Гэты калектыў неаднарозова ўдзельнічаў у разнастайных айчынных і міжнародных фэстах і конкурсах.
Ва Усебеларускім конкурсе на лепшую песню да 500-годдзя Будслаўскай святыні перамог твор у яго выкананні.
Песню “Будслаўская Божая Маці” напісалі мясцовы паэт Віталь Гарановіч і ўдзельніца хору Ганна Шакола.
Ініцыятарам і натхняльнікам хора быў ксёндз Пётр Врубель, які з’яўляўся ў той час, а гэта было ў 2000 годзе, пробашчам Глыбоцкай парафіі.
Зараз хор складаецца з васямнаццаці ўдзельнікаў – людзей рознага ўзросту і прафесій, якіх аб’ядноўвае любоў да Бога, музыкі і спеваў.
Узначальвае хор Ніна Казлоўская.
У яго рэпертуар уваходзяць творы класічнай духоўнай музыкі, а таксама рэлігійныя песні замежных і айчынных аўтараў, якія выконваюцца на польскай, беларускай і лацінскай мовах.
Парафіяльны хор “Ave Maria” – пастаянны ўдзельнік нядзельных і святочных набажэнстваў у касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім, а таксама фэстаў і ўрачыстасцяў у іншых парафіях Беларусі і замежжа.
Па словах Ніны Казлоўскай, шмат за гэты час напісана песень і музыкі. Але ёсць яшчэ да чаго імкнуцца – існуе запатрабаванасць у запісу дыскаў, аб гэтым просяць шматлікія слухачы, пакуль ён у іх адзін.
Таццяна Смоткіна, тэкст
Марына Сінкевіч, фота