць гадоў пабачыў свет у друкарні Марціна Кухты яе дэбютны паэтычны зборнік «Курганная кветка».
Пасля 1917 года Канстанцыя пераехала разам з мужам у Маскву, дзе працавала на розных пасадах у разнастайных установах. Памерла ў 1986 годзе. Даволі ўнікальны выпадак для беларускай літаратуры ХХ стагоддзя — каб чалавек пражыў больш за 100 гадоў і памёр сваёй смерцю. Пахавана ў Вішневе.
Многія вершы паэткі пакладзены на музыку, але найбольш шырокую вядомасць займела песня «Люблю» на аднайменны верш з таго самага першага зборніка, які быў выдадзены ў Вільні ў 1914 годзе.
15 студзеня
1926. Пачынае выходзіць «Маланка»
У гэты дзень у 1926 годзе пачала выходзіць «часопісь гумару, жартаў і сатыры» пад назвай «Маланка. Ужо ад першых нумароў рэдакцыя амбіцыйна называла сваё выданне «найлепшым».
Маўляў, толькі з гэтым часопісам «супрацоўнічаюць найлепшыя літэратурныя і мастацкія сілы Заходняй Беларусі». І друкуюцца ў ёй «найцікавейшыя, найсьмяшнейшыя жарты, карыкатуры, вершы, сатыры». А само выданне «друкуецца на добрай паперы з вялікай колькасцяй рысункаў».
І ў гэтым яны не хлусілі, бо сярод аўтараў выдання былі і праўда вядомыя літаратары і мастакі той пары: Міхась Васілёк, Краўцоў Макар, Ігнат Дварчанін, Язэп Горыд ды іншыя. Гумар у выдання быў своеасаблівы, але дасціпны.
Яны крытыкавалі ўсіх: польскія ўлады, клерыкалаў, «эндэкаў», манархістаў, літоўцаў, якія мрояць аб страчанай Вільні — спіс можна працягваць бясконца. Спачувалі хіба што беларусам, якія аказаліся ў цяжкім становішчы.
Спынены выхад «Маланкі» быў у снежні 1928 года. Агулам выйшла 43 нумары.