Нестандартнае, але станоўчае заканчэнне атрымала адкрытая дыскусія, якую 5 мая ладзіла кампанія “Будзьма беларусамі!” у Гомелі.
На дыскусію ў тайм-клубе “Флэт” заклікала абвестка без кідкіх рэкламных захадаў — з назвай “Грамадскія супольнасці Гомеля: канфлікт ці супраца?”. Аднак глядацкая зала не была пустой: магчыма, праз тое, што заяўленая тэма сустрэчы вострая заўжды і ўласцівая не толькі Гомелю: чаму людзі, якія робяць нібыта адну справу, часцяком не могуць паразумецца міжсобку? Чаму так важна дбаць пра бесканфліктную супрацу? Чаму такое вялікае значэнне мае неперарыўнасць розных генерацый?
На першы погляд, заахвочванне людзей да супрацоўніцтва насуперак іх жаданню выдае на прымус. Аднак досвед трыццаці гадоў існавання ў Гомелі грамадскіх суполак неаспрэчна даводзіць: найлепшы вынік дасягаецца толькі супольнымі намаганнямі: вынік у выглядзе канкрэтных справаў і пераменаў. У Гомелі на сёння склалася наступная сітуацыя: найбольш уплывовыя арганізацыі налічваюць некалькі пакаленняў, камунікацыя паміж якімі ўскладненая; культурныя і мастацкія здабыткі проста не знаёмыя сучасным гомельцам; а супрацоўніцтва з уладамі наагул выдае на жорсткае змаганне. Так гэта ці не, як выйсці з гэтай сітуацыі — гэтаму і было прысвечанае ток-шоў.
Тэма была тым больш дарэчы, што дыскусія “Грамадзянскія супольнасці Гомеля: канфлікт ці супраца?” мусіла адкрыць сабой новую кампанію “Разам да справы”: абмеркаванню таго, як разам ажыццяўляць справы, якія б прыносілі рэальны плён, і былі прысвечаныя наступныя гадзіны.
Сустрэчу адкрыла рэгіянальны каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Марыя Шарый. Яна прэзентавала гледачам праекты «Будзьмы», а таксама агучыла важную інфармацыю пра новую кампанію «Разам да справы», мэта якой не толькі асвета, але і матываванне актыўных, але часта разрозненых частак грамадства да супольных дзеянняў, да аб’яднання досведу на карысць агульнай справы, каб зрабіць лепшай якасць жыцця пэўнага асяродка, мястэчка ці горада, а ўсім разам – нашай краіны.
ПЕРАЕМНАСЦЬ ГЕНЕРАЦЫЙ ЦІ КАНФЛІКТ БАЦЬКОЎ І ДЗЯЦЕЙ?
– Сяргей Дубавец, які быў тады ў Гомелі, можна сказаць, у выгнанні, заснаваў у 1986 годзе гомельскую “Талаку”, а я далучыўся да яе ў 1988 годзе, – распавядае Андрусь Саладоўнікаў, адзін з прадстаўнікоў найстарэйшай генерацыі нацыянальнага руху, сведка ўтварэння і першых крокаў ці не ўсіх гомельскіх суполак: “Талакі”, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, творчых мастацкіх аб’яднанняў – і іншага, што спарадзіла напрыканцы васьмідзясятых, на заранку новай беларускай дзяржаўнасці, глеба Гомельшчыны, урадлівая на асобаў, якія здабылі славутасць на ўсю Беларусь. Гэта і Анатоль Сыс, назаўжды ўшанаваны; і Алесь Бяляцкі, і “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі; можна згадаць таксама Змітра Бартосіка, Вальжыну Цярэшчанку – і шмат іншых асобаў, знітаваных з Гомелем; так што магчымыя абвінавачванні ў тым, што Гомель нібыта найбольш зрусіфікаваны горад, апатычны і няздольны рабіць унёскі ў нацыянальную беларускую ідэнтычнасць, выглядаюць як мінімум некарэктна. Падрабязны расказ Андруся Саладоўнікава пра тыя часы і пра справы, здзейсненыя ў Гомелі, – таму пацвярджэнне.
Але чаму такая актыўная дзейнасць гомельскіх суполак спынілася? Чаму, напрыклад, “Талака” налічвае ажно чатыры пакаленні ўдзельнікаў, між якімі не заўсёды ўсталяваная бесперашкодная камунікацыя? Ці існуе ў Гомелі пераемнасць паміж рознымі пакаленнямі грамадска актыўных асобаў? – такім было пытанне мадэратара да наступнага госця імпрэзы – цяперашняга старшыні “Талакі” Яўгена Меркіса.
