Хай пашчасціць
Сястры Ніне Янсанэ
Можа век з цішынёй і ўжывецца –
дзень за днём,
дзень за днём ,
дзень за днём…
Тое, што пасля нас застанецца, –
за нашчадкаў цяпер памянём.
Пасядзім у бяседзе зычлівай,
паглядзім на сябе, на другіх.
Што нам выпала з долі шчаслівай,
што мы выбралі:
вечнасць ці міг?
І калі мы падступім да краю,
дзе ацэняцца нашы шляхі, –
хай пашчасціць ісці не да раю –
пад крыло той духоўнай страхі,
дзе прыйшоў за сястрою ў нядзельны
родны край, летапісную золь…
Шчыра дзякую, век мой надзейны,
за хлеб-соль,
за хлеб-соль,
за хлеб-соль
Гэтыя радкі вядомы беларускі паэт Сяргей Панізнік прысвяціў сваёй сястры Ніне Янсанэ, якая ўжо больш паўстагоддзя жыве ў Латвіі, на ўзбярэжжы Балтыкі, у Юрмале. Калі сам Сяргей Панізнік у беларускім асяродку Латвіі асоба знакавая, ён кавалер ордэна Трох зорак Латвійскай Рэспублікі, то, магчыма, не ўсе, нават добрыя знаёмыя спадарыні Ніны, ведаюць пра той унёсак, які гэта сціплая жанчына ўнесла ў скарбонку латышска-беларускіх культурных узаемадачыненняў. І сёння, карыстаючыся нагодай – 21 лістапада бягучага года Ніна Янсанэ адзначае свой 75-гадовы юбілей, хацелася б нагадаць яе жыццёвы шлях:
Нарадзілася Ніна Янсанэ, (у дзявоцтве – Панізнік) у вёсцы Бабышкі Браслаўскага павету Віленскага ваяводства (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’ і , якая параднілася з латышамі яшчэ з дарэвалюцыйных петраградскіх часоў. Вучылася ў вёсцы Латышы. Пасля заканчэння Лянвопальскай сямігодкі ў 1951 годзе выехала да родзічаў у Рыгу. Там паступіла на вучобу ў тэхнікум малочна-мясной прамысловасці. Да выхаду на пенсію працавала на адным з рыжскіх заводаў. З 1998 года – грамадзянка Латвіі. Жыве ў Юрмале. Там жа, на яундубултскіх могілках, пахаваныя яе бацькі.
За паўвека жыцця ў Латвіі Ніна Янсанэ ўвабрала ў сябе дух латышскай культуры, дасканала авалодала глыбіннымі пластамі мовы, што дазволіла ёй падступіцца да складаных тэкстаў у час падрыхтоўкі ў Мінску выбраных твораў Яніса Райніса для серыі «Скарбы сусветнай літаратуры»(1993). У томе класіка латышскага пісьменства, падрыхтаванага Мірзай Абалай, Н. Янсанэ выступае не толькі як аўтар падрадковых перакладаў, але і яе перакладчыца паасобных твораў райнісаўскай публіцыстыкі.
З іншых здабыткаў Н. Янсанэ варта адзначыць яе пераклады латышскіх народных казак, прозы Саўлцэрытэ Віесэ, Аі Лацэ і інш, а таксама ўспамінаў Яніса Ніедрэ, навуковага даследвання Петрыса Зайлэ на тэму латышска-беларускіх узаемадачыненняў. Чакае публікацыі перакладзены Нінай Янсанэ нарыс Матыльды Езавітавай «Кароткі агляд старажытнай беларускай культуры і літаратуры», надрукаваны ў часопісе «Domas» (1929) і іншыя яе пераклады, якія могуць уяўляць цікавасць для сучасных даследчыкаў.
Ніна Янсанэ з’яўлялася дарадчыцай Мірдзы Абала ў яе рабоце над падрыхтоўкай латышска-беларускага і беларуска-латышскага слоўніка.
Больш падрабязна пра беларускую перакладчыцу Ніну Янсанэ можна даведацца, калі перагарнуць старонкі энцыклапедычнага даведніка «Хто ёсьць Хто сярод беларусаў свету». Артыкул, прысвечаны Ніне Янсанэ, ёсьць і ў зборніку Сяргея Панізніка «Крывіцкія Руны».
На старонках нашага сайту ЛТБК «Сьвітанак» у бліжэйшай будучыні таксама збіраецца абагулііць творчую спадчыну нашай зямлячкі беларускай перакладчыцы Ніны Янсанэ, каб зрабіць яе здабыткам усіх беларусаў.
У гэтыя ж восеньскія дні “сьвітанкаўцы” шчыра віншуюць Вас, спадарыня Ніна, з 75-гадовым юбілеем. Прыміце нашу вялікую павагу і самыя шчырыя пажаданні! Мы заўсёды ганарыліся сяброўству з Вамі і будзем рады кожнай новай сустрэчы.
Расповед пра Вас мы пачалі з верша Вашага брата Сяргея Панізніка «Хай пашчасціць». Далучаемся да гэтага пажадання – хай шчасціць Вам доўгія-доўгія гады і, хочам Вас запэўніць Вашымі ж радкамі, крыху пераіначыўшы іх – Вы не згубіліся ні пад нябесным сузор’ем, ні ў сузор’і беларускіх дзеячоў Латвіі!
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”
Ніна Янсанэ
Зорная пошта
Уначы я гляжу на сузор’е Мядзведзіцы, –
Каб зорнаму небу расказаць пра тое, як жывецца нам тут,
Перадаць яму свой боль і свой сум,
І нашы маленькія радасці,
Якія падараваў прамінулы дзень.
Браце! Калі хочаш уведаць пра нас,
Навіны пазнаць, успомніць мора,
Юрмалу і сваіх сяброў, –
Глядзі ў гэты час на зоры!
І яны табе перакажуць,
Чаму нашы маркотныя сэрцы
Сумуюць і чакаюць сустрэчы.
Але зямныя спатканні адкладваюцца.
Радасць цяпер у тым,
Што з тэлефона пачую родныя галасы
І ў думках пабуду з усімі вамі,–
Нібыта пасяджу за адным сталом,
Таму самая надзейная – зорная пошта.
Глядзі на неба, браце!
І мы не згубімся пад нашым сузор’eм.
чэрвень-ліпень 2006 г. Юрмала