Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Таццяна Кандраценка і яе “Sweet home”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.
Пра аўтара:
Таццяна Кандраценка нарадзілася ў г.п. Касцюкоўка (Гомельская вобласць). У 2004 скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне станковага жывапісу. З 2007 – выкладчык кафедры малюнка гэтай акадэміі. З 2005 – сябра Саюза мастакоў Беларусі. Працы захоўваюцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Мастацкім музеі горада Дзерута (Італія), у прыватных калекцыях у Нямеччыне, Польшчы, Італіі і Беларусі. Удзельніца калектыўных і персанальных выставаў у Беларусі і за мяжою.
Мы не дамо
Памяць звычайна падсоўвае нам толькі самыя прыемныя моманты. Кшталту мандарынаў, якія мы елі на навагоднія святы ў шасцігадовым узросце. Ці канструктар, з якім забаўляюцца ўжо некалькі пакаленняў беларусаў. Такі, прынамсі, быў у мяне, а цяпер з такім гуляецца мой сын.
Толькі вось стаіць усё гэта на разараным полі. І разоры – гэта менавіта тое, што мы ў іх чуем: раны, разрэзы. На гэтым і трымаецца ўсё нашае “Я”. Проста немагчыма помніць усё дрэннае, што адбывалася з намі, – усе істэрыкі па дарозе ў дзіцячы садок, усе здзекі настаўнікаў, непрыемныя выпадкі з ранняга і сярэдняга дзяцінства, інстытута ці апошняга месца працы.
Андрэй АдамовічТак заўсёды і бывае, калі прыгадваеш сваё мінулае, яно – несапраўднае, з бліскучага ці матавага пластыку, які табе набылі бацькі ці падарыла цёця Маша. Забаўна, што гэта не твой пластык, такі пластык ёсць у суседа Сяргея і ў большасці аднакласнікаў. Ва ўсіх аднакласнікаў, у якіх бацькі не закладаюць. Несапраўдныя, падробныя пазітыўныя ўспаміны, што стаяць на незагоеных ранах – метафара ўсяго нашага жыцця.
І заўсёды прыемна думаць, што там, на ўскрайку айкумены, за нашым домам з пластыку, ёсць нейкія дарогі, што сімвалізуюць рух наперад, да нейкіх вялікіх здзяйсненняў, да шчасця ўрэшце, і ў нас нават ёсць выбар, таму дарогі – дзве. Але гэта ілюзія, дарога нікуды не вядзе, бо губляецца ў тумане, дый ніхто ніколі на яе не выйдзе, яна існуе толькі каб супакоіць чалавека: усё пад кантролем, калі-небудзь я ўстану і пайду па гэтай дарозе. Трагедыя ў тым, што усё тут – ілюзія. Нават разоры маглі б загаіцца, калі б хто-небудзь прыклаў да гэтага высілкі, выкінуў канструктар на сметніцу, але дзейнага суб’екта няма. Усё забрана лёгкаю дымкаю, нібы ў гледача ўзняўся ціск, і ўсё паплыло ў галаве. І нават падробны пазітыў пачынае ўваходзіць у зямлю і зрастацца з ёю. І ўжо штучнасць, нанесенасць немагчыма аддзяліць ад сапраўднага болю, можа быць, адзінай сапраўднай рэчы, якую мы маем.
Усё так ужо безнадзейна ці над разорамі можа быць дадзеная прысяга, якую хто-небудзь дасць рады стрымаць? Не ведаю, але бачу, што мастак скептычна глядзіць на гэта. Над полем няма ніводнага зялёнага парастка, а значыць, усе пакуты пайшлі намарна, ёсць такія справы, пад якімі струменіцца кроў, але якія нікуды не рухаюцца, хіба толькі ўсплываюць, як камяні вясною на разараным полі.
Гэта вельмі песімістычнае палатно, павесіць на сцяну ў сваім пакоі яго можа толькі чалавек у глыбокай дэпрэсіі, або рэаліст, што ідзе да вялікай мэты, павесіць, каб праца нагадвала яму пра кожны момант, пра пульсацыю імгнення, у якое трэба скінуць са сваёй свядомасці размытасць і выйсці, пакуль не позна, на адну з дарогаў.
|
|