– Я стаў на чале “Талакі” толькі ў 2009 годзе, – распавядае Яўген Меркіс, – і шмат што са зробленага раней давялося ствараць наноў. Напрыклад, той “Талацэ”, якая ўзнікла пасля “Талакі” Яўгена Малікава (адзін з папярэдніх старшыняў – заўв.аўт.), давялося практычна з нуля аднаўляць традыцыі правядзення абрадных святаў: Купалля, Гукання вясны… Так, “Талака” знікала некалькі разоў, але яна заўжды адраджалася з попелу! І мы, як і раней, ажыццяўляем краязнаўчую, этнаграфічную, даследніцкую дзейнасць – хоць нас і блытаюць часам з іншымі арганізацыямі – аднойчы, напрыклад, нас назвалі “спеўны гурт Талака” – місія “Талакі” засталася такой самай, як і трыццаць гадоў таму.
Перапынкі ж у дзейнасці “Талакі” Яўген Меркіс, адказваючы на пытанні з залы, звязаў з тым, што частка найбольш актыўных талакоўцаў сыходзіла ў палітыку падчас найбольш актыўных палітычных перадвыбарчых кампаній у 1993 і 2009 годзе.
“Талакой” актыўнасць у Гомелі не абмяжоўвалася; абласны цэнтр меў яшчэ адну арганізацыю з даўнімі традыцыямі: Гомельскую філію таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Аб тым, як ТБМ паўставаў з попелу, распавяла прадстаўніца найноўшай генерацыі ТБМ Марыя Булавінская:
– Адраджэнне ТБМ пачалося з моладзі, апантанай ідэямі развіцця беларушчыны: Марысі Тульжанковай, Яўгена Якавенкі і іншых; у пошуках арганізацыі, якая магла б нас аб’яднаць, мы знайшлі ТБМ, выйшлі на колішняга старшыню Анатоля Бароўскага, у якога ўзялі ўсе неабходныя для рэгістрацыі дакументы… Што тычыцца таго, ці патрэбны нам быў досвед мінулых пакаленняў: нам на першых этапах дапамагала Сафія Фейгіна – удзельніца той самай першай “Талакі”.
Аднак аднаўленне дзейнасці Таварыства беларускай мовы ў Гомелі пачалося з невялікай трагедыі. Сваёй першай справай моладзь вырашыла абраць святкаванне Дзядоў: маштабнае і з вялікім розгаласам. Для адзначэння зрабілі шмат: сабралі ўдзельнікаў, знайшлі вялікую залу – і літаральна за дзень да свята ўлады адмовілі ў яго правядзенні.
– Тады гэта выглядала трагедыяй, сапраўдным канцом свету, – дзеліцца ўспамінамі Марыя Булавінская.
Але сябры ТБМ выявілі ўпартасць і нязломнасць, пагатоў неўзабаве ў Гомелі паўстала сапраўдная трагедыя: пагроза знішчэння драўлянай архітэктурнай спадчыны. Абарона помнікаў драўлянага дойлідства, у прыватнасці, славутага дома на вуліцы Ваталаўской, дзе меркавана жыла Ірына Паскевіч, і аб’яднала ўдзельнікаў навастворанай арганізацыі.
– Мы працуем разам з Талакой, – удакладніла Марыя Булавінская.
Сярод праектаў, якія ажыццявіла ТБМ, ёсць нават адно супольнае мерапрыемства з, як ні дзіўна, БРСМ, якое адбылося, што праўда, першы і апошні раз; дзякуючы двум складнікам, ініцыятыве адважнай Марыі Булавінскай, якая не пабаялася прапанаваць сакратару ўніверсітэцкай суполкі БРСМ правесці разам свята з нагоды Дня роднай мовы, і недасведчанасці ўласна сакратара БРСМ, якая проста не ведала, якая слава замацаваная за Таварыствам беларускай мовы ў дзяржаўных структурах.
Вось так дзеля супольных мэтаў і агульных зацікаўленасцяў кожная новая генерацыя гомельскіх актыўных асобаў самастойна выцягвае з нябыту досвед, напрацаваны папярэднімі пакаленнямі. Так што нібыта страчаныя напрацоўкі актыўна выкарыстоўваюцца сёння, хоць на першы погляд гэта не так заўважна. Ініцыяваны на дыскусіі дыялог паміж прадстаўнікамі розных генерацый быў добрай ілюстрацыяй гэтай думкі.
