Пра гэта паведаміла тэатральны крытык Настасся Панкратава на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Беларускія ўлады працягваюць зачышчаць тэатр ад яркіх, неардынарных, таленавітых дзеячаў. На гэты раз дабраліся да Гомельскага маладзёжнага тэатра. Два дні таму дырэктару Алене Маставенка ўручылі апавяшчэнне аб непадаўжэнні кантракта.
Алена Маставенка прыйшла ў гомельскую Маладзёжку ў 2017-м годзе. І вельмі хутка тэатр загучаў на ўсіх рэспубліканскіх пляцоўках. Алена не баялася эксперыментаў і давярала маладым рэжысёрам. Дзякуючы такому падыходу ў Маладзёжцы загучаў культавы Макдонах, Марыюс фон Майенбург з рэзануючай назвай «Вырадак» (гэтыя спектаклі ставіў Віталь Краўчанка да свайго пераходу ў Купалаўскі тэатр, менавіта ў гомельскую Маладзёжку ён вярнуўся пасля разгрому Купалаўскага), тут быў спектакль з музыкай Ягора Летава ў пастаноўцы Паршына, спектакль Юрыя Дзівакова.
У тэатры з’явілася мноства небанальных аўтараў і дзёрзкіх пастаноўшчыкаў. Нядзіўна, што на бліжэйшую пасля свайго прыходу ў тэатр Нацыянальную тэатральную прэмію гомельская Маладзёжка прыехала адразу з трыма пастаноўкамі, арганізаваўшы ў Мінску міні-гастролі.
Мясцовыя газеты называлі Маладзёжку самым лямпавым тэатрам у горадзе. Ну а зараз атмасферны тэатр імкліва адкоціцца да безаблічнага калектыва, якіх цяпер поўна (на вялікі жаль) ў Беларусі. <...> ... акцёры, даведаўшыся пра хуткае звальненне, стаяць гарой за свайго дырэктара і пішуць лісты ў абарону. Толькі бэкграўнд двух апошніх гадоў пакідае вельмі мала надзеі на хоць нейкую справядлівасць. Каму патрэбна творчасць, калі ў аснову ставіцца ідэалогія?», — напісала Настасся Панкратава.