Дасціпная гісторыя пра тое, як кнігі і старэнькі мікрааўтобус могуць змяніць жыццё чалавека да лепшага.

2 гады таму Мелані Мур зірнула ў акно і пабачыла “Фольксваген Транспарцёр” 1962 года. Не тое каб гэта была навінка, аўтобус адпачываў у двары ўжо даўно, проста гэтым разам дзяўчына паглядзела на яго іншымі вачыма.
Мелані, 25-гадовая настаўніца, даўно марыла прадаваць кнігі і нават збіралася падпісаць кантракт з адной кніжнай крамай, калі раптоўна ёй у рукі трапіла кніга Крыстафера Морлі “Парнас на колах” пра кніжнага гандляра, які развозіў тавар у павозцы. Таму, паглядзеўшы ў акно, Мелані вырашыла, што яна таксама можа прадаваць кнігі, толькі аўтобусам, больш за тое, яна можа паехаць куды захоча. Ад ідэі да яе ўвасаблення прайшоў год.
І цяпер, калі глянуць на аўтобус з кнігамі, то можна пабачыць тое ж, пра што ідзе гаворка і ў рамане “Парнас на колах”: Мелані прыпаркоўвае аўтобус, расшпільвае брызент, а пад ім — стосы і стосы кніг.
І хаця аўтобус цалкам незалежны і мабільны, Мур шукае партнёраў сярод уладальнікаў кавярняў, дамаўляецца з рынкамі ў Цынцынаці, каб запаркаваць там аўтобус і прадаваць кнігі дзень альбо два. Узімку альбо ў спёку яе запрашаюць кавярні, каб прадаваць кнігі ўнутры. У добрае надвор’е Мур сябруе з лакальным бізнесам і выстаўляе кнігі на адкрытым паветры, запрашае наведнікаў бавіць час гуляючы вакол і разглядаючы яе тавар.

І для бізнесу, і для дзяўчыны такія стасункі выгадныя. Яе аўтобус злучае праз сябе мясцовых прадпрымальнікаў, выбудоўвае сацыяльныя сувязі не горш за сацыяльныя сеткі. Больш за тое, у аўтобуса ўжо хапае сваіх прыхільнікаў, якія чакаюць яго і прыводзяць сваіх знаёмых. А праз гэта пачынаюць, часам упершыню, карыстацца паслугамі той ці іншай кавярні. А для кавярняў прыняць Мелані і яе аўтобус — своеасаблівы сацыяльны бізнес. Шмат хто з супрацоўнікаў кавярні рэгулярна набывае кнігі ў дзяўчыны.
Вядома, аўтобус не новы і часам стварае праблемы. У яго невысокая хуткасць, ён цяжкі ў кіраванні і патрабуе нават проста фізічных высілкаў. Тым не менш Мелані праязджае вялікія адлегласці, каб прывезці найлепшыя кнігі для сваіх пакупнікоў.
А яшчэ Мелані падабаецца пачуццё супольнасці, якое дае крама на колах. Яе муж часта вандруе па справах, і ёй падабаецца суправаджаць яго, наведваць кніжныя крамы і выбіраць кнігі для сваіх пакупнікоў з самых розных раёнаў Амерыкі. У яе нават есць паліца з кнігамі, якія не набудзеш у ЗША, бо Мелані прывозіць іх з іншых краін.
Яе гонар — цікавыя кнігі, але яны не заўжды бэстсэлеры паводле New York Times. Каб выбіраць кнігі і прапаноўваць іх чытачам, яна вымушаная чытаць амаль кожную кнігу, што стаіць на паліцы. Таму яна заўжды можа пазнаёміць пакупнікоў са сваімі любімымі. Таксама яна набывае кнігі пад тыя ці іншыя мерапрыемствы, што ладзяць яе партнёры па бізнесе. Да прыкладу, калі была канферэнцыя па хатнім навучанні дзяцей, яна прывезла шмат дзіцячай і адукацыйнай літаратуры. А калі яна наведвала парад класічных машын, то прывезла кнігі пра машыны і вандроўкі.
Мур стварае вакол сябе супольнасць з прыхільнікаў літаратуры. Яна ўсведамляе, што не можа пазнаёміць чытачоў з многімі кнігамі, бо не заўжды яе аўтобус з ёю, таму яна піша ў Інстаграм і іншыя сацыяльныя сеткі пра кніжныя крамы, якія сустракае на сваім шляху.

І хаця Мелані больш не настаўніца, яе жыццё па-ранейшаму звязанае са школай. У час сваіх паездак яна набывае кнігі для школьных бібліятэк і вучняў у раёнах штата, дзе цэны ніжэйшыя, і такім чынам дапамагае навучальнаму працэсу і знаёмству дзяцей з літаратурай. Для яе найбольшае задавальненне — бачыць дзіця, якое трымае ў руках кнігу. Яна шчаслівы чалавек, бо змагла спалучыць для сябе важныя рэчы — навучанне і продаж кніг.
Паводле roadtrippers.com
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!