“АКСАМІТНЫ ЖАХ” І КАМЕНТАРЫ Ў САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ
“Чалавек, які пяе пра цмокаў”. “Паляванне на цмока ў гомельскіх ваколіцах”. “Ляцяць цмакі…”. Калі на вялікім экране пачалі мяняцца кадры з выявамі старонак старажытных “самвыдатаўскіх” газет, некаторыя ў зале не здолелі стрымаць эмоцыі. І не дзіўна: дэманстрацыя літаратурна-мастацкага выдання “Аксамітны жах”, папулярным у творчым беларускім асяродку дзевяностых гадоў, была сюрпрызам для гледачоў, абяцаным арганізатарамі на пачатку сустрэчы. Газета “Аксамітны жах” існавала толькі ў друкаваным варыянце, выдавалася мізэрным накладам, аднак у свой час нарабіла столькі розгаласу, што й дагэтуль пры яе згадцы сведкі тагачасных падзеяў усміхаюцца ці нават змахваюць настальгічную слязу.
Дэманстрацыю старонак “Аксамітнага жаху” дапоўніў расказ Андруся Саладоўніка аб мастацкіх перформансах, якія ладзіліся ў Гомелі ў той час актыўнымі творцамі.
Аднак чаму такія моцныя, змястоўныя і, галоўнае, гістарычна абгрунтаваныя мастацкія сімвалы не сталіся альтэрнатыўнай культурнай плынню ў Гомелі? Чаму цмок, якому было прысвечана столькі твораў, не стаў сімвалам горада? І як можна выкарыстоўваць мастацкую спадчыну ў цяперашняй сітуацыі?
Такое пытанне было адрасаванае карэспандэнту інфармацыйнага партала “Моцныя навіны” Дзмітрыю Новікаву.
– Я, на жаль, не паспеў паўдзельнічаць у выданні “Аксамітнага жаху”, але дзякуючы знаёмству з адным з заснавальнікаў вольнамастацкага руху Андрэем Скіданам я далучыўся да гэтай плыні; і вобразы настолькі натхнілі мяне, што мы з сябрамі нават спрабавалі стварыць аналагічнае выданне – “Трамвай в чулане”; хапіла нас, што праўда, толькі на першы нумар.
Дзмітры Новікаў прапанаваў свой спосаб вырашэння праблемы невядомасці мастацкіх здабыткаў гомельскіх творцаў: што заўгодна можна зрабіць славутым, калі вынесці гэта на шырокую публіку. І такая пляцоўка ў Гомелі ёсць: гэта інтэрнэт-партал “Моцных навінаў” са шматтысячнымі наведваннямі штодня, а таксама, што важна, суполка выдання ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”, якая сёння налічвае больш за 77 тысячаў удзельнікаў. Дзмітры Новікаў падкрэсліў, што гатовы прапанаваць гэтую пляцоўку для рэкламавання любой мастацкай ініцыятывы, якая ўзнікне ў Гомелі.
Пры згадцы пра суполку “Моцных навінаў” “Укантакце” гледачы заўважна ажывіліся: гаворка зайшла аб палітыцы мадэравання каментароў адміністратарамі суполкі. Шмат хто з прысутных меў досвед каментавання допісаў, а некаторыя нават былі забаненыя там. Нарэшце ў гомельцаў з’явілася магчымасць выказаць свае прэтэнзіі не ў віртуальнай прасторы, а асабіста.
– Каб не трапіць у бан, канечне, прасцей за ўсё не каментаваць, – з жарту пачаў свой адказ Дзмітры Новікаў, аднак далей пры супольным абмеркаванні было прынятае рашэнне, што элементарныя нормы ветлівых паводзінаў могуць прадухіліць любы канфлікт.
