Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Юры Алісевіч і яго атачэнне. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.
Пра аўтара:
Юры Алісевіч нарадзіўся ў 1970 годзе ў Мінску. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка (1989), аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1975). Сябра Беларускага саюза мастакоў (1997), з 1999 выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе і кніжнай графіцы. Удзельнік 53-й Венецыянскай біенале ад Беларусі. Аўтар 4 персанальных выставаў у Беларусі, удзельнік шматлікіх калектыўных выставаў ў Беларусі і за мяжою.
ПЛП
Падчас імшы, не помню ўжо, падчас набажэнства слова або цела, але хутчэй на іх скрыжаванні, гучыць класічнае: “і слова стала целам”. Менавіта гэта згадваецца пры разгляданні малюнка. Не ў рэлігійным, безумоўна, сэнсе але ў сэнсе ўцялеснення словаў, думак, але найперш, пачуццяў аўтара.
Андрэй АдамовічТакое ўражанне, што ўсё тое, што мастак адчувае скураю, носам, вачыма і вушамі, але, зноў жа, найперш, сэрцам – усё гэта вылілася на паперу. Кожны прадмет тут крычыць на паперу, уголас, пра тое, што вось ён аўтар – жывы і не збіраецца паміраць, вось ён і вось яго вось-быццё ў рэчах вакол.
Гэтая кватэра, гэты пакой гэтыя кнігі на паліцах, гэтыя кеды, гэтыя дзверы і гэтыя надпісы, раскіданыя меткамі, якарамі найбольшага болю – гэта ўсё, што лучыць аўтара і пільнага гледача.
Прадметы і словы тут – напраўду адпаведнікі таго, што ў НЛП называюць якарамі. І кожны з іх можа разгарнуць ланцужок нашага негатыўнага бэкграўнду, нацягнутаю струной мастаковых стрэлачак можна разрэзаць грудзіну, раскрыць рэбры, выцягнуць з сярэдзіны ўсяго сябе, раскласці на стале, вымыць, скласці назад і зашыць той самай стрэлкаю.
Такое сабе прадметна-лінгвістычнае праграмаванне. Безумоўна, любая творчасць – псіхатэрапія. Але гэтая не шкадуе не мастака ні гледача, гэтыя малюнкі робяць балюча, і ніхто не выдае анальгетыкаў. Тым больш што і выздараўленне не гарантаванае – цела вось яно і вось яно быццё. Боль – ягоная частка.
|
|