Пад рэдакцыяй праграмнай рады тыднёвіка «Ніва» выйшла кніга гарадзенскага пісьменніка і сталага аўтара Беластоцкай газеты «Ніва» Віктара Сазонава «Генетычны алфавіт», паведамляе «Радыё Рацыя».
Вось што піша пра кнігу рэдактар «Нівы» Яўген Вапа:
Мой жыццёвы і рэдакцыйны сябра проста ўразіў мне маштабам і якасцю сваёй аповесці. Кожны чытач, які цікавіцца творчасцю гэтага аўтара, ужо ведае, што, як мала хто, умее ён апісаць беларускую ментальнасць з яе пераменамі ў вясковай і гарадской прасторы. Друкаваны на старонках «Нівы» і яе кніжных выданнях аўтар набыў не толькі агульнабеларускую зацікаўленасць, але і перакладаўся на польскую, венгерскую і ўкраінскую мовы. Думаю, што праз нейкі час ягоная творчасць будзе адкрытая і для тэатральных пастановак у самой Беларусі і па-за яе межамі. А мастацкае кіно на аснове прозы Віктара Сазонава прыцягне да экранаў і ўзрушыць кожнага гледача ў любой краіне. У Віктара проста неверагодная, сітуацыйная вобразнасць, якая ўмомант трансфармуецца перад вачыма ў другія мастацкія жанры. Універсалізм чалавечай сціпласці і хітрасці, годнасці і камізму спалучае людзей у зразумелай ім штодзённасці.
Для знаёмых аўтара не ёсць вялікай таямніцай факт, што аўтар яшчэ нядаўна ў вольных хвілінах любіў час ад часу класці і... фарбы на палатно. Мастацкасць і вобразнасць празаічнага і паэтычнага слова пісьменніка вызначаюць яго літаратурную адметнасць на фоне прыгожага беларускага слова.
<...> Раман «Генетычны алфавіт» гэта ахвяраванне ўсім беларусам, у якіх не пагасла мара аб свабодзе — той асабістай, але і нацыянальна-дзяржаўнай.
<...> «Генетычны алфавіт» — гэта незвычайныя лёсы звычайных беларусаў, якіх гісторыя распачынаецца на фоне халоднай вайны паміж Савецкім Саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Звычайная беларуская вёска, якая дваццаць пяць гадоў ад вайны памаленьку зажывае раны і дазваляе людзям цешыцца мірным жыццём і ейнымі правамі, хаця пад камунізмам, але ўжо без штодзённага голаду. І з дзецьмі, для якіх шчасце бачыць толькі ў горадзе. Тут аднак выпадкова прыйдзецца патрапіць у эпіцэнтр палітычных інтрыг і змагання амерыканскай і савецкай разведак. Закладзеная інтрыга, якая здзяйсняецца на працягу дваццаці пяці гадоў, у поўнай красе паказвае беларускі менталітэт з яго традыцыяй, страхамі, легендамі і надзеямі.
Створаны аўтарам свет літаратурных уяўленняў і персанажаў дае яму права звацца адным з большых майстроў празаічнага запісу. Такога не было яшчэ ў беларускай літаратуры. Трэба толькі спадзявацца, што праз нейкі час будзем чытаць і радавацца далейшымі падзеямі ў чарговай частцы рамана.
Выданне кніжкі таксама мае сваю інтрыгу. Яе фрагменты друкаваліся ў «Ніве». Кніжка была гатовая да друку ў пачатку 2018 года. Аднак з-за нястачы фінансавых сродкаў тры гады набіралася моцы, каб урэшце парадаваць чытача. У міжчасе адбыліся падзеі, якія ўскалыхнулі беларускі народ і вывелі яго на вуліцы гарадоў, мястэчак, вёсак. Многія ў Беларусі і свеце ламаюць галовы, што такое здарылася з народам, які паказаў сваю мужнасць, чалавечнасць, нацыянальную адказнасць. І таму, відаць, воляй Божай выхад кніжкі маецца ў верасні 2021 года, каб адказаць на такія і падобныя пытанні.
«Генетычны алфавіт» Віктара Сазонава — проста ўніверсальная літаратура з нябеснай паліцы пра народ, з якога аўтар выйшаў і якому ахвяраваўся жыць усім сабою.
Кніга, якая мае амаль 750 старонак, аздоблена мастацкімі фотаздымкамі Паўла Грэся.
Тыя, хто не мае магчымасці набыць кнігу, змогуць паслухаць неўзабаве старонкі рамана ў эфіры «Радыё Рацыя» ў выкананні аўтара.