Аднак Гомель не абмяжоўваецца прысутнымі на сустрэчы беларускаарыентаванымі супольнасцямі; тут існуюць і музычная, і тэатральная “тусоўкі”; якім чынам можна наладзіць супрацоўніцтва з імі, распавядала Яся Дрозд, тэатральная акторка, адна з удзельнікаў аматарскага калектыву “Тэатр адкрытых”:
– Тэатр – сінтэтычнае мастацтва, але вельмі замкнёнае, і тэатры існуюць як манастыры розных ордэнаў; і ўсё іх супрацоўніцтва палягае, да прыкладу, у абмене рэквізітам для спектакляў. Але ж у Гомелі больш чым адзін непрафесійны тэатр! Варта толькі паглядзець на афішы: там адзін, там другі; пры кожным доме культуры існуе свой аматарскі тэатр! Калі казаць пра супрацоўніцтва, то мне ўяўляецца нейкі фестываль, у якім маглі б узяць удзел усе аматарскія тэатры, але гэта адразу сутыкаецца з праблемай: у такія калектывы людзі прыходзяць “ствараць”, а калі даводзіцца крыху папрацаваць, удасканаліць майстэрства, засвоіць нешта новае, людзі не хочуць вучыцца. Таму супрацоўніцтва паміж аматарскімі тэатрамі ўпіраецца ў непрафесіяналізм.
НАРОД І СЛУГІ НАРОДА
Ад супрацоўніцтва паміж тэатрамі дыскусія перайшла, бадай, на найскладанейшы від камунікацыі – на дыялог і далейшую супрацу самых розных грамадскіх ініцыятываў і органаў дзяржаўнага кіравання.
Пра свой досвед працы ў самым сапраўдным дзяржаўным органе – адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля – распавёў архітэктар Сяргей Ляпін.
Сяргея можна назваць славутым у Гомелі чалавекам, бо вынік ягонай працы знаёмы кожнаму гомельцу: гэта і размеркавальныя электрычныя шафы каля бібліятэкі, замаскіраваныя пад кніжныя; і вулічныя шыльды на беларускай мове; і сучасныя аўтобусныя прыпынкі; і партрэт гомельскага архітэктара Шабунеўскага на фасадзе аднаго з дамоў – і шмат іншых цікавостак.
Сяргей Ляпін распавёў, што магчымасць ажыццявіць гэтыя праекты надарылася тады, калі ў адміністрацыі змяніўся кіраўнік, які прагнуў прадэманстраваць плён сваёй дзейнасці. І магчымасці ўпарадкавання горада, аб якіх раней можна было толькі марыць, рэалізаваліся.
Істотны ўнёсак у гутарку аб магчымасцях супрацы з уладай зрабіў Уладзімір Булаўскі з Віцебска: ягоны досвед працы адначасова і ў бізнесе, і ў грамадскіх арганізацыях, і ў дзяржаўных структурах дазволіў зрабіць выснову аб тым, што пры супрацы з дзяржаўнымі ўстановамі трэба ўлічваць і іх зацікаўленасць: напрыклад, планы мерапрыемстваў, дапамога ў рэалізацыі якіх можа стаць месцам супадзення інтарэсаў і пачаткам супрацоўніцтва.
РАЗАМ ДА СПРАВЫ
І калі напрыканцы сустрэчы зайшла гаворка аб найбольш розгаласнай грамадскай ініцыятыве, якая нядаўна ўзнікла ў Гомелі (кампаніі “Разам абаронім зялёныя вуліцы Гомеля”, распавядаў адзін з яе ўдзельнікаў Сяргей Ляпін), адбылася нечаканая, але вельмі станоўчая падзея: жыхарка аднаго з дамоў у цэнтры Гомеля, якая прыйшла на сустрэчу, прачытаўшы абвестку, звярнулася да Сяргея Ляпіна з просьбай дапамагчы выратаваць дрэвы і ў іх двары.
Сваю дапамогу адразу прапанавалі і Дзмітры Новікаў (як карэспандэнт “Моцных навінаў”), і Яўген Меркіс (як рэдактар Зялёнага партала Гомельшчыны), і адкрытая дыскусія аб тым, як працаваць разам, у той самы момант перайшла ад словаў да справы.
Мы мяркуем, што гэта і ёсць найлепшым яе вынікам.
Ток-шоў у Гомелі, якое адкрыла новую кампанію «Разам да справы», дазволіла выразна ўбачыць, што насамрэч супольная дзейнасць робіцца магчымай значна прасцей, чым здаецца на першы погляд: варта толькі задумвацца найперш не аб уласных амбіцыях ці спыняцца на асабістых канфліктах; супольная праца ладзіцца ды мае сэнс тады, калі ўсіх удзельнікаў аб’ядноўвае агульная важная мэта. А пераемнасць генерацый залежыць асабіста ад кожнага: сёння тэхнічныя сродкі дазваляюць бесперашкодна дзяліцца інфармацыяй. У такім ракурсе дэвіз «Разам да справы» больш чым рэальны.
Югася Каляда. Фота Ўладзімера Грыбаедава